Знайсці
01.06.2023 / 11:051РусŁacБел

За чатыры малюнкі. Баранавіцкага актывіста без нагі асудзілі на чатыры з паловай гады калоніі

У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 30 мая агучылі прысуд былому байкеру і актывісту Ігару Шумілаву — чатыры з паловай гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Палітвязня прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за чатыры малюнкі ў «Аднакласніках». Суддзя Мікалай Кміта разглядзеў справу за адну гадзіну, піша «Вясна».

Ігар мае інваліднасць трэцяй групы — 10 гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і страціў нагу, а таксама праз гэта мае сур'ёзную праблему з правай рукой. У мужчыны ёсць 11-гадовы сын. Затрымалі Шумілава 23 лютага ў Баранавічах. На наступны дзень яго асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суддзя Вікторыя Пакунова прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак.

Пазней супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) Крымінальнага кодэкса.

Суд над мужчынам адбыўся 30 мая ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы. Справу разглядаў суддзя Мікалай Кміта, дзяржабвінавачанне падтрымлівала пракурорка Святлана Пасемка.

Падставай для крымінальнай справы сталі чатыры пасты ў «Аднакласніках» з сатырычнымі малюнкамі з Лукашэнкам, а таксама з Віктарам Лукашэнкам, кіраўніком Гродзенскай вобласці Уладзімірам Каранікам, памочнікам Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Юрыем Караевым, генпракурорам Андрэем Шведам, міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым, экс-начальнікам ГУБАЗіКа Мікалаем Карпянковым, гісторыкам Ігарам Марзалюком, начальнікам крымінальнай міліцыі Генадзем Казакевічам.

Пракурорка Святлана Пасемка. Скрыншот прапагандысцкага відэа

На ТРК «Брэст» 31 мая выйшаў відэасюжэт пра суд над Шумілавым, у якім пракурорка распавяла пра абвінавачанне. Паводле следства, у розны перыяд часу з 1 мая 2020 года па 23 мая 2022 года Шумілаў апублікаваў чатыры пасты ў «Аднакласніках» з сатырычнымі малюнкамі, у якіх следства ўгледзела абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, а таксама паклёп на Лукашэнку. Вядома, што на адной з выяў Лукашэнка разам з пералічанымі асобамі намаляваны ў выглядзе арыштантаў, якія ўтрымліваюцца ў турэмнай камеры.

На судзе Ігар цалкам прызнаў сваю віну. Ён патлумачыў, што публікацыі на ягонай старонцы з'явіліся толькі пасля таго, як ён паставіў «лайк» пад гэтамі пастамі. Сам ён не разумеў на той момант, што гэтыя малюнкі могуць быць расцэнены як абраза.

У выніку суддзя Кміта прызначыў Ігару чатыры з паловай гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта столькі запрасіла пракурорка.

Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі і лістамі:

СІЗА-6, 225413, Баранавічы, Брэсцкая, 258 В,

Ігар Юр'евіч Шумілаў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
32
01.06.2023
Hvora Kraina !
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930