Знайсці
12.05.2023 / 18:182РусŁacБел

Навукоўцы ўбачылі ўсплёскі мазгавой актыўнасці ў паміраючым мозгу

Што адбываецца з мозгам у момант смерці? Даследчыкі доўга сумняваліся, ці сапраўды свядомасць працягваецца падчас працэсу памірання. Новае даследаванне мела на мэце растлумачыць «перадсмяротны досвед» чалавека.

Ілюстрацыя: vecteezy

Сведчанні пра так званыя перадсмяротныя перажыванні (ці перадсмяротны досвед) распаўсюджаныя ва ўсім свеце. Ранейшыя эксперыменты паказалі, што паміраючыя лабараторныя жывёлы маюць усплёскі ​​мазгавой актыўнасці, а цяпер навукоўцы выявілі такія ж сігналы ў мозгу паміраючых пацыентаў у коме, пра што паведамляецца ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences. Новае — і самае дэталёвае — даследаванне мозга паміраючага чалавека можа праліць святло на таямніцу перадсмяротнага досведу.

Што ўжо вядома пра спыненне сэрца

Пасля спынення сэрца людзі звычайна губляюць свядомасць. Аднак даследчыкі доўгі час сумняваліся, ці можа свядомасць падчас працэсу памірання працягвацца нейкім схаваным чынам. Згодна з папярэднімі даследаваннямі, ад 10 да 20 адсоткаў выжыўшых пасля спынення сэрца паведамляюць пра перадсмяротныя перажыванні, якія часта ўключаюць пачуццё пакідання цела, любові і святла, а таксама наяўнасці «духоўных істот».

Эксперыменты на лабараторных жывёлах, якія перажываюць спыненне сэрца, паказваюць, што яны могуць адчуваць усплёск так званай «гама-актыўнасці». Мазгавыя гама-хвалі ўяўляюць сабой рытмічную актыўнасць клетак мозга і звязаныя са скаардынаванай функцыяй мозга ў людзей, якія не спяць.

«Слова «скаардынаваная» тут важнае, бо выпадковая актыўнасць была б хутчэй прыкметай паміраючага дысфункцыянальнага мозга, чым мозга, які здольны вырабляць багаты вопыт перадсмяротных перажыванняў», — тлумачыць Пітэр Фэнвік, неўролаг і нейрапсіхіятр з лонданскага King's College Hospital and the Institute of Psychiatry ў каментары для Inverse.

Што зрабілі даследчыкі

У новым даследаванні даследчыкі выкарыстоўвалі электраэнцэфалаграму (ЭЭГ) для аналізу электрычнай актыўнасці ў галаўным мозгу чатырох паміраючых пацыентаў у коме да і пасля таго, як лекары адключылі апараты жыццезабеспячэння з адабрэння сем'яў пацыентаў.

Нягледзячы на ​​тое, што навукоўцы і раней аналізавалі актыўнасць паміраючага чалавечага мозга, гэтая новая праца першая ў многіх адносінах, паведамляюць аўтары. Ні ў адным з папярэдніх даследаванняў не назіраліся і не аналізаваліся пасекундныя сігналы мозга і сэрца на працягу ўсяго працэсу памірання, а таксама не даследаваліся так глыбока мазгавыя сігналы і іх схемы ў прасторы і часе. Да таго ж пры папярэдніх даследаваннях не было, напрыклад, поўнага пакрыцця скуры галавы электродамі або дэталёвага камп’ютарнага частотнага аналізу.

Што паказала даследаванне

Двое з чатырох пацыентаў перажылі хуткі, масіўны ўсплёск гама-актыўнасці ў мозгу падчас смерці. Гэты ўсплёск адбыўся непасрэдна ў скронева-цемянна-патылічных злучэннях, якія звязаныя са зрокам і слыхам — і ёсць даныя, якія сведчаць аб тым, што гэтыя злучэнні таксама звязаныя з «пазацялеснымі перажываннямі».

Гама-рытмы таксама назіраліся паміж скронева-цемянна-патылічнымі зонамі і контралатэральнымі прэфрантальнымі вобласцямі. Гэта можа сведчыць аб тым, што ўсё перажытае пацыентамі магло быць закадавана ў выглядзе ўспамінаў. Калі б яны выжылі, гэта азначала б, што яны патэнцыйна маглі б успомніць гэты вопыт, тлумачаць даследчыкі.

Хоць гэтыя вынікі і дапускаюць, што чалавечы мозг сапраўды можа быць актыўным падчас спынення сэрца (дакладней, мазгавая актыўнасць можа працягвацца, прынамсі, яшчэ некалькі хвілін), тым не менш гэтая новая праца мае шэраг агаворак. Гэтыя высновы трэба вельмі акуратна інтэрпрэтаваць, бо няма ніякіх доказаў таго, што гэтую мазгавую актыўнасць можна суаднесці са свядомымі перажываннямі (або што гэтыя высновы можна параўнаць з даследаваннямі калясмяротнага досведу ў пацыентаў, што перажылі клінічную смерць). 

Плюс ва ўсіх чатырох пацыентаў былі пашкоджанні мозга падчас папярэдніх інцыдэнтаў са спыненнем сэрца, што пэўным чынам магло пашкодзіць іх мозг і зрабіць гэтую працу несапраўднай. Двое пацыентаў, у якіх назіраўся гама-ўсплёск, таксама мелі ў анамнезе курч, і таму цалкам імаверна, што гама-актыўнасць магла быць звязаная менавіта з курчам, а не з перадсмяротным досведам.

Гэта было невялікае даследаванне, папярэджваюць аўтары і разлічваюць на далейшыя даследаванні. Галоўным жа дасягненнем падобных даследаванняў, магчыма, мае стаць змяншэнне страху перад вывучэннем смерці з навуковага пункту гледжання.

Чытайце таксама:

Навукоўцы высветлілі, што галюцынацыі могуць быць нармальнай з’явай

Восем спосабаў палепшыць працу мозгу

Аляксандр Лукашэнка не прайшоў разам з Пуціным і іншымі гасцямі Крамля 300 метраў пешкі ў Аляксандраўскі сад

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
12.05.2023
Znou pra *usenarodna abranaga*.....Nadaela ! Ni pisyce bolei pra prezydenta....Zrabice perapynak.
0
Dendraryj/адказаць/
13.05.2023
mikola, І што да чаго?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера