Знайсці
29.05.2023 / 18:3811РусŁacБел

«Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць надоўга. Хай здохне там!» Як тры гады таму затрымалі Ціханоўскага і хто аддаваў загады 

Згадваем, як разгортваліся падзеі і якія прызнанні прагучалі пасля.

Сяргей Ціханоўскі са сваім ютуб-каналам «Краіна для жыцця» стаў каталізатарам палітычных працэсаў у 2020 годзе

Здавалася, нішто не прадракала гарачай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Але вялікую ролю ў разгаранні пратэснага руху ў Беларусі адыграла непапулярная каранавірусная палітыка рэжыму. А каталізатарам стала дзейнасць гомельскага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага.

Ціханоўскі вёў свой ютуб-канал «Краіна для жыцця» з сакавіка 2019 года. У ім ён расказваў пра бардак і хаос, карупцыю і безгаспадарнасць, сустракаўся з людзьмі розных прафесій, ездзіў па Беларусі і слухаў простых людзей з вёсак і маленькіх гарадоў. 

Калі раней тэзісы пра нелегітымнасць улады, жабрацкія пенсіі і занядбаную правінцыю агучвалі пераважна «афіцыйныя» апазіцыянеры, то ў фармаце адкрытага мікрафона Ціханоўскага цяпер тое ж самае прамаўлялі беларускія рабочыя і пенсіянеры, толькі ўжо ў неінтэлігентнай форме. І выявілася, што «Краіна для жыцця» закіпае.

Праблемы ў Ціханоўскага пачаліся ў пачатку мая, тады цягам двух дзён машыны праекта «Краіны для жыцця» шмат разоў спыняла міліцыя і ДАІ.

5 мая Сяргей Ціханоўскі прызначыў на вечар сустрэчу з падпісчыкамі ў Магілёве. Прыкладна за паўтары гадзіны да сустрэчы аўтадом блогера зноў спынілі, аднак самога Ціханоўскага ў ім не знайшлі. На месца падзей прыехала шмат падпісчыкаў, міліцыя хацела затрымаць кіроўцу, але падпісчыкі сталі за яго заступацца. У выніку міліцэйскае кіраўніцтва дало загад міліцыянтам сысці.

Але ўжо на наступны дзень ютуб-блогер быў затрыманы на аб'язной дарозе каля Магілёва, куды накіроўваўся на сустрэчу са сваімі падпісчыкамі. Яго спыніла ДАІ, а да машыны падышоў супрацоўнік АМАПа, які адмаўляўся паказаць Ціханоўскаму свае дакументы. Блогер, які не спыняў у гэты час стрыму, паспеў папрасіць падпісчыкаў прыехаць на месца інцыдэнту і падтрымаць яго. Ён быў арыштаваны на 15 сутак паводле рашэння суда Савецкага раёна Гомеля за ўдзел у акцыі пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» з Расійскай Федэрацыяй, якая адбылася яшчэ 20 снежня 2019 года.

Стрым 6 мая 2020 года, калі Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы ў першы раз

7 мая на ягоным ютуб-канале з’явіўся відэазварот, у якім Сяргей Ціханоўскі заявіў, што прыме ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі, бо сутыкнуўся з чыноўніцкім самавольствам і халатнасцю, а больш як 130 тысяч ягоных падпісчыкаў просяць яго ўдзельнічаць у выбарах. 

Скрыншот відэа, у якім Сяргей Ціханоўскі аб'яўляе пра свой намер удзельнічаць у выбарах

На наступны дзень аб удзеле ў выбарах заявіў і заснавальнік Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала, 12 мая — банкір Віктар Бабарыка. На этапе падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп была зарэгістравана беспрэцэдэнтная ў гісторыі незалежнай Беларусі колькасць прэтэндэнтаў — 55 чалавек. Беларускія ўлады, відавочна, адчулі, што іх бясконцаму кіраванню ўзнікла прыкметная пагроза, і пачалі дзейнічаць у межах свайго разумення.

Затрыманне блогера мусіла не дазволіць яму зарэгістраваць да 15 мая ініцыятыўную групу. Па даверанасці дакументы на рэгістрацыю падрыхтавала яго жонка Святлана Ціханоўская, але Цэнтрвыбаркам вырашыў, што блогер няправільна аформіў заяву, бо там не было яго подпісу. За гадзіну да заканчэння вызначанага тэрміну Ціханоўская падала дакументы на рэгістрацыю сваёй уласнай ініцыятыўнай групы, якую 20 мая зарэгістравалі. Гэтая падзея стане лёсавызначальнай для беларускага грамадства.

У дзень рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Ціханоўскай яе муж Сяргей выйшаў на свабоду і актыўна ўключыўся ў перадвыбарчую кампанію. 

29 мая Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з работнікамі Мінскага трактарнага завода накінуўся на сям’ю Ціханоўскіх. Блогера ён назваў «шалудзівым».

«Ходзіць, крычыць па Мінску больш, дый у іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён ездзіць, хто яго фінансуе. … Ён нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку [Святлану Ціханоўскую] там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. (…) У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не выспела для таго, каб галасаваць за жанчыну». 

І, відаць, абмовіўся пра наступныя падзеі, здзейсненыя па яго загадзе:

«Рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы з міліцыяй быў больш акуратны. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасць, дык адкажа. Мне ўжо цяжка прыходзіцца, стрымліваючы іх».

Увечары таго ж дня Сяргей Ціханоўскі прыбыў на пікет па зборы подпісаў на Савецкую плошчу ў Гродне. Ён размаўляў з людзьмі, даваў каментарыі медыя, многія фатаграфаваліся са знакамітым тапкам, якім сімвалічна мусілі раздушыць «таракана».

А 20-й гадзіне да Ціханоўскага падышлі і сталі чапляцца дзве жанчыны ў медыцынскіх масках. Адна з правакатарак закідала блогеру, чаму ён сабраў акцыю, калі ў краіне каранавірус, і дзе Святлана, «яна што, баіцца народа?» Блогер не хацеў з ёй размаўляць, спрабаваў адысці, яна рушыла за ім следам, пачала хапаць яго за рукі, локці, вопратку, патрабаваць адказаць на яе пытанні. «Жанчына, вам не сорамна, што вы такім займаецеся? Вы правакатар», — адказаў ёй Ціханоўскі. Жанчына не спынялася і працягвала гучна абурацца.

Стрым з пікета па зборы подпісаў у Гродне, дзе па загадзе Лукашэнкі ўчынілі правакацыю, каб затрымаць Ціханоўскага

Праз хвіліну ў натоўпе прыхільнікаў Ціханоўскага з’явіліся міліцыянеры ў форме. Яны адразу скіраваліся да жанчыны, якая паскардзілася ім, што блогер уцякае ад яе: «Я хачу атрымаць адказ». Падстаўным міліцыянерам было гэтага дастаткова, каб пайсці за Ціханоўскім. У натоўпе пачынаецца штурханіна, адзін з міліцыянераў раптам аказваецца на асфальце. Праз літаральна пяць хвілін да Ціханоўскага падбягаюць супрацоўнікі АМАП, якія жорстка затрымліваюць блогера і ягонага аператара. Абодва міліцыянеры быццам бы атрымалі раненні рознай цяжкасці, але іх не шпіталізавалі.

Апазнаная правакатарка Алена Кузьміна

Адзін з міліцыянераў-сімулянтаў, якія ўдзельнічалі ў правакацыі. Фота: «Гродна лайф»

Беларусы хутка апазналі акцёраў гэтай тэатралізаванай пастаноўкі. Жанчынай-правакатаркай аказалася Алена Кузьміна, якая гандлявала сваім целам на тэматычных рэсурсах і мела мянушку «Ламбада». Да ўдзелу ў правакацыі яе прыцягнуў супрацоўнік ГУБАЗіКа пад пагрозай адабрання дзіцяці. А міліцыянерам-сімулянтам аказаўся старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Казлоўскі, старшы ўчастковы інспектар грамадскага пункта аховы парадку №2 Ленінскага раёна. Яму ўдзел у акцыі паспрыяў у павышэнні.

На наступны дзень прэс-служба МУС паведаміла, што супраць блогера завялі крымінальную справу па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Больш на волю Ціханоўскі ўжо не выйдзе. Крымінальныя справы будуць сыпацца на яго адна за адной: за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, за перашкоду ажыццяўленню выбарчых правоў, за распальванне варожасці ці варажнечы, за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Было відавочна, што блогер, які перахапіў позву Лукашэнкі па барацьбе з праблемамі ў рэгіёнах, успрымаецца рэжымам як галоўны вораг.

Праз месяц пасля затрымання Лукашэнка прызнаўся, што прычынай затрымання блогера быў яго асабісты загад ліквідаваць апанента, а не нейкі там напад на міліцыянераў.

«Так, я даў сігнал з Ціханоўскім. Я нешта не так рабіў? Я перажываў за сваю краіну, за якую я пакуль яшчэ адказваю. І буду адказваць заўсёды — у любой якасці».

Няўмелая, абуральная па сваёй дзёрзкасці правакацыя не толькі не дэмаралізавала людзей, але яшчэ больш падвысіла градус незадаволенасці ў грамадстве, уцягваючы ў пратэсныя колы ўсё большыя масы людзей і ператвараючы змаганне за свабоду ва ўсенародную справу.

Але лукашысты не бачылі сваіх памылак. Не заўважылі яны і «хатнюю гаспадыню», якая аб’яднала вакол сябе ўсіх прыхільнікаў недапушчаных кандыдатаў і стала ўрэшце нацыянальным лідарам. 

Удзельнікі пратэстаў 2020 года з плакатам «Ціханоўскімі не нараджаюцца, Ціханоўскімі становяцца»

У канцы 2020 года «Байпол» апублікаваў матэрыялы, у якіх голас, які, відавочна, належыць экс-міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву, кажа што Ціханоўскага (не называючы па імені) «трэба пасадзіць надоўга». 

«​​Хай крычыць увесь свет: «По пределу, по беспределу». Такая пачвара больш небяспечная, чым усе. Ён больш небяспечны за ўсіх гэтых Бабарыкаў. Ён разбуральнік дзяржавы. Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!»

Гэтая істэрычная прамова найбольш яскрава праілюстравала значэнне Ціханоўскага ў пераўтварэннях, якія адбыліся з беларускім грамадствам у 2020 годзе.

Сяргей Ціханоўскі ў снежні 2021-га быў асуджаны на 18 гадоў калоніі. Пазней да яго тэрміну дадалі яшчэ паўтара года — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Блогера трымаюць у жодзінскай турме. Ужо тры месяцы пра яго няма ніякай інфармацыі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Янка/адказаць/
29.05.2023
Ага, вы гэтыя казкі дзецям расказвайце, Ну дык хто ж вінаваты, што менавіта ў 2019 лукашэнкаўскія чынушы кінулі Ціханоўскага? Для тых, хто ў танку, але больш верагодна - звычайны гэбэшны троль, нагадаю, што менавіта ў тый час Ціханоўскі інвеставаў свае заробленыя на аператарстве грошы ў прыватызацыю недзе ў вёсцы старога цаглянага будынку, які ў руках "крэпких хозяйственников" упэўнена разбураўся. Сяргей марыў аднавіць гэты будынак і зрабіць з яго гатэль, што безумоўна станоўча паўплывала б на эканамічны стан тых мясцінаў. Але пасля набыцця чынушы раптоўна заклапаціліся лёсам гэтага будынка, і пачалі прад'яўляць непрымальныя ўмовы для дазволу зрабіць нешта камерцыйна прывабнае з таго палужывога будынку. Вось тады Сяргей, якога літаральна кінулі на істотныя для яго грошы, вырашыў паказваць ўсю некампетэнтнасць лукашэнкаўскіх прызначэнцаў у рэгіёнах і адлюстроўваць у сваім блогу праблемы, з якімі вымушаны штодзенна сутыкацца шэраговыя жыхары беларускіх рэгіёнаў з-за нізкай якасці лукашэнкаўскай дзяржавы. Магчыма, што ягоныя геапалітычныя погляды прынамсі ў тый момант былі прарасейскімі, але ці перашкаджала гэта змагацца за лепшую долю для сваіх абяздоленых суайчыннікаў з перыферыі? Спачатку была незадаволенасць эканамічным станам на перыферыі. Потым стала зразумела, што нічога нельга зрабіць ва ўмовах кепскага кіравання лукашэнкаўскіх чынуш, якія прызначаюцца сверх уніз па вертыкалі перш за ўсё па прынцыпу лаяльнасці рэжыму. То бок паступова прыйшло паразуменне, што трэба змяняць нязменную вертыкаль ўлады, што немагчыма без таго, каб прыбраць яе стрыжань ў выглядзе тады яшчэ проста аўтарытарнага правіцеля. Але Сяргей ня ўтрымаўся на волі да моманту, калі стала відавочна, што Пуцін дзеля інтарэсаў дыктатарскага інтэрнацыяналу будзе падтрымліваць Лукашэнку насуперак як інтарэсам большасці беларускага народа, так і інтарэсам добрых адносінаў між народамі. Цяжка казаць, ў якой ступені эвалюцыянавалі ў Сяргея ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі лукашэнкаўскіх засценкаў геапалітычныя погляды, асабліва пасля пачатку масштабнай агрэсіі Расеі ва Ўкраіну, але безумоўна пэўныя змены мусілі адбыцца. Гэта добра бачна на прыкладзе эвалюцыі поглядаў ягонай жонкі, Святланы, якая вельмі добра адлюстроўвае эвалюцыю поглядаў у беларускім грамадстве.
30.05.2023
Янка, я бачу што ты яўна за лавэ працуеш, ведаеш нават чытаць ня стаў. Лепш паведамі скуль тыя грошы, скул грошы за канапай, чаму Ціханоўска не гатовая на паліграфе пацьвердзіць свае добрыя намеры? А агенты мы ўсе агенты, так жа Зянон яшчэ казаў.
1
Мы памятаем пра Крым/адказаць/
30.05.2023
Янка, купіў бы і аднаўляў спакойна маёнтак і не было б праблем, нават пры лукашызме, а так уся яго дзейнасць ад пачатку гэта піяр і пра Крым мы памятаем!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера