Знайсці
27.05.2023 / 18:091РусŁacБел

Такешы Кітана супраць усіх. Фільм «Kubi» («Шыя») — жорсткая разня, у якой ніхто не варты спачування

На Канскім кінафестывалі прэзентавалі фільм Такешы Кітана, які 76-гадовы рэжысёр назваў апошнім у сваёй кар’еры. «Кубі» — гэта жорсткае, крывавае і змрочна-вясёлае відовішча. Яно перакручвае жанр самурайскага эпасу, згодна з якім самураі павінны выглядаць доблесна, і робіць яго варварскім і іранічным.

Сцэна з фільма «Kubi» («Шыя»). Фота: Kadokawa

Ад стрыманасці ў паказе гвалту, якая была ўласцівая першым фільмам рэжысёра, у «Кубі» не засталося нічога. Новы фільм Такешы Кітана пачынаецца з паказу безгаловага цела, трахею якога выядаюць крабы. Гэты план адразу задае тон: фільм будзе не надта паэтычны. Гледача чакае жудасная, брудная, агідная двухгадзінная сага, у якой адсякаюць галовы, спальваюць сябе і зверствуюць, зверствуюць, зверствуюць.

Заснаваны на рамане самога ж Такешы Кітана, які выйшаў у 2019 годзе, гістарычны фільм распавядае пра сапраўдны эпізод у гісторыі Японіі, калі знакаміты военачальнік Ода Набунага быў забіты ў храме Кіёта ў 1582 годзе.

Па сюжэце ва ўладаннях Ода Набунагі паўстае адзін з яго васалаў, Аракі Мурасігэ. Бязлітасны ўладар загадвае сваім военачальнікам, сярод якіх Міцухідэ (яго іграе Хідэтосі Нісідзіма, выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Сядай за руль маёй машыны»), высачыць паўстанца, абяцаючы, што «той, хто будзе найлепш старацца», атрымае ў спадчыну трон.

Натуральна, гэтае абяцанне — хлусня, у фільме шмат хлусні. Змоўшчыкі, шпіёны, ашуканцы, людзі з падвойным дном — гэта амаль усе героі «Кубі».

Дзеянне адбываецца ў свеце, дзе кіруюць сіла і гвалт. Набунага, вялікі ўладар, паказаны распешчаным вар'ятам, якому падабаецца глядзець на чалавечае прыніжэнне і нават на смерць. Яго прыдворныя бясконца плятуць інтрыгі. Персанажаў шмат, але ва ўсіх адна мэта: атрымаць уладу, нават калі гэта азначае забіць і здрадзіць усім, каму можна. Ад селяніна, які марыць стаць генералам, да самурая, які хоча ўзысці на трон, — усе прысвячаюць сваё існаванне недарэчнаму жаданню, але, калі хто і дасягае гэтай мэты, перамога бывае нядоўгай.

Сцэна з фільма «Kubi» («Шыя»). Фота: Kadokawa

Галоўныя фігуры фільма — Набунагі, Мурасігэ і Міцухідэ — уцягнутыя ў свайго роду любоўны трохкутнік, але паказ гэтых адносін не вытанчаны. Абяцанне вернай любові тут можа быць толькі прынадай і пажадлівасцю, а сэкс — толькі зброяй і прагай да ўлады. Наогул усе каштоўнасці, за якімі хаваюцца персанажы, толькі для таго, каб прамаўляцца, але ніколі іх ніхто не прытрымліваецца. Нават калі нехта захоча зрабіць па-сапраўднаму смелы ўчынак — з яго пакпяць тыя ж, хто прасіў яго пра гэты ўчынак.

Гумар у фільме — з самых змрочных, і гэта мэтанакіраваная спроба сапсаваць рамантызаваныя ўяўленні, што ахутваюць самураяў. Кітана з вялікім задавальненнем выстаўляе напаказ іх мужчынскія таямніцы.

Назва фільма, якая азначае «Шыя», звязана з паняццем «кубі букора» (або «мяшка на шыі») — своеасаблівага кошыка з сеткі, у якім самураі насілі адсечаную галаву ў якасці доказу. Па меры таго, як у фільме з'яўляецца ўсё больш і больш персанажаў (сяляне, артысты, бандыты), іх гісторыі звязвае разам бязлітаснае жаданне герояў узлезці на феадальную іерархію праз акт абезгалоўлівання. Памірае ў фільме так шмат людзей, што цяжка ўспомніць, хто каго забіў, а пастаянныя змовы і здрады змяняюцца ў рамках адной і той жа размовы.

Фільм Такешы Кітана не дасць гледачу ні надзеі, ні катарсісу, сцэны гвалту шмат каму здадуцца не толькі захапляльнымі, але і аднолькавымі.

Відавочна, рэжысёр хацеў паказаць абсурднасць бессэнсоўнага праліцця крыві, а таксама брудны бок улады і заваяванняў. Але ці здольны гэты або любы іншы фільм сапраўды змяніць нечае ўспрыманне гвалту, асабліва калі камера літаральна ім «зачараваная»? Гэтае пытанне застаецца адкрытым.

Чытайце яшчэ:

«Апалае лісце»: Акі Каўрысмякі зноў на вялікім экране, і гэтае вяртанне — падарунак для гледачоў

«Вяртанне ў Сеул»: несентыментальная драма пра пошук бацькоў і ідэнтычнасці

BlackBerry: кранальная драма-баёпік пра ўзлёт і падзенне мадэлі смартфона, папулярнай у 2000-я

Што паглядзець. «Сантэхнікі Белага дома» — палітычная сатыра на падставе рэальных падзей

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Хворбз/адказаць/
28.05.2023
Эх,жаль Остап Ибрагимович Бендер не дождался экранизации своего бессмертного произведения,
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера