Знайсці
25.05.2023 / 07:55РусŁacБел

У Швейцарыі паралізаванаму мужчыну ўжывілі імпланты ў мозг і хрыбетнік. Цяпер ён зноў можа хадзіць

Жыццё галандца Герта-Яна Оскама, паралізаванага 12 гадоў таму ў выніку веласіпеднай аварыі, у корані змянілася дзякуючы новай тэхналогіі мазгавых імплантаў.

Weber Gilles

Электронныя імпланты бяздротавым шляхам, праз другасны імплант у хрыбетніку, наўпрост транслююць яго думкі нагам, прымушаючы іх ісці. Уся сістэма знаходзіцца ў эксперыментальнай стадыі, але па словах экспертаў, гэта вельмі абяцальны эксперымент, піша Бі-бі-сі.

Мужчына цяпер здольны не толькі хадзіць, але таксама стаяць у вертыкальным становішчы і падымацца па прыступках.

«Я адчуваю сябе малым, які толькі вучыцца хадзіць, — прызнаўся Оскам у інтэрв'ю Бі-бі-сі. — Гэта быў доўгі шлях, затое цяпер я магу стаяць на нагах і нават выпіць піва з сябрамі. А гэта ж такое задавальненне, пра якое многія людзі нават не задумваюцца».

EPFL

Аўтарамі новай распрацоўкі, пра якую паведамляе выданне Nature, былі швейцарскія даследчыкі. А тонкую хірургічную аперацыю па перасадцы імплантантаў правяла нейрахірург з Універсітэта Лазаны прафесар Джоселін Блох.

Паводле яе слоў, уся гэтая сістэма знаходзіцца на пачатковай стадыі распрацоўкі і пройдзе яшчэ шмат гадоў, перш чым ёю змогуць шырока карыстацца паралізаваныя людзі. Аднак навукоўцы імкнуцца ўсімі сіламі паскорыць гэты працэс.

«Для нас важна не проста правесці навуковы эксперымент, але ў канчатковым выніку забяспечыць доступ да гэтай тэхналогіі людзям з траўмамі хрыбетніка, якія пастаянна чуюць ад дактароў, што ім трэба прывыкаць да таго факту, што яны ўжо ніколі не змогуць хадзіць», — сказала прафесар Блох у інтэрв'ю Бі-бі-сі.

Imagine

Аперацыю па аднаўленні здольнасцяў Герта-Яна Оскама да самастойнага перамяшчэння выканалі ў ліпені 2021 года. Прафесар Блох зрабіла дзве круглыя адтуліны па пяць сантыметраў у дыяметры па абодва бакі яго чэрапа, у той вобласці мозгу, якая адказвае за кантроль руху. У гэтыя адтуліны былі змешчаныя два імпланты дыскападобнай формы, якія транслююць сігналы мозгу, гэта значыць па сутнасці жаданні Герта-Яна, на два сэнсары, замацаваныя на спецыяльным шлеме, які ён надзявае на галаву.

Швейцарскія навукоўцы распрацавалі алгарытм, які праз другі імплант у спінным мозгу пераўтворыць гэтыя сігналы ў інструкцыі для цягліц ног. Гэты другі імплант прафесар Блох мудрагеліста падлучыла да нервовых канчаткаў, задзейнічаных у працэсе хады.

Праз некалькі тыдняў трэніровак даследчыкі высветлілі, што паралізаваны мужчына можа не толькі стаяць на нагах, але і перасоўвацца, праўда, з дапамогай хадункоў.

Па словах кіраўніка гэтага навуковага праекта, прафесара Грэгуара Курціна з федэральнай Політэхнічнай школы Лазаны, рух паралізаванага запавольваецца, але плаўна.

«Гэта вельмі кранальна — бачыць, як натуральна ён рухаецца, — кажа навуковец, — у параўнанні з тым, што было даступна раней, гэта велізарны зрух».

Новыя мазгавыя імплантаты былі створаныя на аснове папярэдніх распрацовак прафесара Курціна, у якіх для аднаўлення здольнасці да руху выкарыстоўваліся толькі імпланты ў спінны мозг. Ён узмацняў слабы сігнал, які ідзе ад галаўнога мозгу да пашкоджанай часткі хрыбетніка, і суправаджаўся дадатковымі запраграмаванымі сігналамі з камп’ютара.

Оскам — не першы пацыент, які атрымаў пазваночныя імпланты. У 2018 годзе такую аперацыю зрабілі Дэвіду Мзее, прычым настолькі паспяхова, што яны з жонкай пасля гэтага змаглі зачаць дзіця.

Пазней падобную аперацыю зрабілі Мішэлю Ракаці, які цалкам страціў адчувальнасць у абедзвюх нагах пасля аварыі на матацыкле. Ён таксама пачаў хадзіць дзякуючы швейцарскай тэхналогіі.

Абодвум мужчынам дапамагла новая тэхналогія, аднак у іх выпадку рухі, цалкам запраграмаваныя камп’ютарам, нагадваюць рухі робата. Ім даводзіцца падладжвацца пад гэтую праграму, і калі адбываецца рассінхранізацыя, даводзіцца спыняцца і праграмаваць усё нанова.

Да ўжыўлення мазгавога імпланту Герт-Ян абыходзіўся адным хрыбетным. Цяпер, паводле яго, ён нашмат лепш кантралюе свае рухі.

«Раней у мяне было адчуванне, што гэтая сістэма кіруе мной, а цяпер я сам кантралюю яе», — прызнаецца ён.

Зрэшты, ні папярэдняя, ні новая сістэма не могуць выкарыстоўвацца на пастаяннай аснове. Яны занадта грувасткія і знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі.

Але пацыенты могуць карыстацца імі прыкладна па гадзіне некалькі разоў на тыдзень у працэсе рэабілітацыі. Сам працэс хады трэніруе іх цягліцы, і нават калі сістэма адключаецца, пэўная здольнасць да руху захоўваецца, так што ёсць падставы меркаваць, што пашкоджаныя нервовыя валокны аднаўляюцца.

Канчатковай мэтай навукоўцаў застаецца мініяцюрызацыя іх прылады. Цяпер заснаваная прафесарам Курцінам кампанія Onward Medical займаецца ўдасканаленнем тэхналогій з мэтай іх камерцыйнага прымянення, каб людзі маглі карыстацца гэтымі прыладамі ў паўсядзённым жыцці.

«Усё яшчэ наперадзе, — кажа прафесар Курцін, — Герт-Ян атрымаў імпланты праз 10 гадоў пасля аварыі, а ўявіце, што было б, калі б мы ўжылі нашу сістэму ўсяго праз некалькі тыдняў пасля траўмы. Патэнцыял для аднаўлення быў бы велізарным».

Чытайце таксама:

Навукоўцы ўбачылі ўсплёскі мазгавой актыўнасці ў паміраючым мозгу

Восем спосабаў палепшыць працу мозгу

Гэтыя сімптомы могуць сведчыць аб сардэчнай недастатковасці

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера