З магілёўскай хіміі вызвалілася двое палітвязняў
25 і 26 мая з папраўчай установы адкрытага тыпу № 43 у Магілёве выйшлі на волю Аляксандр Аграйцовіч і Дзмітрый Таратун.
Як нагадвае «Вясна», Дзмітрый Таратун быў асуджаны на 3 гады «хіміі» паводле ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) за тое, што размясціў малюнкі «грамадска-палітычнага зместу».
Аляксандр Аграйцовіч, назіральнік за выбарамі, быў асуджаны за паклёп на прадстаўнікоў выбарчай камісіі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе.
Паводле версіі абвінавачання, Аляксандр Аграйцовіч апублікаваў на сваім Youtube-канале «Дзённікі назіральніка» ў маі 2020 года загадзя лжывыя звесткі пра чальцоў выбарчай камісіі, якія знеслаўляюць іх гонар і годнасць. У відэа Аграйцовіч адзначыў, што яны фальсіфікатары выбараў і ў перыяд датэрміновага галасавання падрабілі дакументы.
Абодва палітвязні былі вызваленыя па амністыі незадоўга да заканчэння іх тэрмінаў.





