Знайсці
01.06.2023 / 12:041РусŁacБел

Бацькі задалі чыноўнікам свае пытанні пра цэнтралізаваны экзамен. Вось што ім патлумачылі пра пералік балаў

Бацькі выпускнікоў учора схадзілі на прыём у Міністэрства адукацыі. Там прысутнічалі і спецыялісты з Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Пра пытанні, якія гучалі, піша «Точка». Прыводзім некаторыя вытрымкі — у тлумачэннях разабрацца няпроста.

Фота: Tochka.by

Методыка занадта складаная, ці будзе пералік?

З аўторка, 30 мая, у Беларусі працуе спецыяльная камісія. Яе мэта — вывучыць карэктнасць методыкі падліку балаў.

Па словах Мінадукацыі, ад ведамства камісія не залежыць. Спецыялісты таксама ўдакладнілі, што ў яе склад увайшлі прадстаўнікі БДУІРа, Адміністрацыі Лукашэнкі, юрысты і статыстыкі. Чаму менавіта ўніверсітэт радыёэлектронікі? У ведамстве адзначылі, што работнікі гэтай ВНУ разбіраюцца ў машыне, якая робіць падлікі балаў.

«Калі будзе прынята рашэнне, што дзесьці адбыліся збоі, або яны палічаць, што гэта было некарэктнае выстаўленне балаў, магчыма, вынікі ЦЭ будуць павялічаны на нейкі каэфіцыент. Сёння ж гэта не прадугледжана», — адзначылі ў Мінадукацыі.

Там таксама ўдакладнілі, што каэфіцыент у выпадку неабходнасці ўвядуць для ўсіх дзяцей адразу.

Якой будзе шкала пры ацэнцы другога ЦЭ?

У РІКВ патлумачылі, што ў іх няма гатовай шкалы для пераводу першасных балаў у тэставыя. Яна з'яўляецца толькі пасля таго, як дзеці напішуць экзамен, а сістэма разлічыць так званыя крокі.

«Так было з 2019 года. Методыка не памянялася. Мы заўсёды выкладвалі перакладную шкалу на сайце РІКВ пасля ЦТ. Усе маглі зайсці і зверыць свае першасныя балы і тэставыя. Для гэтага канкрэтнага ЦЭ па беларускай і рускай мовах перакладная шкала такая: да 75 балаў першасныя і тэставыя супадаюць, далей ідзе каэфіцыент», — нагадалі ў РІКВ.

Што тычыцца гісторыі Беларусі ці матэматыкі (зрэшты, любога прадмета), то шкала будзе іншай, чым на ЦЭ па мовах.

Гэта значыць, няправільна меркаваць, што з 60 максімальнымі першаснымі баламі па гісторыі Беларусі за 55 набраных першасных балаў абітурыент атрымае 55 тэставых.

Тое ж тычыцца і матэматыкі.

«Цалкам магчыма, што па ёй мы атрымаем звыклую шкалу пераводу, як на ЦТ у 2022 годзе, па якой усе і арыентаваліся», — выказалі здагадку ў РІКВ.

У Мінадукацыі таксама дапусцілі, што методыка падліку балаў другога ЦЭ можа змяніцца.

Што будзе з прахаднымі баламі?

У Мінадукацыі ўпэўненыя: сёлета прахадныя балы для паступлення ў ВНУ будуць іншымі. І мяркуючы па выніках першага ЦЭ, яны ўпадуць.

Чаму так моцна змяніліся пераводныя шкалы?

Самымі частымі сталі пытанні аб неадпаведнасці пераводнай шкалы на рэпетыцыйным тэставанні і экзамене той, што была пасля ЦЭ.

Так, адна з мам выпускнікоў прывяла ў прыклад пераводную шкалу першасных балаў у тэставыя за 2021-ы і 2022-і гады. Там розніца была зусім невялікай.

Спецыялісты РІКВ і Мінадукацыі пачалі тлумачыць, але для разумення слоў аказалася мала. Узяліся за аловак.

Вось умоўная і вельмі спрошчаная схема размеркавання першасных і тэставых балаў на графіку на ЦЭ і на трэцім этапе РТ.

Фота: Tochka.by

У кожнага тэста ёсць максімальны першасны бал, які служыць асновай для падлікаў па актуальнай на сёння методыцы. Далей з'яўляюцца каэфіцыенты, па-простаму «бонусы».

«На іх памер уплывае непасрэдна колькасць дзяцей, якія здаюць экзамен, і ўзровень іх падрыхтоўкі. Кажу вельмі груба і прымітыўна», — адзначыла прадстаўніца РІКВ.

Паводле яе прыкладу, на трэцім этапе РТ па рускай мове ўдзельнічала 10 тысяч чалавек. Лічбы несапраўдныя і служаць толькі асновай тлумачэння. Як тут, так і далей па тэксце.

«Вось агульная шкала ад нуля да ста балаў. Але трэба разумець, што яна не працуе як дзесяцібальная сістэма, дзе прысутнічаюць усе вынікі — ад аднаго да дзесяці. Тут ёсць крокі, якія вылічвае машына. І зусім неабавязкова, што дзіця атрымае 91, 92, 93 і гэтак далей да 100 балаў. Як я казала раней, гэта залежыць ад колькасці атэставаных і іх падрыхтоўкі», — працягнула тлумачэнне спецыяліст.

Паводле яе слоў, каб пралічыць гэтыя самыя крокі, сістэме неабходны пункт адліку. Ім служыць сярэдні вынік дзяцей на іспыце.

Для прыкладу агучана лічба 50. Тады сістэма генеруе крокі, якія адпавядаюць 96, 94 і 92 балам.

«Такім чынам, на першым месцы для паступлення ў ВНУ стаяць стабальнікі, на другім — тыя, у каго 96 балаў, на трэцім — 94», — апісала спецыяліст.

З ЦЭ ж крокі выйшлі іншымі. Па-першае, таму што пісалі яго ўсе выпускнікі (а гэта 53 тысячы чалавек). А па-другое, тэсты ЦЭ сталі нашмат лягчэйшымі за ЦТ, бо з іх выключылі заданні пятага ўзроўню.

«Адпаведна, і пункт адліку на шкале каласальна зрушыўся ўверх. Атрымалася, што ўсе, хто мае ніжэйшы за сярэдні вынік, і тыя, хто мае вышэйшы за яго вынік, зрушыліся бліжэй да пункта. Таму тэставы бал сістэма прыраўняла да першаснага, а крокі павялічыліся. І на першым месцы для паступлення ў ВНУ зноў аказаліся стабальнікі, а на другім — дзеці з 92 баламі, на трэцім — вынік з 86 баламі. Пры гэтым на магчымасць паступлення гэтыя лічбы не ўплываюць. Чалавек з 92 баламі на ЦЭ і 96 на РТ як уваходзіў у 2000 самых моцных дзяцей па рускай мове, так і застаўся ў гэтым дыяпазоне», — сказалі ў РІКВ.

Там жа запэўнілі, што дзеці, якія здалі ЦТ летась, не падвысяць конкурс для цяперашніх абітурыентаў. Па словах спецыялістаў, большасць з іх — з невысокімі баламі.

Што з рэйтынгавай сістэмай — яна ёсць?

На прыёме грамадзян закранулі і пытанне адной памылкі ў ЦЭ. За яе дзецям маглі зняць 14 балаў.

«Я разумею, што можа быць складаная формула для вылічэння пераводнай шкалы, я далёкая ад статыстыкі. Але па логіцы, вось дзіця дапусціла адну памылку, у працэнтных суадносінах гэта колькі будзе?» — удакладніла мама выпускніцы.

У Мінадукацыі растлумачылі, што працэнт памылкі не іграе ролі пры цяперашняй методыцы падліку балаў.

«На сёння не ўлічваецца і складанасць задання (гэта значыць, як яго выканалі іншыя), а кажучы пра рэйтынг, гаворка ідзе пра адсоткавыя суадносіны, на колькі першасных балаў напісала група людзей», — удакладнілі ў РІКВ.

«Так, не мае значэння, дзе вы памыліліся, у самым простым ці ў самым складаным заданні. Вам проста не налічаць пэўныя першасныя балы», — удакладнілі ў Мінадукацыі.

У РІКВ прызнаюцца, што ўпершыню пераводная шкала склалася падобным чынам, і такога там дакладна не чакалі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
01.06.2023
- чем больше в министерстве об(разования) дубов, тем крепче наша об(орона) - так мой сказал
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера