Знайсці
26.05.2023 / 22:051РусŁacБел

«Нават Прыпяць моцна змяніла сваё рэчышча». Беларус з дапамогай ChatGPT стварыў унікальны сайт, дзе старадаўнія карты Беларусі можна параўнаць з сучаснымі

У інтэрнэце з'явіўся ўнікальны сайт з дзясяткамі старадаўніх мапаў Беларусі, накладзеных на карту сучасную. Зручна арыентавацца і параўноўваць, што цяпер знаходзіцца на месцы, дзе 100-200-300 гадоў таму была якая-небудзь вёска. Са стваральнікам гэтай карты пагаварыла выданне Blizko.by.

Сайт знаходзіцца па адрасе Belpast.com. Зайшоўшы на старонку, карыстальнік бачыць карту Еўропы ад Open Street Map (такая ж выкарыстоўваецца, напрыклад, у праграме Maps.me), па-над якой у патрэбнай прапорцыі і схіленні накладзеная карта гэтага ж рэгіёна 1613 года. Яркім чырвоным контурам адзначаныя межы сучаснай Беларусі.

Гэтую мапу можна павялічваць і перацягваць. Сучасныя межы пры гэтым усё гэтак жа будуць адлюстроўвацца на сваіх належных месцах.

У левай верхняй частцы карты ёсць тры меню. У першым карыстальнік можа выбраць, які тып картаў ён хоча прагледзець: Regions, Places ці Imagery. Адпаведна, па кліку будуць паказаныя карты вялікіх тэрыторый, падрабязныя карты гарадоў і іх ваколіц альбо аэрафотаздымка.

Другі спіс — уласна пералік вялікіх тэрыторый і гарадоў. Трэці — год.

На сайце сабраная сотня картаў і здымкаў з 1613-ы па 1953-ы — 340 гадоў рысавальнай гісторыі.

Тут жа ёсць паўзунок празрыстасці картаў. Ён вельмі дарэчны, калі хочацца наглядна паглядзець «было — стала»: якія вёскі зніклі, якія з'явіліся, якія былі перайменаваныя, дзе змянілася рэчышча ракі ці дзяржаўная мяжа. Вось, напрыклад, ніжэй паўзунок празрыстасці ўсталяваны прыкладна на 25%, і відаць, як скрозь старыя мапы Мінска і Бешанковічаў праступае сучасная падкладка: зручна арыентавацца.

Пра сэрвіс Blizko.by расказаў яго стваральнік — беларус Андрэй Клопаў.

— Як даўно вы збіраеце карты і калі з'явілася ідэя зрабіць такі сайт? Дзе шукалі карты, ці даводзілася нейкія купляць?

— Мне заўсёды было цікава разглядаць старыя карты і параўноўваць з цяперашнім станам прасторы. Асабліва падабаецца сэрвіс на сайце «Глобус Беларусі». Трохі сур'ёзней картаграфіяй захапіўся, калі адкрыў для сябе карты OpenStreetMap (OSM), якія ствараюць энтузіясты па ўсім свеце.

У нейкі момант я з працы лагістам перайшоў у стартап, дзе мая праца была звязаная якраз з OSM і картаграфіяй у цэлым. Я перыядычна займаўся дызайнам картаў (mapbox, openmaptiles), генерацыяй вектарных тайлаў (фрагментаў) і ўсім, што з гэтым звязанае.

А потым атрымалася так, што я застаўся без працы. З аднаго боку, з'явіўся вольны час, з другога — хацелася зрабіць нейкі праект, які быў бы і самому цікавы, і рэлевантны для кампаній, куды я хацеў бы трапіць працаваць.

На камп'ютары ўжо назбіралася нямала старых мапаў, схем гарадоў, і хацелася іх кудысьці выкласці. Паралельна з гэтым мне было цікава апрабаваць магчымасці ChatGPT, даведацца, ці змагу я стварыць сайт, маючы абсалютна нулявыя веды ў вэб-распрацоўцы. Як паказала практыка, гэта складана, але можна.

А яшчэ мяне заўсёды раздражняла, калі палітыкі выкарыстоўваюць гісторыю для апраўдання нейкіх сваіх скажэнняў успрымання рэальнасці.

Некалькі дзён таму, калі фрагменты маіх картаў для сайта ўжо загружаліся на серверы Amazon, я доўга смяяўся, убачыўшы, як палітыкі не могуць знайсці Украіну на карце XVII стагоддзя. Так бы мовіць, дарагая лыжка да абеду.

Ды і наогул на карце 1630 года намаляваныя такія месцы, пра якія большасць жыхароў цяперашняй Беларусі могуць быць не ў курсе. Напрыклад, там будзе крэпасць Сокал на поўнач ад Полацка, а Мінска можа і не быць зусім.

Усе карты я браў з адкрытых крыніц. Па законах большасці дзяржаў, творы пасля нейкага перыяду пераходзяць у разрад public domain (грамадскі набытак), і на іх ужо не распаўсюджваюцца аўтарскія правы. Спадзяюся, нідзе аўтарскія правы не цягнуцца 300 гадоў.

— Навошта наогул патрэбны такі сайт, хто ім будзе карыстацца? У чым вы бачыце перавагі перад картамі «Глобуса Беларусі», Warfly, EtoMesto і іншых падобных сэрвісаў з архіўнымі картамі?

— Мабыць, сэнсу ў сайце няшмат, акрамя як для рэалізацыі сваёй любові да гісторыі, картаграфіі і Беларусі. Магчыма, сэрвіс спатрэбіцца журналістам для абвяржэння якіх-небудзь скажэнняў гісторыі, а таксама проста аматарам разглядаць старыя карты. Можа, хтосьці захоча раздрукаваць сабе старую карту і павесіць на сцяну.

Адрозненне ад «Глобуса Беларусі» ў тым, што я адлюстраваў больш старыя карты, якія, па сутнасці, нельга нармальна «прывязаць» да мясцовасці, плюс дадаў некаторыя схемы гарадоў і аэраздымкі, якіх у «Глобусе» няма.

Я б сказаў, што «Глобус» — нашмат больш прафесійны праект, з якім можна рабіць паўнавартасныя даследаванні мясцовасці, а ў мяне праект, хутчэй, агульнаадукацыйны.

У параўнанні з Warfly, EtoMesto — у мяне праект пра Беларусь, а не пра Расію, і хоць там таксама ёсць карты Беларусі, усё ж асноўны ўпор на чужую краіну.

Яшчэ я знайшоў некалькі цікавых картаў Варшавы часоў вайны, нямецкі «Турыстычны даведнік па Варшаве», дзе маршруты намаляваныя так, каб турыст не ўпёрся ў гета. Не ведаю пакуль, куды выкласці, але мне здаецца, гэта цікава.

Карта «Глобуса Беларусі»

Карта LuftBild з аэрафотаздымкамі гарадоў часоў Другой сусветнай вайны

— Колькі часу заняла рэалізацыя праекта, з чым давялося сутыкнуцца? Наколькі проста ці складана аказалася «прывязаць» карты да каардынатаў і вытрымаць правільны маштаб?

— Уся задума заняла два месяцы, працаваў я па вечарах. Што тычыцца старых картаў, то асноўная складанасць — знайсці баланс паміж чытэльнасцю і дакладнасцю геапрывязкі. Ёсць, напрыклад, карты, дзе Смаленск намаляваны на захад ад Віцебска (хоць у існасці ён на ўсходзе), і калі гэта прывязваць так, як ёсць, то ўсё ператворыцца ў кашу. Таму для картаў XVII-XVIII стагоддзяў і для больш сучасных выкарыстоўваліся розныя інструменты пераўтварэнняў.

Тэхнічна «прывязка» — не асабліва складаны працэс, прынамсі ў праграме QGIS: шукаеш пункт на старой карце, шукаеш гэтае ж месца на сучаснай карце, затым выбіраеш алгарытм пераўтварэнняў — і сэрвіс сам робіць працу, як бы расцягвае або сціскае тыя ці іншыя адлегласці паміж пунктамі. Або знаходзіць сярэднія адхіленні паміж размяшчэннем пунктаў і прымяняе гэтае адхіленне адразу да ўсёй карты.

Выявілася, што складана «прывязаць» аэраздымкі Палесся. Па-першае, на мясцовасці мала апорных пунктаў: многія вёскі даўно зніклі, засталіся суцэльныя лясы і балоты. Па-другое, меліярацыя моцна змяніла нават іх. І, па-трэцяе, нельга было абаперціся нават на Прыпяць: яна таксама моцна змяніла рэчышча. На кожны здымак сыходзіла па гадзіне, таму «прывязаў» іх далёка не ўсе, трэба будзе яшчэ дарабіць.

Як ні дзіўна, цяжка было «прывязаць» даваенныя карты роднай мне мясцовасці: адсоткаў 70 вёсак у Верхнядзвінскім раёне, адкуль я родам, зніклі ў выніку калектывізацыі і вайны.

— Колькі цяпер картаў загружана на сайт? Ці будзе сайт папаўняцца, як часта і якімі картамі? Ці стане больш картаў усёй Беларусі, ці Мінска, ці іншых гарадоў?

— Цяпер я загрузіў 106 картаў, схемаў і здымкаў, яшчэ прыкладна столькі ж трэба будзе апрацаваць. Як і чым будзе папаўняцца, тут сістэмы няма: што знайду цікавага на прасторах інтэрнэту — тое і дадам, у залежнасці ад наяўнасці вольнага часу. Пакуль у прыярытэце выкласці тое, што ўжо сабраў. Калі вы бачылі цікавыя карты — дасылайце.

Чытайце таксама:

У Мінску можна паглядзець карты, якімі падарожнікі карысталіся стагоддзі таму

«Gutenberg Publisher будзе не проста выдавецтвам, а і інтэлектуальнай прасторай». Стваральніца беларускага выдавецтва за мяжой — пра працу, грошы, надзеі і перспектывы

Google паказаў новую версію сваіх картаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
79
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
11
0
Андрей /адказаць/
27.05.2023
Молодец!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930