У Мінску збіраюцца ўзаконіць «самавольныя» кветнікі, за якія цяпер маюць штрафаваць
Улады сталіцы могуць узаконіць добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый, выкананае грамадзянамі самастойна, пішуць «Мінск-Навіны» са спасылкай на намесніцу старшыні Камітэта землеўпарадкавання гарвыканкама Ганну Дубкову. Цяпер гэта парушэнне закона і можа карацца штрафам да 25 базавых велічынь.
З 2022 года і па сёння, па словах Дубковай, у Мінску выяўлены шэраг парушэнняў зямельнага заканадаўства і правіл добраўпарадкавання.
«Некаторыя грамадзяне, не атрымаўшы дазволу гарадскіх улад, добраўпарадкавалі зямлю агульнага карыстання, прылеглую да іх зямельных участкаў, — патлумачыла чыноўніца. — Напрыклад, заасфальтавалі пад'езды, паклалі плітку, пасадзілі дэкаратыўныя расліны, разбілі кветнікі».
Гэта ўсё цяпер — парушэнне правілаў добраўпарадкавання, якія ў 2016 годзе зацвердзіў Мінскі гарсавет. Але такія факты сталічныя ўлады могуць узаконіць, прыняўшы адпаведныя рашэнні, і гараджанам не прыйдзецца плаціць штрафы за сваю ініцыятыву.
Прадстаўніца Мінгарвыканкама дадала, што людзей праінфармуюць пра наяўнасць парушэнняў — да гэтага часу іх налічылі звыш 6 тысяч, — а да 2025 года прымуць меры па легалізацыі.
З аднаго боку, па словах чыноўніцы, грамадзяне нібы і малайцы, што самастойна добраўпарадкавалі свае двары і ашчадзілі бюджэтныя грошы. Але з іншага — гэта ж дзеянні супраць дысцыпліны і парадку, імі парушаюцца ўстаноўленыя ўладамі правілы.
А за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па арт. 22.10 КаАП — штраф да 25 базавых для фізічнай асобы, ад 20 да 100 для юрыдычнай і ад 10 да 50 для індывідуальнага прадпрымальніка.
Зрэшты, Ганна Дубкова запэўніла, што любое добраўпарадкаванне, якое не абмяжоўвае доступ да зямель агульнага карыстання, будзе ўзаконена. І толькі калі доступу няма, то аб'ект добраўпарадкавання дэмантуюць.
Чытайце таксама:
Лукашэнка падпісаў указ аб садаводчых таварыствах
А можа не варта так часта касіць газон? Вось што пра гэта кажа навука






https://dcsfxzu8xls6u.cloudfront.net/318050