Знайсці
30.05.2023 / 17:4616РусŁacБел

Анатоль Лапо: генерал, які атрымаў трыццаць срэбранікаў

Успамінаем, чым запомніўся старшыня Памежнага камітэта, якое дачыненне ён меў да палітычнага крызісу ў Беларусі і вайны ва Украіне.

Фота: БелТА

Анатоль Лапо нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Кулакоўка Бялыніцкага раёна на Магілёўшчыне. Маці выкладала мовы ў школе, а бацька быў кіроўцам у калгасе. Некалі прозвішча Лапо (гістарычна — Лапа) насіла палова кулакоўцаў. Прыкладна ў 1973-1974 гады сям’я Анатоля пераехала ў Магілёў.

Жыццёвы шлях выбраў, як згадваў сам Анатоль Лапо, падчас тэрміновай службы на савецка-турэцкай мяжы ў Батумі, дзе размяшчаўся 37-ы пагранічны атрад. Акурат з мяжой ён вырашыў звязаць свой далейшы лёс.

У 1986 годзе ён скончыў Галіцынскае вышэйшае пагранічнае вайскова-палітычнае вучылішча КДБ СССР імя Варашылава пад Масквой. Прыналежнасць навучальнай установы да КДБ невыпадковая, бо ў савецкія часы памежнікі падпарадкоўваліся «чэкістам». У адрозненне ад Беларусі, дзе створанае асобнае пагранічнае ведамства, у Расіі савецкая іерархія захавалася. Праўда, замест КДБ памежнікі цяпер падпарадкаваныя яе пераемніцы — Федэральнай службе бяспекі.

Пасля сканчэння вучобы працягнуў служыць у Закаўказскай пагранічнай акрузе СССР, даслужыўшыся да пасады намесніка каменданта — начальніка штаба пагранкамендатуры ў Батумскім пагранатрадзе. Кар’ерны рост перарваўся распадам Савецкага Саюза, хоць войскі яшчэ пэўны час працягвалі ахоўваць колішнюю савецкую граніцу.

У 1992 годзе вярнуўся ў Беларусь, дзе нязменна працаваў у Смаргонскім памежным атрадзе. У 2004 годзе стаў камандзірам атрада. Лапо вельмі ганарыўся створаным тут першым у краіне кіналагічным цэнтрам. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што ягоная дачка Настасся займаецца развядзеннем сабак пароды хаскі.

Чарговую адукацыю зноў атрымаў у Расіі, скончыўшы ў 2001 годзе Акадэмію федэральнай пагранічнай службы. За савецкім часам у Беларусі сваёй профільнай установы для навучання памежнікаў не існавала, айчынны Інстытут пагранічнай службы з’явіўся толькі ў 2010 годзе. 

У Пагранічным камітэце Лапо быў з 2008 года. У 2016-м яго прызначылі там старшынёй замест вайскоўца Леаніда Мальцава, які не меў ніякага дачынення да пагранічнай службы да свайго прызначэння ў 2013 годзе.

Увесь гэты час Лапо заставаўся малапублічнай асобай, зрэдку каментуючы інцыдэнты на мяжы і планы свайго ведамства.

Але нагадаў пра сябе ў пераломным 2020 годзе, калі кіраўнік беларускіх каталікоў, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся непасрэдна да яго з пытаннем, чаму яму не дазволілі вярнуцца на радзіму. Лапо тады патлумачыў гэтую відавочную рэпрэсіўную меру рэжыму Лукашэнкі супраць нелаяльнай Каталіцкай царквы тым, што пашпарт архібіскупа прызналі несапраўдным. 

Анатоль Лапо сярод беларускіх сілавікоў у 2020 годзе. Фота: «Пул першага»

У кастрычніку таго ж года Анатоль Лапо за верную службу разам з іншымі сілавікамі, кіраўніком дзяржбяспекі Церцелем і міністрам абароны Хрэніным, атрымаў ад Лукашэнкі званне генерал-лейтэнанта.

У студзені 2021 года ўкраінскія медыя апублікавалі быццам бы перахоплены спецслужбамі ліст старшыні Дзяржпагранкамітэта да расійскага ФСБ, у якім ён запрашае расіян «стварыць сумесныя выведвальныя пасты радыёэлектроннай выведкі і спецыяльнай тэхнічнай выведкі пагранічных органаў Расіі на тэрыторыі Беларусі з задзейнічаннем спецыяльных тэхнічных сродкаў расійскага боку». Тады сапраўднасць таго зліву падавалася малаверагоднай.

Летам 2021 года беларускія памежнікі актыўна ўключыліся ў «гібрыдную агрэсію» супраць сумежных краін Еўрасаюза, усяляк спрыяючы незаконнаму перасячэнню мяжы мігрантамі, якіх адмыслова завозілі з Ірака, Сірыі і Афганістана. Беларускі бок наўмысна правакаваў мігранцкі крызіс у якасці помсты за ўведзеныя санкцыі. Калі еўрапейскія краіны пачалі ставіць агароджы ўздоўж мяжы, беларускія памежнікі, насуперак сваім абавязкам, сталі дапамагаць мігрантам пераадольваць іх.

Увосень 2021 года, калі Лукашэнка лятаў з прыватнымі візітамі да Пуціна, следам за ім у Сочы чамусьці быў камандзіраваны і старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо. Усё гэта адбывалася на фоне сцягвання да ўкраінскай мяжы расійскіх войскаў, што прыкрывалася сумеснымі вучэннямі «Захад-2021» узброеных сіл Расіі і Беларусі. 

У канцы 2021 года Анатоль Лапо трапіў у санкцыйныя спісы ЗША, Канады, Еўрапейскага саюза, а таксама шэрагу іншых еўрапейскіх краін — за развязванне міграцыйнага крызісу. 

Фота: БелТА

Ва ўмовах ужо падрыхтаванага ўварвання Расіі, якая пад выглядам яшчэ адных вайсковых вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022» сцягнула ў Беларусь яшчэ больш сілаў, Лапо адвялі ролю «гаваркой галавы». Пераварочваючы сітуацыю з ног на галаву, ён роўна за месяц да расійскай агрэсіі казаў, што «ніколі на нашых межах не было такой канцэнтрацыі войскаў сумежных дзяржаў» і што «мы ніколі не думалі, што наша паўднёвая суседка [Украіна] будзе сябе так паводзіць». Украінскі бок, паводле ягоных словаў, нагнятаў істэрыю і паводзіў сябе недружалюбна.

Трансляваў ён таксама і фэйкі пра, напрыклад, жаданне Польшчы захапіць беларускага памежніка, для прадухілення чаго ён дазволіў страляць на паражэнне.

24 лютага 2022 года расійскія войскі ўварваліся ва Украіну з беларускай тэрыторыі, прайшоўшы без аніякіх эксцэсаў і непаразуменняў беларускую мяжу. Такое магчыма толькі ў выпадку, калі Памежны камітэт быў загадзя папярэджаны. 

Праз год кіраўнік памежнай службы Украіны Сяргей Дайнэка ў інтэрв'ю раскажа пра сваю апошнюю сустрэчу з Лапо 19 лютага: 

«Мой калега запэўніў, што гэтага [ўварвання з тэрыторыі Беларусі] дакладна не можа быць. Але па яго рэакцыі я бачыў, што ён хлусіць. Гэта была апошняя сустрэча і апошняя размова з ім. Я даў яму паслухаць сякія-такія матэрыялы, перахоп размоў расійскіх вайскоўцаў. Ён збялеў, потым стаў чырвоным, потым зялёным, абяцаў, што дакладзе ў гэты ж вечар Лукашэнку. Ну, а далей мы ўжо бачылі, што адбывалася».

У сярэдзіне сакавіка 2022 года, калі наступ на Кіеў праваліўся, Дайнэка перадаў свайму беларускаму калегу 30 срэбранікаў — такой была плата Юдзе за здраду Хрысту паводле Бібліі. Юда ўрэшце павесіўся, Лапо застаўся працаваць на сваёй пасадзе. 

Сяргей Дайнэка перадае праз беларускага пасла 30 срэбранікаў свайму беларускаму калегу Анатолю Лапо

Ён працягнуў хлусіць у тым ліку бацькам салдат пра сітуацыю на ўкраінскай мяжы, вінавацячы Украіну ў правакацыях, хоць у адказ на поўнамаштабнае ўварванне на тэрыторыю Беларусі не прыляцеў ніводны ўкраінскі снарад. 

Абурыла і абразіла Лапо нават тое, што ўкраінскі бок вывесіў на мяжы побач са сваім сцягам яшчэ і беларускі бела-чырвоны-белы сцяг, які ён у духу людаедскай лукашэнкаўскай прапаганды назваў «бэчэбэшнай анучай». 

Цяжка ўявіць, што можа дыскрэдытаваць кіраўніка памежнай службы больш, чым яе відавочная «дзіравасць», калі яе туды-сюды могуць перасякаць і натоўпы мігрантаў, і вайсковая тэхніка іншай краіны. Зрэшты, сама мяжа Беларусі — паняцце спецыфічнае. Граніца з Расіяй ніяк не ахоўваецца і не кантралюецца. Фактычна маем не мяжу Беларусі, а заходнюю мяжу «Саюзнай дзяржавы».

У лютым 2023 года Лапо разам з адыёзнымі прапагандыстамі і сілавікамі ўключылі ў т. зв. «Камісію па вяртанні збеглых». 

Фота: БелТА

Даслужыў Анатоль Лапо да 60 гадоў. Ледзь паспелі 28 мая азначыць Дзень памежніка, як праз дзень быў прызначаны новы старшыня Памежнага камітэта — ураджэнец Расіі і выпускнік той самай Акадэміі ФСБ Канстанцін Моластаў, а Лапо звольнены ў запас. Моластаў кіраваў у Гродне ў час, калі там ажыццяўлялася атака мігрантамі на Польшчу і Літву.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
12
Панылы сорам
32
Ха-ха
10
Ого
6
Сумна
8
Абуральна
62
0
Za LUPPO!/адказаць/
31.05.2023
Above. No comments.
0
даведка/адказаць/
31.05.2023
На фото за спиной новоназначенного Константина Молостова висел портрет Анатолия Лаппо, а не Лукашенко.
0
даведка/адказаць/
31.05.2023
Константин Молостов служил в Гродно вместе с нынешними госсектретарём Вольвовичем, его заместителем от госбезопасности Неверовским, а также имел пересечения по службе в погранвойсках с ныне гл. чекистом Тертелем.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930