Знайсці
11.05.2023 / 20:406РусŁacБел

Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі: вынікі новага апытання

«Я папрасіла кавы і мне прынеслі «Каву» — іспанскае ігрыстае віно».

Фота з сацыяльных сетак

Аўтарка кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная апытала 482 чалавек ва ўзросце ад 15 да 72 гадоў, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. У фокусе апытання была даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове.

Акрамя статыстыкі даследаванне ўтрымлівае кароткія аповеды ўдзельнікаў пра розныя праблемы і жыццёвыя сітуацыі, звязаныя з выкарыстаннем беларускай мовы, а таксама інфармацыю аб сітуацыі з беларускай мовай у розных сферах.

Знаёмім з асноўнымі вынікамі. 

Толькі кожны пяты з апытаных адзначыў, што не сутыкаецца з перашкодамі пры карыстанні беларускай мовай. Пры гэтым, калі разглядаць розныя жыццёвыя сітуацыі, то найбольш часта (фактычна тры з пяці апытаных, ці 58,9%) людзі сутыкаліся з асаблівым стаўленнем да сябе (як пазітыўным, так і негатыўным) з-за размовы па-беларуску ў адносінах з незнаёмцамі.

Амаль кожны другі (48,8%) адчуў такое стаўленне ў сферы паслуг, кожны трэці — з боку дзяржавы (36,9%) ці ў сферы адукацыі (35,5%), кожны чацвёрты — з боку сям'і (26,1%), у сферы аховы здароўя (26,3%) і на працы (27,4%). 

«Ой, нават, калі хто-небудзь кампліментарна каментуе тваю мову, адчуваеш сябе, нібы афрыканец, чарнатой скуры якога захапляюцца: «Ох, такая чорная!» — прыводзіцца каментар аднаго з апытаных.

Адукацыя

У даследаванні прыводзяць звесткі пра адукацыю і выхаванне рэспандэнтаў. Так, у дзіцячым садку на беларускай мове выхоўвалася 7,5 %. Пры гэтым толькі 6,8% адзначылі, што бацькі мелі права абраць беларускую мову выхавання ў садку.

А вось са школьнай адукацыяй сітуацыя выглядала трохі лепш. Доля тых, хто навучаўся на беларускай мове, вырасла ў два разы (14,9%) у параўнанні з дзіцячым садком.

Што да вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то толькі 7,1% апытаных адзначылі, што навучаліся па-беларуску.

Аднак у дадатак да гэтай колькасці амаль кожны дзясяты (9,9%) меў магчымасць слухаць лекцыі на дзвюх мовах. Амаль кожны дзясяты з апытаных адказаў, што меў магчымасць абраць беларускую мовай навучання ў ВНУ ці ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 

«Найбольш рэзка адчуваеш моўную дыскрымінацыю, калі пачынаеш выхоўваць дзіця. Па-першае, гэта вельмі дорага — кнігі, метадычны матэрыял. Вы не можаце проста пайсці ў краму і набыць, напрыклад, карткі са словамі ці нешта такое, як гэта робяць рускамоўныя маці. Па-другое, беларускамоўныя дзіцячыя садкі — гэта хутчэй прафанацыя і падман. Напрыклад, садок пазіцыянуецца беларускамоўным, але фактычна там толькі раз на тыдзень нешта па-беларуску адбываецца», — прыводзіцца каментар апытанай Валерыі.

Звяртаецца ўвага на змены, якія адбыліся ў краіне за апошнія тры дзесяцігоддзі ў справе адукацыі. Адпаведна афіцыйнай статыстыцы, у 1987/1988 навучальным годзе ў дашкольнай дзіцячай установе на беларускай мове выхоўваўся амаль кожны пяты (19,35%). У 2005/2006 і 2010/2011 гадах — кожны восьмы (адпаведна 12,7% і 12,8%). У наступныя гады лічба паступова зніжалася і ў 2020/2021 гадах на беларускай мове выхаваннем было ахоплена толькі 9% дзяцей, якія наведвалі дашкольныя дзіцячыя ўстановы.

Найбольшая доля людзей (32,9%), што навучаліся ў школах па-беларуску, прыпадае на 1996/1997 навучальны год. Лічбы 1994/1995 і 2000/2002 гадоў амаль аднолькавыя. У гэтыя гады навучаліся па-беларуску адпаведна 29,4 і 29%. А вось далей адбываўся паступовы спад.

За 20 гадоў (з 2000/2001 па 2020/2021 навучальныя гады) паказчык знізіўся на 19 працэнтаў і склаў у 2020/2021 годзе 10,2%.

Найгорш становішча выглядае з ВНУ і ўстановамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У іх у 2005/2006 навучальным годзе на беларускай мове атрымлівалі адукацыю толькі 1,9% навучэнцаў (студэнтаў). У 2020/2020 годзе гэты паказчык склаў 0,09%.

Каментар апытанай Кацярыны: «У нас на гістфаку усе прадметы, якія выходзілі за рамкі гісторыі, выкладаліся па-руску. Нашае аддзяленне фармальна павінна было быць беларускамоўным, але фактычна такім не было». 

Інфармацыя і беларуская мова

Найлепш выглядае сітуацыя з інфармацыяй на беларускай мове ў грамадскім транспарце. Два чалавекі з трох (63,9%) адзначылі, што ў большасці выпадкаў могуць атрымаць па-беларуску інфармацыю пра расклад руху, а таксама пра прыпынкі, тарыфы (апавяшчэнні, аб’явы кіроўцаў, інфармацыйныя шыльды).

Сярод апытаных больш за палову (52,1%) адзначылі, што могуць атрымліваць усе навіны, якія іх зацікавяць, па-беларуску. А вось у інтэрнэце на беларускай мове можа знайсці неабходную інфармацыю толькі кожны сёмы (15,1%).

Каментар апытанай Марыі: «Дыскрымінацыя ёсць на сайтах, калі запаўняеш форму, напрыклад для замовы. Бывае, што ў сайта няма беларускамоўнай версіі, але запоўніць заяўку я магу па-беларуску. Але бывае, што проста немагчыма запоўніць па-беларуску — сайт не прапускае беларускую мову, выдае памылку».

Кожны трэці рэспандэнт (34,4%) адзначыў, што ў большасці выпадкаў патрэбная яму інфармацыя на шыльдах і ўказальніках з назвамі вуліц, дарожных знаках, інфармацыйных стэндах даступная на беларускай мове. Кожны сёмы (14,1%) адзначыў магчымасць атрымліваць прававую інфармацыю па-беларуску.

«У СССР было больш беларускай мовы, — прыводзіцца каментар апытанага Аляксандра. — Дыскрымінацыя паўсюль, пачынаючы з крамы. Схадзіце па бульбу ў краму: вы там «бульбу» знойдзеце ці «картофель»? Раз дзве мовы — усё павінна быць на дзвюх мовах. Проста ў нас пра гэта мала хто задумваецца».

А вось важныя апавяшчэнні ад дзяржавы праз смс/радыё/ тэлебачанне/газеты на беларускай мове (пра небяспечнае надвор’е і іншае) атрымлівае толькі кожны дваццаты (4,8%).

Амаль столькі ж рэспандэнтаў (4,4%) станоўча адказалі на пытанне аб магчымасці атрымліваць інфармацыю пра тавар на беларускай мове ў крамах і аптэках.

Такая ж доля апытаных (4,4%) запэўніла, што на беларускую мову перакладаецца ўвесь патрэбны ім кантэнт (кнігі, фільмы, артыкулы на цікавыя ім тэмы) і яны могуць у кавярнях і рэстаранах у большасці выпадкаў атрымаць меню па-беларуску.

 

Абслугоўванне ва ўстановах

Сітуацыя з абслугоўваннем на беларускай мове выглядае дрэннай. Толькі 2,1% апытаных адзначылі, што ім хапае беларускай мовы ў абслугоўванні, а таксама ў дзяржаўных і прыватных установах.

Калі разглядаць больш канкрэтна, то па-беларуску ў цырульнях маюць магчымасць быць абслужанымі 2,3% рэспандэнтаў. Толькі 1,9% адзначылі, што іх у большасці выпадкаў у кавярнях і рэстаранах абслугоўваюць па-беларуску. У крамах гэты паказчык раўняецца 1,5%, у банках — 1,2%.

«Мы шпацыравалі ўздоўж вадасховішча Дразды і зайшлі выпіць кавы. Я папрасіла кавы і мне прынеслі «Каву» — іспанскае ігрыстае віно», — згадвае апытаная Таццяна.

Фактычна цалкам рускамоўныя ў Беларусі дзяржаўныя ўстановы і медыцына. Так камунікацыя ў выканкамах, міліцыі, падатковай, пошце на беларускай мове адбываецца ў 0,8% апытаных. Толькі 0,6% з іх адказалі, што камунікацыя ў бальніцах і медычных установах у большасці выпадкаў адбываецца па-беларуску.

Каментар апытанай Ірыны: «Я была адзіная цяжарная ў нашай кансультацыі, у каго была картка на беларускай мове».

Пры гэтым кожны шосты (16,6%) адзначыў, што мае магчымасць аформіць большасць патрэбных яму дакументаў на беларускай мове (страхоўкі, дамовы, даверанасці і іншае). У той час, як атрымаць бланкі, аформленыя па-беларуску, могуць толькі 4,1% апытаных.

Чытайце яшчэ:

Родная мова вызначае здольнасць успрымаць музыку

«Мова тады будзе ў бяспецы, калі на ёй пачнуць размаўляць бандыты і прастытуткі». У новай справаздачы МУС ёсць цікавая дэталь

Што было з беларускай мовай у Расійскай імперыі і пры нямецкай акупацыі? Выпускі пра гісторыю роднай мовы — у Ютубе

«Беларускую мову не трэба рабіць сэксі — яна ўжо такая». Парады ад тых, хто пачаў размаўляць па-беларуску 

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
38
Абуральна
18
2
Доктар/адказаць/
12.05.2023
Не еўрапейская краіна, а імперскі куток. Але насельніціва пад Масквой пачуваецца добра, вось толькі Луку на Ціхарыку замяніць - і надыйдзе дземократія, як Шрайбман з Кацам абяцалі! 
0
Янка/адказаць/
15.05.2023
Невялікі афтоп для рэдакцыі да конт беларусізацыі кампутараў і гаджэтаў

Магчыма маецца рацыя на конт сталага вынясення парадаў у бачнае месца сайту (або ў спецыяльную рубрыку) на конт зручнага прасоўвання беларускай мовы на кампутары і гаджэты.

Напрыклад, як дадаць магчымасць друкаваць на кірылічнай беларускай мове на кампутары пад Windows з расейскай клавіатурай стандартнымі сродкамі, але такім чынам, каб яна не перашкаджала ў выпадку, калі карыстальнік кампутару таксама ўжывае раскладкі RU-EN. Нажаль, няшматлікія адпаведныя аплікацыі незалежных распрацоўшчыкаў незаўсёды надзейныя/зручныя.

Праблема:
Механічнае даданне раскладкі BY да ўжо існуючых RU і BY мае вялікую нязручнасць - калі вы друкуеце дакументы без беларускай мовы, але вымушаныя часта пераключаць раскладку (напрыклад праз правы CTRL + SHIFT) для друкавання сымбаляў пунктуацыі або лацініцы - раскладка BY у якасці трэцяй пад час цыклічнага пераключэння ператвараецца ў раздражняючы баласт. Пры гэтым для сучаснага беларускага кірылічнага лемантара унікальнымі ад расейскага з'яўля'юцца толькі літары Ў, I і сымбаль ' (апостраф). Літара Ґ была выключаная з наркомаўкі, таму зараз практычна не ужываецца нават прадстаўнікамі старой эміграцыі, якія не прызналі прарасейскую бальшавіцкую моўную рэформу 1933 і дагэтуль ужываюць трохі спрошчаную тарашкевіцу.

Прапанова:
Вы пакідаеце на кампутары толькі мовы ўводу RU і EN з цыклічным пераключэннем праз правы CTRL + SHIFT. Але дадаеце менавіта для мовы ўводу RU дадатковую беларускую клавіатуру з пераключэннем між клавіатурамі RU-BY праз левы ALT+SHIFT. Пры гэтым усталюеце для расейскай і беларускай клаіатур свае іконкі, напрыклад стандартныя іконкі з сіняй і чырвонай клавіатурамі (каб не "паліцца" са сцягамі). Такім чынам у трэе будуць словы RU-EN для адлюстравання бягучай мовы ўводу і у выпадку бягучай мовы ўводу EN - абраная іконка расейскай або беларускай клавіатуры. Тады правы CTRL + SHIFT будзе пераключаць мовы уводу RU-EN або BY-EN у залежнасці ад таго, якую клавіатуру вы уключылі праз левы ALT+SHIFT. Літара Ў уводзіцца цісненнем на пімпачку Щ, літара І - цісненнем пімпачцы И, а сымбаль ' (апостраф) - цісненнем пімпачцы "]".

Усім прыемнай беларусізацыі і чакаем парадаў, ці можно зрабіць нешта!
0
жэўжык/адказаць/
07.06.2023
Янка, у сістэме Linux праблема вырашаецца ўсталяваннем інтэрнацыянальнай беларускай раскладкі клавіятуры. Калі вам патрэбны расейскія літары "и", "щ" або "ъ", то вы націскаеце ALTGR+"і", ALTGR+"ў" або ALTGR+"’". Дарэчы, падтрымка беларускай лацінкі працуе тым жа чынам: націскаеце ALTGR+"u" і атрымліваецца "ŭ". Тое ж самае і з іншымі літарамі "ź", "ž", "ś", "š", "ć", "č", "ń", "ł".
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера