Знайсці
21.05.2023 / 12:022РусŁacБел

«Ціхі забойца». Як абараніць сябе ад трамбозу

Па даных Міжнароднага таварыства парушэнняў крывацёку і трамбозу (ISTH), каля 10 мільёнаў чалавек штогод паміраюць у выніку тромбаэмбалічных захворванняў па ўсім свеце.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: www.vecteezy.com

Як утвараюцца тромбы

Вылучаюць наступныя тры фактары, якія спрыяюць развіццю трамбозу. 

Пашкоджанне ўнутранага слою сценкі сасуда — эндатэлію. У гэтым выпадку трамбацыты актывуюцца і групуюцца вакол пашкоджанага ўчастка. У выніку ўтвараецца тромбацытарны коркавы згустак. Трамбацыты выпускаюць спецыяльныя рэчывы, якія садзейнічаюць сцісканню тромба.

Узмоцненае згусанне крыві (гіперкаагуляцыя). У працэсе каагуляцыі адбываецца пераўтварэнне бялка крыві, які ў ёй раствораны, у фібрын, які не раствараецца. Фібрын утварае сетку, якая ўтрымлівае трамбацыты і іншыя клеткі крыві. Звычайна фібрын разбураецца іншым ферментам — плазмінам. Але часам адбываецца працэс, які медыкі называюць інгібіраванне фібрыналізу, калі разбурэнне згусткаў крыві, якія ўтвараюцца ў выніку згусання крыві, прыгнятаецца ці замаруджваецца, і ўтвараюцца тромбы.

Характар ​​крывацёку. Здараецца, што ў пэўнай вобласці сасудаў адбываецца запавольванне ці спыненне крывацёку (стаз). Гэта можа адбыцца па розных прычынах. Сярод іх: звужэнне сасудаў, абструкцыя ці зніжэнне скарачальнай актыўнасці сэрца. У вобласці стаза ўтвараецца тромб. Яшчэ адным фактарам з'яўляецца турбулентнасць. Яна характарызуецца нестабільным ці хаатычным цячэннем крыві ўнутры сасудаў. Такое можа адбыцца з-за звужэння сасудаў, перападу ціску ці наяўнасці парокаў сэрца. Турбулентнасць можа выклікаць эндатэлію (пашкоджанне ўнутранага слою сценкі сасуда).

Чым небяспечны тромб

Галоўная небяспека тромба ў тым, што ён можа адарвацца ад сасуда і перамясціцца па крывацёку да вузкага сасуда, дзе можа заблакаваць крывацёк. Гэта называецца эмбалія. Калі эмбалія закране буйны сасуд у лёгкіх, гэта можа прывесці да лёгачнай эмбаліі, што можа быць небяспечным для жыцця.

Калі тромб блакуе крывацёк у артэрыі, ён можа прывесці да ішэміі — недахопу кровазабеспячэння ў пэўнай вобласці цела. Гэта можа выклікаць сурʼёзныя праблемы, уключаючы інфаркт міякарда (сардэчны прыступ), інсульт ці ішэмію канечнасцяў (зніжэнне кровазабеспячэння ў нагах або руках).

Два асноўныя тыпы трамбозу

Вянозны трамбоз. Ён узнікае ў выпадку, калі тромб утвараецца ў венах. Самая распаўсюджаная форма вянознага трамбозу — флебатрамбоз (трамбоз глыбокіх вен). Звычайна ён закранае ніжнія канечнасці. Ён можа быць выкліканы такімі фактарамі, як стаз, пашкоджанне сасудаў ці гіперакаагуляцыя. Акрамя гэтага, існуе вянозны трамбоз павярхоўных венаў. Ён не такі сурʼёзны і праяўляецца ў варыкозным пашырэнні венаў.

Артэрыяльны трамбоз. У гэтым выпадку месцам утварэння тромба зʼяўляецца артэрыя. Прычынай узнікнення часта зʼяўляюцца атэрасклероз, фібромы артэрый (рэдкае захворванне, пры якім у сценцы сасуда ўтвараецца пухліна з фібрознай тканкі) ці артэрыіт (запаленчае захворванне, якое можа прывесці да пашкоджання сценак артэрый).

Калі ўзрастае рызыка ўтварэння тромбаў 

Рызыка ўтварэння тромбаў значна ўзрастае:

пасля хірургічных умяшанняў;

пры працяглым знаходжанні ў адным становішчы, напрыклад, пры пасцельным рэжыме пасля аперацыі ці абезрухомленні канечнасці з-за накладання гіпсу, пастаянным сядзенні ці знаходжанні на нагах падчас працы;

у перыяд цяжарнасці і родаў.

Акрамя гэтага, трамбоз можа быць наступствам інфекцыйных захворванняў (асабліва COVID-19), ці абумоўлены генетычнымі фактарамі, прыёмам кантрацэнтываў, атлусценнем і адсутнасцю дастатковай штодзённай фізічнай актыўнасці.

Якія сімптомы могуць сведчыць аб утварэнні тромба

Трамбоз — захворванне, якое можа працякаць бессімптомна або даваць неадназначныя сімптомы. Аднак да сігналаў, на якія трэба звярнуць увагу і звярнуцца да спецыяліста, адносяцца:

  • ацёк і боль у ніжніх канечнасцях (часцей за ўсё). Боль сціхае, калі падняць канечнасць уверх;
  • змены колеру скуры, якія могуць паказваць на тромб, напрыклад, пачырваненне або сінякі;
  • больш высокая тэмпература ў пэўным месцы цела (звычайна, адной канечнасці);
  • вена, у якой адбываецца запаленчы працэс, баліць і навобмацак адчуваецца, што яна цвёрдая.

Утварэнне тромбаў у глыбокіх венах звязанае з павышанай рызыкай тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі, якая таксама зʼяўляецца вельмі небяспечным для здароўя і жыцця станам і выяўляецца:

  • расстройствам дыхання;
  • пачашчаным дыханнем (тахіпноэ);
  • колючым болем у грудзях;
  • кашлем;
  • тахікардыяй.

Прафілактыка трамбозу

Перш за ўсё, варта весці актыўны лад жыцця. Рэгулярныя фізічныя практыкаванні і актыўны лад жыцця спрыяюць нармальнаму кровазвароту і прадухіляюць застой крыві. Могуць быць карыснымі рэгулярныя прагулкі, практыкаванні для ног і расцяжка.

Кантроль вагі. Падтрыманне вагі ў норме і пазбяганне атлусцення значна знізіць рызыку захворвання.

Пазбяганне працяглага сядзення або стаяння. Калі вы праводзіце працяглы час у нерухомым становішчы, паспрабуйце рабіць перапынкі, каб расцерці ногі, размяцца і актывізаваць кровазварот.

Адмова ад курэння і цеснага адзення, асабліва ў вобласці ног.

Рэгулярныя рухі пры працяглых паездках. Падчас працяглага авіяпералёту ці аўтобуснай паездкі імкніцеся часцей паднімацца і рухацца па салоне. Варта перыядычна проста ўставаць і рабіць прысяданні.

Калі ў вас ёсць асаблівая рызыка трамбозу з-за праблем са здароўем (пасцельны рэжым, накладзены гіпс, інфекцыйнае захворванне, цяжарнасць) або спадчыннасць, прытрымлівайцеся ўказанняў доктара адносна прафілактычных мер, такіх як прымяненне антыкаагулянтаў або нашэнне кампрэсійных панчох.

Важна абмеркаваць з лекарам сваю індывідуальную рызыку трамбозу і атрымаць пэўныя рэкамендацыі па прафілактыцы, асабліва калі ў вас ёсць фактары рызыкі ці медыцынскія праблемы.

Чытайце яшчэ:

Склероз. Як распазнаць яго першыя прыкметы

Гэтыя сімптомы могуць сведчыць аб сардэчнай недастатковасці

Сухая скура можа быць сімптомам сур'ёзных захворванняў. Так цела просіць дапамогі

Антон Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
47
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
8
Сумна
10
Абуральна
14
22.05.2023
размытые симптомы- размытое и лечение
написали бы хоть к какому врачу обращаться
0
Народная медыцына/адказаць/
25.05.2023
Есть эффективный метод. Надо почистить сосуды. Очень хорошо - маринованными огурцами - выводятся все токсины. Вот мужик с соседней темы не даст соврать.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930