Знайсці
08.05.2023 / 22:16РусŁacБел

Рамантычная камедыя, музычны баёпік і гістарычная драма — тры самыя папулярныя фільмы на Netflix

Гэтыя стужкі ўзначалілі рэйтынг стрымінгавага сэрвісу ў апошні тыдзень красавіка.

Трэцяе месца — «Апошняе каралеўства: сем каралёў павінны памерці»

Гістарычная драма, спін-оф серыяла «Апошняе каралеўства», у аснове якога — цыкл раманаў Бернарда Корнуэла «Саксонскія гісторыі». Прэм'ера фільма адбылася 14 красавіка.

На працягу пяці сезонаў гістарычнага серыяла «Апошняе каралеўства» гледачы сачылі за лёсам галоўнага героя Утрэда Бебанбургскага, які з маленства добра зведаў дзве зусім розныя культуры — скандынаваў і англічан — і спрабаваў аб'яднаць гэтых людзей. Па ходзе сюжэта брытанскія землі ў рэшце рэшт ператварыліся ў арэну барацьбы за ўладу паміж захопнікамі і спадчыннікамі, якія таксама праследуюць розныя мэты.

У фільме, які стаў працягам эпічнага серыяла, Утрэда і яго паплечнікаў чакае падарожжа па разрозненым каралеўстве. Іх мэта — стварыць адзіную Англію, увасобіць мару нябожчыка караля Эдварда пра ўз'яднанне зямель, а таксама пацвердзіць прароцтва, якое абвяшчае, што «сем каралёў павінны памерці, каб уся Брытанія аб'ядналася».

На сайце рэцэнзій Rotten Tomatoes фільм мае станоўчы рэйтынг 87% на аснове 15 аглядаў крытыкаў з сярэдняй ацэнкай 7,1/10.

Другое месца — «Уітні Х’юстан: я хачу патанчыць з кімсьці»

Музычны баёпік з’явіўся на Netflix 22 красавіка, але ў кінатэатрах быў выпушчаны яшчэ летась у снежні. Стужка атрымала неадназначныя водгукі крытыкаў, якія высока ацанілі ігру Наомі Акі (Уітні Х’юстан) і Стэнлі Тучы (Клайв Дэвіс — прадзюсар і сябар спявачкі), а таксама музычныя фрагменты, але раскрытыкавалі сцэнарый.

На сайце рэцэнзій Rotten Tomatoes 44% са 131 рэцэнзіі крытыкаў маюць станоўчы характар з сярэдняй ацэнкай 5,3/10. Кансэнсус вэб-сайта абвяшчае: «Яшчэ адзін баёпік для нашчадкаў, адносна глядзельны фільм «Я хачу патанчыць з кімсьці» пакідае ў вас адчуванне, быццам вы былі на сцэне з Уітні Х'юстан, але так і не змаглі з ёй патанчыць».

Амерыканцы назвалі найлепшую песню пра каханне — відэа

Першае месца — «Турыстычны даведнік па каханні»

Чарговая камедыя пра падарожжа ў экзатычную краіну (прывітанне, «Закінуты горад» з Сандрай Булак, «Квіток у вырай» з Джорджам Клуні і Джуліяй Робертc, «Маё пірацкае вяселле» з Джэніфер Лопез і іншыя стужкі) выйшла 21 красавіка. Праўда, у новым фільме акцэнт больш не на прыгодах, а на рамантыцы — праз што стужка, хутчэй, набліжаецца да шырока вядомай «Еш. Маліся. Любі». На сайце Rotten Tomatoes 69% з 16 водгукаў крытыкаў станоўчыя, з сярэдняй ацэнкай 5,6/10. 

Напісаная амерыканкай в'етнамскага паходжання Эйрэн Донах’ю і натхнёная яе падарожжамі, накіраванымі на вывучэнне сваіх каранёў, гісторыя распавядае пра менеджарку па падарожжах, якая мае праблемы ў асабістым жыцці і, каб нешта змяніць, выпраўляецца ў В'етнам. Сярод прыгодаў галоўную гераіню Аманду чакае і сустрэча з прыгожым гідам, з якім яна нават адважыцца скрасці турыстычны аўтобус.

У фільме зняліся вядомыя амерыканскія і в’етнамскія акцёры.

Па словах Рэйчэл Лі Кук, выканаўцы ролі галоўнай гераіні і прадзюсаркі фільма, стужка — гэта «шчырае і з гумарам прызнанне ў любові да В'етнама ва ўсёй яго красе».

Што яшчэ паглядзець:

Серыял «Місіс Дэвіс»: гэты сюжэт вас дакладна здзівіць

Пра што серыял BEEF («Грызня»), які ўсе называюць крутым? 

Топ серыялаў ад журналістаў «Нашай Нівы». Некаторыя з іх дакладна стануць адкрыццём для вас 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера