Знайсці
02.06.2023 / 21:0812РусŁacБел

Смерць беларускай айцішніцы ў Грузіі: як трагедыя маладой дзяўчыны вылілася ў вялікі краўдшэймінг

У сакавіку ў Тбілісі памерла беларуска Кацярына Кручок. Ёй было 29 гадоў. «Я ў шоку, дзяўчына памерла фактычна праз працу», — эмацыйны твітарскі пост пра гэта сабраў 325 тысяч праглядаў. Выбухнуў скандал, якога даўно не было ў беларускім ІТ. «Нашай Ніве» ўдалося высветліць факты, што дазваляюць зрабіць важныя высновы, якія выходзяць за межы адной трагедыі.

Кацярына Кручок. Фота: інстаграм Хрысціны Хейфец

У інстаграме разышліся рэпосты допісаў псіхолага Хрысціны Хейфец, у якіх, як выглядае, віна за смерць беларускі ўскладалася на кіраўніцтва і калектыў кампаніі HQ Software — прадуктовага аўтсорсера з Мінска, у якім працуе каля 100 чалавек. Яны, як сцвярджалася, зацкавалі калегу да смерці.

Гісторыю падхапілі расійскія медыя. 

Нават блогерка Ксенія Сабчак падзялілася са сваёй аўдыторыяй падгледжанай на расійскіх сайтах гісторыяй: «Памерла ў маладым узросце пасля сутыкнення з велізарным ціскам, перапрацоўкамі і эмацыйным гвалтам», — напісала Сабчак у сябе ў канале.

Калі «Наша Ніва» пачала разбірацца ў гэтай гісторыі, нітка, аднак, прывяла нас зусім не туды, дзе напачатку праглядаўся канец. 

Пра каго гісторыя

Кацярыне Кручок было 29 гадоў. У 2021 годзе яна прыйшла ў кампанію HQ і працавала там тэсціроўшчыцай да самай смерці ў сакавіку 2023-га. Яна амаль усё ўсвядомленае жыццё пражыла ў Беларусі і толькі вясной 2022-га выехала ў Грузію. Гэты факт будзе мець значэнне, як вы пабачыце далей.

Тады, на фоне вайны, кампанія пад ціскам настрояў супрацоўнікаў і замоўцаў адкрыла праграму рэлакацыі. Чвэрць супрацоўнікаў паехала ў ЕС, чвэрць — у Грузію. Кампанія аплачвала пераезд. Для тых людзей, якім нічога не пагражала, гэта была добрая магчымасць для свайго роду турызму за кошт кампаніі — папрацаваць у іншай краіне, змяніць атмасферу.

У Грузіі Кацярына Кручок зарэгістравалася як ІП і працягнула працу на сваю матчыну кампанію.

За час жыцця ў Грузіі, як пазней высветліцца, яна знайшла сабе другую работу — у кампаніі DataArt. 

Паралельна з гэтым на асноўнай рабоце разгортваўся новы праект, на які прызначылі Кручок. А пра факт паралельнага ўладкавання стала вядома мінскаму офісу HQ, які гэта ўспрыняў негатыўна, бо непакоіўся, што гэта можа кепска адбіцца на яе аддачы на ранейшым месцы працы.

Паміж Кручок і калегамі з мінскага офіса пачалі ўзнікаць канфлікты. Гэта пачалося ў канцы 2022 года.

Да таго, па словах супрацоўнікаў гэтай кампаніі, у адносінах з калегамі ў Кручок усё было добра. Яе хвалілі, адзначалі як добрую супрацоўніцу. Што ж надтрэснула, што пайшло не так у канцы мінулага года?

Наўпрост у свой перадапошні працоўны дзень, 2 сакавіка, Кручок памерла.

Адзіная такая ў Беларусі

У Кацярыны Кручок была вельмі-вельмі рэдкая хвароба Лерміта — Дзюкло (дыспластычная гангліяцытома мазжачка). Усяго ў свеце пару соцень апісаных выпадкаў.

У навуковых артыкулах з апісаннем хваробы гаворыцца, што пры ёй на мазжачку ўтвараецца дабраякасная пухліна (гамартома), якая не заўсёды паддаецца рэзекцыі, бо мяжа між пухлінападобным утварэннем і мазжачком невыразная і існуе рызыка закрануць сам орган.

Хворыя на сіндром пакутуюць, у тым ліку, ад павышэння ўнутрычарапнога ціску.

«[…] пацыент адчуваў параксізмальнае (эпізадычнае) галавакружэнне з паўторнымі падзеннямі, а пры абследаванні вызначаліся мазжачковая атаксія (цяжкасці ў падтрымцы раўнавагі, нязграбныя рухі), дізартрыя (парушэнні гаворкі), ністагм (некантраляваныя рухі вачэй), нервова-псіхічныя разлады з дэзарыентацыяй і парушэннямі памяці», — апісвае смяротны выпадак 36-гадовага мужчыны адна з навуковых публікацый.

Хвароба найчасцей праяўляецца ў пераходным узросце і далей. Магчымы далейшыя ўскладненні — рост гэтак званых гамартом на іншых органах.

Кацярына, як вядома «Нашай Ніве», была адзінай у Беларусі пацыенткай з гэтым дыягназам. Выявілі яго выпадкова, калі ў яе пачаў горшаць зрок. Дзяўчына прайшла праз дзве аперацыі, апошняя адбылася пяць гадоў таму, у 2018-м: падчас першай не ўдалося выразаць усю пухліну цалкам.

Пасля гэтага Кацярыне раз на год трэба было праходзіць прафілактычныя агляды, у Беларусі гэта рабілі спецыялісты РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. 

У пасведчанні аб смерці Кацярыны Кручок прычынай пазначанае кровазліццё. Яе знайшлі грузіны, у якіх яна здымала кватэру, на просьбу бацькі, які захваляваўся за стан дачкі.

Што перажывала дзяўчына незадоўга перад смерцю, мы пакуль ведаем толькі са скрыншотаў, апублікаваных Хрысцінай Хейфец.

Скандал пасля смерці

Памерлую Кацярыну Кручок Хрысціна Хейфец асабіста не ведала. Свой аповед яна будавала на аналізе скрыншотаў перапіскі дзяўчыны з хлопцам, з якім Кручок падтрымлівала камунікацыю апошнія месяцы і які нібыта папрасіў апублічыць гэту гісторыю.

Скрын аднаго з допісаў Хрысціны

З апублікаванага Хрысцінай можна было падумаць: да смерці Кацярыну давялі калегі па працы і начальства, дзяўчына не вытрымала ціску. 

У адным з гэтых скрыншотаў Кручок з хлопцам абмяркоўвае свой сыход з кампаніі HQ. 

 

«Як жа я іх ненавіджу, яны мне тупа не дадуць спакойна сысці, с*ка, хуткая [дапамога] кожны дзень дадому ездзіць. Кожны, бл*ць, дзень. Яны мне тупа здароўе пасадзілі», — рэагуе Кручок на анонс свайго сыходу ў працоўным чаце.

На іншых скрыншотах Кручок апісвае пагаршэнні стану свайго здароўя. Яна звязвае іх з канфліктамі з калегамі пры сазвонах, на якіх яе работу крытыкавалі.

Чаму Кручок не сышла з гэтай працы раней? Гучала версія, што ў такім выпадку ёй трэба было б выплаціць штраф кампаніі, якая ўклалася ў яе рэлакацыю (у HQ рэлакаваны супрацоўнік павінен адпрацаваць мінімум год, у адваротным выпадку — кампенсаваць выдаткі на свой пераезд). Але, наколькі вядома, у выпадку з Кацярынай гаворкі пра гэты штраф ужо не ішло. 

Хейфец прыводзіць дадатковыя аргументы. Па-першае, яна знайшла чатыры негатыўныя водгукі на кампанію на адпаведным сайце, дзе айцішнікі дзеляцца сваімі ўражаннямі ад працы. Акрамя таго, яна кажа, што колішнія супрацоўнікі кампаніі таксама расказалі ёй, як цяжка ім працавалася ў HQ праз прэсінг і перапрацоўкі. Крытыка не адносілася да праекта, над якім працавала Кручок.

Скрын аднаго з допісаў Хрысціны

Хейфец прывяла водгукі, дзе кіраўніка HQ Сяргея Вардамацкага абвінавачваюць ў сэксуальным пераследзе іншых супрацоўніц, называюць яго «пузам на ножках». 

«1 красавіка я напісала Сяргею Вардамацкаму з просьбай даць каментарый. Адказу не было. Пасля маёй публікацыі яшчэ ў сакавіку Сяргей выдаліў свае сацыяльныя сеткі. Перыядычна іх аднаўляў, завёў новы інстаграм. Рыба гніе з галавы», — напісала Хейфец пра кіраўніка кампаніі.

Хрысціна скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, нейкі час працавала журналісткай у невялікім выданні, цяпер прэзентуе сябе псіхолагам, прыкладваючы выдадзены ў Саратаве (Расія) сертыфікат.

«У псіхалогію я вырашыла пайсці, яшчэ калі вучылася на лінгвіста-перакладчыка. Я заўсёды любіла дапамагаць людзям, бачыла ў гэтым калі не сэнс жыцця, то нешта вельмі важнае майму сэрцу, — піша яна пра сябе ў інстаграме. — Вядома, у мяне быў сіндром выратавальніка, без яго не абышлося: я дапамагала на шкоду сабе, будучы ў цяжкай дэпрэсіі».

Але, як стала вядома «Нашай Ніве», кіраўнік HQ акурат у пачатку сакавіка выдаліўся з сацыяльных сетак з іншых прычын. Яго затрымліваў КДБ. 

Гэта не мела ніякага дачынення да смерці Кручок. Сяргей Вардамацкі — пілот-аматар, у яго ёсць лёгкаматорнік. Пасля атакі на расійскі самалёт у Мачулішчах КДБ пачаў аблаву на членаў аэраклубаў: былі затрыманыя дзясяткі людзей, сярод якіх трапіў і Вардамацкі. Дакладна невядома, колькі дзён ён быў у КДБ, але па выхадзе гэты чалавек выдаліў усе сацыяльныя сеткі і нейкі час не з'яўляўся на працы. 

У сітуацыі арышту Вардамацкага кіраўніцтва кампаніі працавала ў рэжыме надзвычайнай сітуацыі. Між тым Хейфец інтэрпрэтавала маўчанне кіраўніка і выдаленне ім сацыяльных сетак як ускосны доказ віны. 

«Прыемнага вам крымінальнага пераследу», «справядлівасць пераможа», «спадзяюся, вы ўсе датычныя сядзеце дружна» — пісалі тым часам каментатары ў інстаграм кампаніі. 

Хейфец паведаміла аўдыторыі аб існаванні крымінальнай справы. «Наша Ніва» папрасіла ў яе копію даведкі аб завядзенні крымінальнай справы. З паказанага нам фота стала ясна, што гэта не справа супраць кампаніі ці канкрэтных людзей, гэта тыпавая крымінальная справа, якая заводзіцца па факце незвычайнай смерці чалавека, без пазначэння падазраваных. Гэта стандартная практыка ва ўсіх цывілізаваных краінах свету. Калі крымінальны характар смерці не вызначаецца, то справа закрываецца. Справа датаваная 04.03.2023, яе далейшы лёс невядомы. 

Яшчэ адным сведчаннем стаў допіс калегі Кацярыны Кручок, якая амаль год жыла разам з ёй у адной кватэры ў Тбілісі.

Ганна Асіпенка ў чатырох допісах у Linkedin расказала аб сумесным побыце, падыходах Кацярыны да работы, а таксама яе тэмпераменце і псіхалагічным стане.

Амаль год, з красавіка 2022-га года да канца лютага 2023-га, Асіпенка жыла разам з дзяўчынай у аднушцы. Кацярына не выкарыстоўвала навушнікі падчас працоўных званкоў, таму яе суседка чула ўсю працоўную камунікацыю Кручок.

На думку Ганны, цяжкасці ў яе суседкі ўзніклі восенню 2022 года: «Яе паставілі на вялікі складаны праект, з якога, як мне падаецца, пачаліся праблемы. Калі раней Каця была збольшага працавала сама па сабе, то на гэтым праекце з'явіўся стражэйшы кантроль і Каця пачала моцна прасядаць па тэрмінах. Пры гэтым з крытыкай яна заўсёды згаджалася, але папраўдзе прымала яе на асабісты рахунак».

Дзяўчына прыводзіць прыклад размовы, калі ў Кацярыны пыталіся, што яна зрабіла па сваіх задачах, тая адказвала, што разабралася толькі з першым заданнем, хоць яно патрабавала зусім няшмат часу, а не ўвесь дзень.

Далей, расказвае Асіпенка, з Кацярынай пачала працаваць эйчар-служба кампаніі: маўляў, калі ты не спраўляешся, мы гатовыя дапамагчы, вазьмі адпачынак. Дзяўчына не прымала дапамогі і пры гэтым скардзілася блізкім, што на працы яе крыўдзяць. «Каця часта драматызавала», — мяркуе калега. З цягам часу высветлілася, што Кручок, паводле Ганны, паралельна працавала ў іншай кампаніі, і паступова ў яе нібыта пачаліся праблемы і там — Асіпенка спасылаецца на размовы суседкі з кіраўніцтвам, якія яна чула.

Праз дрэнныя паказчыкі працы ў канцы студзеня Кацярыну вырашылі звольніць. Дамовіліся на тым, што яна дапрацуе да 17 сакавіка і ўвядзе ў курс спраў новага чалавека, яна пагадзілася. Асіпенка расказвае, што, мяркуючы па пачутых ёй размовах, кіраўнікі яе суседкі былі не супраць даць ёй бальнічны. 

Асіпенка ўспамінае, што ў апошнія два тыдні жыцця Кацярына адчувала сябе блага. У яе былі зацяжныя перапады ціску, яна выклікала сабе хуткую дапамогу. Але пры гэтым працягвала працаваць, наведала Арменію — Кацярына была там за тыдзень да смерці.

Прыкладна ў той жа час Ганна пераехала на іншую кватэру.

Па словах іншага супрацоўніка HQ Software, праблемы з прадуктыўнасцю на працы ў Кацярыны пачаліся з канца лістапада 2022-га. За некалькі месяцаў яны так і не вырашыліся. У пятніцу 3 сакавіка ў яе мусіў быць фактычна апошні працоўны дзень: з панядзелка 6 сакавіка ў дзяўчыны меў пачацца адпачынак, а з 17 сакавіка — канец працоўных адносін.

Што кажуць дактары? 

Як нам стала вядома, грузіны дагэтуль не аддалі сям'і вынікі ўскрыцця. Хоць прайшло ўжо тры месяцы. Чаму? 

У шэрагу апублікаваных скрыншотаў бачна, як Кацярына Кручок апісвае свае сімптомы, якія, у цэлым, супадаюць з апісаннем сімптомаў хваробы Лерміта — Дзюкло. 

«Я ўпала проста на вуліцы», — піша Кацярына. 

«Я хадзіць нармальна не магла», — дадае яна. І прызнае, што адчувае патрэбу паправіць здароўе, бо «хуткая ездзіць як да сябе дахаты». 

У іншым месяцы дзяўчына таксама падкрэслівае гэты момант, што «хуткая, бл***, ездзіць кожны дзень». Усё гэта адбываецца на фоне анамальнага і працяглага артэрыяльнага ціску. 

Апісанне сімптомаў Кацярынай вымушае паставіць пытанне: ці атрымлівала дзяўчына ў Грузіі належную медыцынскую дапамогу? Чаму яе не паклалі ў шпіталь? Чаму адзінае, што яна атрымлівала — гэта ўкол ад ціску? 

На гэта звярнуў увагу беларускі нейрахірург і доктарка хуткай дапамогі, з якімі паразмаўляла «Наша Ніва». 

«У Беларусі хуткая, пабачыўшы яе анамнез, адвезла б яе ў РНПЦ нейрахірургіі, каб, як мінімум, не браць на сябе адказнасць у сітуацыі, калі ў нас няма пратаколаў лячэння яе хваробы. Ты не ведаеш, што рабіць, і павінен аддаць таму, хто большы спецыяліст. Не кажучы таго, што доўгі, трывалы высокі ціск — гэта паказанне для шпіталізацыі і абследавання», — сказала нам доктарка хуткай дапамогі з вялікім досведам працы.

«На мой погляд, тут канкрэтна лекарская памылка. Яе павінны былі шпіталізаваць, але эмігранты — адна з уразлівых катэгорый паўсюль, — сказаў нам беларускі нейрахірург. — Якасць медычнай дапамогі ім ніжэйшая, няроўныя магчымасці ў атрыманні дапамогі цяпер увогуле тэма на парадку дня ў медыцынскіх часопісах.

Ну, а Грузія… не Ізраіль. Калі мы гаворым пра хваробу Кацярыны, то ў нас таксама няма школы, Кацярына была адна такая ў Беларусі. Мы гаворым пра паломку гена, што і выклікае хваробу. Гэта складана. У такіх выпадках бываюць спадарожныя сіндромы, якія выклікаюць множныя гамартомы, анкалогію і г. д., што можа прыводзіць да такіх станаў, якія ўжо немагчыма купіраваць тымі сродкамі, якія ёсць у аптэчцы хуткай дапамогі. Паказанні пры яе хваробе — аперацыя і далейшае назіранне.

Калі грузіны не аддаюць вынікі ўскрыцця, то для мяне гэта сведчанне таго, што яны могуць хаваць сваю памылку, бо наступны крок сваякоў пасля атрымання даведкі — гэта задаць пытанне: дык а вы дзе былі, як вы дапусцілі, беларус — не чалавек?» — сказаў беларускі нейрахірург.

Наколькі «Наша Ніва» зразумела, Кацярына ў Грузіі не праходзіла ніякіх спецыялізаваных абследаванняў (напрыклад, МРТ), абмяжоўвалася кансультацыямі з маладым доктарам іншага профілю, з якім яны пазнаёміліся ў гэтай краіне.

Хлопец спрабаваў дапамагчы ёй знайсці профільнага спецыяліста ў Грузіі, але выявілася, што выпадкаў такіх хвароб у Грузіі не было, а спецыялістаў адпаведнага ўзроўню не знайшлося. 

«У гэтым паляванні на вядзьмарак згубілася сама трагедыя»

Як стала вядома «Нашай Ніве», кампанія HQ Software разглядае магчымасць падаць у суд на распаўсюджвальнікаў паклёпу адносна прычын смерці сваёй былой супрацоўніцы.

Рэч у тым, што мінскія эйчары кажуць, што ў выніку гэтай гісторыі кампанія HQ адчувае праблемы, ад таго што публікацыя Хрысціны Хейфец і розгалас вакол яе стварылі кампаніі таксічную рэпутацыю.

Дзмітрый Ціхановіч, калега Кручок, пісаў у Linkedin, што сутыкнуўся з агрэсіяй ад чалавека на вуліцы, які зрэагаваў на фірмовую майку HQ. 

«Калі б ён у мяне кінуў камень, мне прэтэнзіі яму выстаўляць ці таму, хто яго да гэтага падштурхнуў?» — крыўдуе ён на «тых, хто разганяў паклёп на кампанію». 

Адвакат HQ Software Антон Гашынскі расказаў на запыт праекта «1906», што калектыў кампаніі дапамог сям'і фінансава, а кіраўніцтва аплаціла пералёт у Грузію. 

Як нам стала вядома, у бацькоў Кацярыны няма юрыдычных прэтэнзій да кампаніі, але ёсць чалавечыя крыўды: напрыклад, ніхто з кампаніі не прыйшоў на пахаванне дзяўчыны ў Мінску.

Праўда, як можна меркаваць, гэта наклалася на сітуацыю з прыходам КДБ да ўласніка. 

Адвакат HQ Software таксама расказаў, што ўнутры кампаніі праходзіць праверка, па заканчэнні якой «будзем звяртацца ў суды для абароны гонару і годнасці, а таксама дзелавой рэпутацыі кампаніі». 

Ён падкрэслівае, што наяўнасць прычынна-выніковай сувязі паміж працай Кацярыны ў кампаніі і яе смерцю не вызначаная заключэннем спецыялістаў альбо прысудам суда.

«У гэтым паляванні на вядзьмарак згубілася сама трагедыя — раптоўная і трагічная смерць Кацярыны. Дзе былі тады ўсе яе сваякі і яе бацькі? Дзе былі дактары? Яе сябры і бойфрэнд? Мы нікога не судзім і не асуджаем. Але ў гэтай гісторыі пытанні паўстаюць да ўсіх датычных», — кажа Гашынскі.

Эміграцыя і якасць медыцынскага абслугоўвання

Эміграцыя нярэдка вядзе да большай сацыяльнай ізаляцыі, доступ да медыцынскага абслугоўвання таксама часта горшае. Вось пра што нагадвае і людзям, і менеджарам трагедыя Кацярыны Кручок.

Не выключана, што калі б Кацярына Кручок заставалася ў коле сям'і і назіралася ў беларускіх дактароў, якія раней яе вялі, ці знайшла добрых спецыялістаў у замежжы, то трагедыі не здарылася б.

І іншае вялікае пытанне — адказнасць блогераў за свае публікацыі. Існуе свайго роду прэзумпцыя даверу да таго, што пішуць людзі — звычайныя людзі, не медыя, не палітыкі. Аднак у эпоху сацыяльных сетак разумна ставіцца аднолькава крытычна да ўсіх тых крыніц інфармацыі, у надзейнасці якіх мы не ўпэўненыя, незалежна ад таго, мас-медыя гэта, публічная асоба ці прыватная.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Такі даход, вядома, проста дах зносіць». Айцішнік атрымлівае ў Польшчы штомесяц 18 тысяч даляраў і расказвае, як гэтулькі зарабляць ды куды траціць

«Не бачыў беларусаў у такім амплуа ні разу». Павел Лібер разважае пра грошы, заможнасць і панты

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
5
Anatol Starkou/адказаць/
03.06.2023
Чарговы лайк за журналісцкую працу
1
8-мы кіламетр/адказаць/
03.06.2023
Лёлік з-пад Лімасола, ну мяне калега запрашаў палётаць на самалёце. Палёталі, было прыкольна. Што тут такога?
0
Ноўнэйм/адказаць/
03.06.2023
Дзякуй НН за зробленую працу!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031