Знайсці
27.05.2023 / 08:091РусŁacБел

Акцёры фільма «Рамэа і Джульета» прайгралі пазоў, пададзены з-за сцэны з агаленнем

Суддзя ў Лос-Анджэлесе мае намер адхіліць пазоў зорак фільма 1968 года «Рамэа і Джульета», якія абвінавачвалі рэжысёра Франка Дзэфірэлі і кінакампанію Paramount Pictures у тым, што іх прымушалі здымацца аголенымі і такім чынам падвяргалі сэксуальнаму гвалту.

Кадр з фільма Франка Дзэфірэлі «Рамэа і Джульета»

Алівія Хасі і Леанард Уайтынг, якія сыгралі двух галоўных герояў шэкспіраўскай трагедыі, сцвярджалі, што класік кінематографа настаяў на ўдзеле ў аголеных сцэнах, нягледзячы на свае папярэднія запэўніванні аб тым, што ім не прыйдзецца гэтага рабіць. На момант здымак Хасі было 15 гадоў, а Уайтынгу — 16, піша Бі-бі-сі.

Аднак суддзя пастанавіла, што сцэна не была «дастаткова сэксуальнай», каб у гэтым выпадку не працавала першая папраўка да Канстытуцыі ЗША (у якой гаворка ідзе пра свабоду слова).

У папярэдняй пастанове, апублікаванай у чацвер, суддзя Элісан Макензі заявіла, што пазоўнікі выбіралі толькі выгадныя ім законы, прыдатныя да іх справы.

Адвакаты паведамілі амерыканскім СМІ, што маюць намер падаць асобны пазоў у Федэральны суд. У сумеснай заяве Хасі і Уайтынг заявілі, што працягнуць барацьбу. «Мы чакалі справядлівасці 55 гадоў. Мяркую, нам давядзецца пачакаць яшчэ даўжэй», — сказалі яны.

У сваім пазове акцёры, якім цяпер за 70, сцвярджаюць, што Франка Дзэфірэлі (рэжысёр памёр у 2019 годзе) першапачаткова сказаў, што падчас здымак сцэны ў спальні яны будуць насіць ніжнюю бялізну цялеснага колеру.

Але Хасі і Уайтынг сцвярджаюць, што перад тым, як запрацавала камера, рэжысёр папярэдзіў іх, што здымацца прыйдзецца без адзення — толькі з выкарыстаннем грыму для цела.

Пры гэтым ён запэўніў іх, што камера будзе размешчаная такім чынам, каб не паказваць іх голымі. Але ў фільме, які стаў класікай сусветнага кіно, ненадоўга паказаны аголеныя ягадзіцы Уайтынга і аголеныя грудзі Хасі.

Як сцвярджаюць пазоўнікі, Дзэфірэлі казаў ім, што яны ўсё ж такі павінны здымацца аголенымі, інакш карціна праваліцца, а іх будучай кар'еры будзе нанесена шкода. Акцёры лічылі, што ў іх няма іншага выбару.

Акцёры патрабавалі кампенсацыі шкоды ў памеры больш за 500 млн даляраў — гэта сума ўлічвае душэўныя пакуты, якія, па іх словах, яны адчулі, і даходы, атрыманыя ад фільма з моманту яго выхаду на экран.

Хоць у інтэрв'ю выданню Variety ў 2018 годзе Хасі абараняла «аголеную» сцэну. «Ніхто ў маім узросце не рабіў гэтага раней», — казала яна, падкрэсліваючы, што Дзэфірэлі зняў гэта з густам. «Гэта было трэба для фільма», — заяўляла актрыса.

Экранізацыя «Рамэа і Джульеты» Франка Дзэфірэлі атрымала прэміі «Оскар» за найлепшы фільм і найлепшую аператарскую працу. Фільм вельмі цэняць крытыкі, і яго паказваюць у школах у многіх краінах свету на ўроках пра творчасць Уільяма Шэкспіра.

Чытайце таксама:

Зоркі «Рамэа і Джульеты» падалі ў суд на Paramount за аголеныя здымкі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
9
Ха-ха
10
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
5
0
Херлі Швайнштэйн/адказаць/
27.05.2023
500 млн. даляраў? Неяк мала за аголеную дупу.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930