Знайсці
16.05.2023 / 19:486РусŁacБел

Што можа быць пасля Лукашэнкі? Магчымыя кірункі

Хвароба Аляксандра Лукашэнкі і відавочная яго слабасць на парадзе ў Маскве і падчас учарашняга з'яўлення ў эфіры пасля перапынку спарадзілі мноства чутак і інтэрпрэтацый. Асноўнае пытанне, якое пры гэтым узнікла: «Як будзе развівацца сітуацыя ў выпадку яго смерці?». Піша Раман Бажэнаў.

Аляксандр Лукашэнка 15 мая 2023 года. Фота тэлеграм-канала Пул первого

І. Калі Лукашэнка застанецца жывы…

Усё ж базавы сцэнарый — што Лукашэнка выздаравее і хутка вернецца ў палітыку. Здароўе ў Лукашэнкі даўно не ах, ён і раней, пачынаючы з 2006 года, перыядычна выпадаў з публічнай прасторы або з'яўляўся ў кадры не ў самым здаровым выглядзе або з павязкай на руцэ. Проста гэтым разам знікненне аказалася найбольш рэзанансным.

Як гісторыя з хваробай можа на яго паўплываць? Пакуль вымалёўваецца некалькі варыянтаў.

Па-першае, калі хвароба падарве яго сілы, то мы будзем назіраць канец яго кар'еры ў духу позняга Брэжнева.

Кіраванне справамі ён усё больш будзе даручаць вышэйшым службовым асобам, чыя ўлада і ўплыў узрасце. Паколькі ўзрост не падманеш, усё гэта і так будзе адбывацца, пакуль ён застаецца ва ўладзе, проста хвароба можа паскорыць гэтыя працэсы.

Па-другое, фізічнае аслабленне здольнае ўзмацніць прыродную падазронасць Лукашэнкі.

Тады ён пасля выздараўлення зверне ўвагу на тых, хто ў яго адсутнасць «выдзеліўся». Пакуль адкрыта вылучыліся тры катэгорыі:

1. Асобныя пракрамлёўскія медыя і падкантрольныя спецслужбам расійскія тэлеграм-каналы, якія слаба прыхоўваюць радасць, што апошні саюзнік Расіі памрэ раней за Пуціна.

2. Плеяда дзеячаў, якія ўзвысіліся ў рэжыме пасля 2020 года.

Сярод іх характэрнае выказванне Шпакоўскага, які заклікаў пасля смерці Лукашэнкі паскорыць тое, што мела месца да яе — яшчэ больш узмацніць залежнасць ад Расіі і рэпрэсіі ўнутры краіны.

3. Пратэсная аўдыторыя, якая злараднічае, што, зрэшты, натуральна — у людзей скралі не толькі выбары, але і нармальнае жыццё ў сваёй краіне. Па сваёй традыцыі рэжым можа спусціць на гэтую групу ўсіх сабак. І нават калі каментатараў фізічна не знойдуць, у ГУБАЗіКу іх прыдумаюць.

ІІ. Калі Лукашэнка сыдзе…

Сцэнарый транзіту ўлады, калі Лукашэнка пакіне гэты свет, апісаны ў артыкуле 88 канстытуцыі 2022 года:

«У выпадку вакансіі пасады прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення прысягі нававыбраным прэзідэнтам пераходзяць да старшыні Савета Рэспублікі».

Гэта значыць, у цяперашні момант паўнамоцтвы пераходзяць да Наталлі Качанавай — адной з найбліжэйшых паплечніц Лукашэнкі. Яна мае рэпутацыю чалавека, які працуе строга пад погляды і інстынкты свайго кіраўніка. Але як яна сябе праявіць, калі яго не стане? Пра гэта можна толькі здагадвацца.

Зрэшты, калі пытанне пра ўладу — тут некаторым не да законаў і не да канстытуцый. І за спінай Качанавай можа адразу вымалевацца і Мікалай Лукашэнка, і Віктар, і Раман Галоўчанка — які-ніякі, а ўсё ж прэм'ер, і нехта з генералаў.

ІІІ. Пераходны перыяд — вузкае месца

Створаная Лукашэнкам сістэма застанецца пасля яго. Чакаць, што скон Лукашэнкі вырашыць усе праблемы яго сапернікаў і, як паказалі апошнія дні, прыхільнікаў, было б наіўна. Унутры сістэмы пачнецца пошук фігуры на ролю пераемніка.

Кліка Лукашэнкі не мае аднароднасці — хутчэй гэта проста сітуацыйная група з рознымі ўсярэдзіне поглядамі, паходжаннем і інтарэсамі. Таму неўзабаве працэс выбару кіраўніка перарасце ў палітычную барацьбу. 

Ключавое пытанне — роля знешніх сіл.

Масква як мінімум была б зацікаўленая кантраляваць беларускі транзіт праз шырокую сетку «сваіх людзей» у Мінску. У сітуацыі працяглага супрацьстаяння з Захадам Беларусь ёй патрэбная для геапалітычных мэтаў.

Зразумела, што меркаваннем народа, як у 1994 годзе, усе гэтыя «высокія гульцы» цікавіцца не будуць.

Як ніхто з іх моцна не клапаціўся, ці хочуць беларусы, каб з іх тэрыторыі ўрываліся ва Украіну і якога яны хочуць сабе прэзідэнта ў 2020-м. Людзям максімум прапануюць, як кажуць у вярхах, «з'есці» абяцанкі і кактэйль з паліттэхналогій.

Ва ўсім гэтым ключавая невядомая — роля Захаду і Украіны.

Даводзіцца прызнаць, што ў Еўропы і ЗША ўнутры Беларусі не так шмат уплыву. У тэорыі, 40% сусветнай эканомікі Захаду маглі б адціснуць у Беларусі расійскія 3%. Але што да 2020 года, што пасля яго гэтага не адбылося.

Вайна ва Украіне многае змяніла, а яе вынік можа прывесці да аслаблення Расіі. Але, калі Захад зноў, як пасля 2020 года, зойме пазіцыю wait and see, гэта адкрые шлях для рэцыдыву прарасійскіх сіл у Беларусі нават у выпадку адыходу ад улады Аляксандра Лукашэнкі.

Чытайце таксама:

Апублікаванае ВІДЭА з Аляксандрам Лукашэнкам у камандным пункце: ён застаецца моцна асіплы і бязрадасны

«Мадам Цюсо памерла б ад зайздрасці». Байнэт выбухнуў ад фота «васковага» Лукашэнкі

Латушка: У Лукашэнкі, па нашых звестках, можа быць інфекцыйна-алергічны міякардыт

Свіння і парася. Вось чаму пры любых перамовах Захаду з Масквой пытанне нелегітымнасці мінскага кіраўніцтва будзе пастаўлена рубам

Раман Бажэнаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
11
16.05.2023
Прыйдзе Ціханоуская пры падтрымцы НАТО і палка Каліноўскага
16.05.2023
Давай, гныдло, поднажми, Кобзон ждёт.
0
Петро/адказаць/
19.05.2023
Беларусы зараз свой лес не вырашаюць і не будуць вырашаць пасьля Лукашэнкі. Вырашаць пра лес Беларусі будуць Кіеў і Впшынгтон з Лонданам, калі Масква аслабее. Ужо зараз бачна што ў гэтым рашэньні Ціханоўская зь Берлінам і Парыжам будуць статыстамі.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера