Паміж Беларуссю і Расіяй будуюць новую лінію абароны — «Флагшток»
Па даных касмічнага сервіса Sentinel, каля былога памежнага перахода «Тры сястры» на расійскім баку пачалося будаўніцтва новай лініі абароны, піша «Флагшток», які звярнуў увагу на спадарожнікавыя здымкі.
Паводле выдання, новая лінія абароны ідзе ўздоўж мяжы з Беларуссю. Змены адбыліся з 30 мая да 2 чэрвеня. Лінія працягнулася на 250 метраў уздоўж беларускай мяжы.
На працягу мая 2023 года ў раёне таго ж памежнага перахода на беларускім баку быў спілаваны лес на мяжы РФ, у другім лясным масіве побач з'явіўся комплекс траншэй.
Днём 30 мая расіяне ўзарвалі частку дарогі ў Чарнігаўскай вобласці на стыку мяжы Украіны з Расіяй і Беларуссю, побач з манументам «Тры сястры».
Канал ваенкараў напісаў, што такім чынам расіяне падарвалі «шлях ворага, які ён мог бы калісьці паспрабаваць выкарыстаць для нападу».
У апошнія некалькі тыдняў адбылося некалькі гучных дыверсій на тэрыторыі Бранскай, Белгародскай абласцей, беспілотнікі атакавалі нават Маскву.





