Знайсці
03.06.2023 / 16:18РусŁacБел

«Усё стабільна дрэнна». Агенцтва Moody's зноў панізіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі, аднак павысіла прагноз па ёй з «негатыўнага» на «стабільны»

Паводле справаздачы агенцтва, Беларусь нясе вельмі сур'ёзныя эканамічныя страты праз сваю палітыку і падтрымку вайны супраць Украіны. Расія кампенсаваць усё гэта не зможа.

Ілюстрацыйная выява. Фота: «Наша Ніва»

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's знізіла доўгатэрміновы крэдытны статус эмітэнта Беларусі ў нацыянальнай і замежнай валютах з узроўню Са да С (дэфолтны стан і вельмі нізкія шанцы на пагашэнне), а таксама пагоршыла рэйтынг краіны па прыярытэтных незабяспечаных даўгах (тое ж самае: з Са да С). Пра гэта агенцтва паведаміла 2 чэрвеня на сваім афіцыйным сайце.

У сваёй новай справаздачы Moody's прыйшло да высновы, што праз удзел у вайне супраць Украіны і накладзеныя ў выніку гэтага міжнародныя санкцыі Беларусь сутыкнецца з адчувальным і доўгатэрміновым уронам эканоміцы, які Расія здольная кампенсаваць толькі часткова. 

У дадатак да гэтага Беларусь праз падтрымку вайны і санкцыі застанецца няздольнай пагасіць свае даўгі па еўрааблігацыях, што яшчэ ў мінулым годзе ў агенцтве пазначылі як дэфолт.

«Праз вайну супраць Украіны і санкцыі Беларусь не зможа пагасіць свае даўгі па еўрааблігацыях нават з улікам яе спроб аплаціць іх у нацыянальнай валюце, што ёсць недапушчальным. Чаканыя страты трымальнікаў гэтых аблігацый перавысяць 65%. 

Пры гэтым Расія не зможа цалкам выратаваць Беларусь ад вельмі высокага рыску дэфолту па дзейных і будучых выпусках даўгавых абавязацельстваў. Краіна фактычна пазбаўленая доступу да заходніх фондавых рынкаў і вельмі абмежаваная ў магчымасці абслугоўваць частку свайго знешняга доўгу, намінаванага ў замежнай валюце. Апроч гэтага, унутры Беларусі існуе вельмі высокая рызыка палітычнай нестабільнасці», — паведаміла агенцтва Moody's у сваёй новай справаздачы.

У тым ліку пагаршаюць сітуацыю велізарнае ўмяшанне ўрада ў справы эканомікі, закрытасць фінансавай сістэмы, абмежаваная надзейнасць інстытутаў улады, а таксама неэфектыўнасць мясцовай палітыкі і геапалітычная турбулентнасць (асабліва падкрэсліваюцца санкцыі ЕС і ЗША і адключэнне шэрагу дзяржаўных банкаў ад сістэмы SWIFT).

Аднак пры гэтым Moody's павысіла агульны прагноз па Беларусі з «негатыўнага» на «стабільны», тлумачачы гэта тым, што эканоміка краіны хоць і панясе сур'ёзныя доўгатэрміновыя страты, але ўсё ж паступова прыстасуецца да санкцый і нават пакажа невялікі аднаўленчы рост рэальнага ВУП (паводле чаканняў агенцтва, у 2023 годзе гэты рост складзе 0,3%).

Гэты статус азначае працяглае існаванне ва ўмовах вайны ва Украіне, сумнеўнай пераарыентацыі экспарту з Захаду на Усход, пастаяннай пагрозы ўвядзення новых санкцый і наяўнасці высокай рызыкі ўнутранай нестабільнасці, тлумачыць агенцтва Moody's. 

Чытайце таксама:

Што такое дэфолт? Ён будзе ў Беларусі? Што тады рабіць? Даём простыя адказы на складаныя пытанні

Польшча закрыла мяжу для прычэпаў на беларускіх і расійскіх нумарах — як гэта адаб'ецца на Беларусі?

Эканамісты распавялі, колькі беларусаў перабралася ў апошнія гады ў ЕС

Марк Рыхтэр

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031