Што вядома пра Дзмітрыя Сарокіна, лідскага паэта, які загадкава памёр у Лідскім РАУС
Мужчына памёр некалькі дзён таму, але вядома пра гэта стала толькі сёння.
Дзмітрый Сарокін. Фота: «Укантакце»
Дзмітрыю Сарокіну было 37 гадоў. Родам ён з Ліды.
Вучыўся спачатку ў Лідскім тэхнічным каледжы на тэхніка-механіка, а пасля ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва на дакументазнаўцу. Працаваў у розных месцах: мерчандайзерам у краме «Еўрашоп», дызайнерам у друкарні, мастаком-канструктарам на вытворчасці кукурузных палачак і ў службе аховы будаўнічай кампаніі. Увесну зноўку пачаў шукаць працу.
Дзмітрый Сарокін быў паэтам. Ён пісаў вершы, якія публікаваў у сваёй суполцы «Укантакце» і меў адзін выдадзены паэтычны зборнік, які называўся «Нехта надта…» («Кто-то очень…»). Мужчына рэгулярна ладзіў творчыя імпрэзы ў роднай Лідзе, удзельнічаў у мясцовых фестывалях сучаснага мастацтва.
Зборнік Дзмітрыя Сарокіна, які выйшаў у андэграўндным лідскім выдавецтве «Бібліятэка Жувіса»
Некалькі гадоў таму ў мужчыны памерлі бацькі. Знаёмыя кажуць, што пасля гэтага ў яго былі праблемы з алкаголем, але пазней ён завязаў.
Як піша «Радыё Свабода», Дзмітрый быў не жанаты і дзяцей не меў.
«На мой погляд, ён быў вельмі таленавіты, самы лепшы ў Лідзе паэт, сапраўдны андэграўнд. Быў вельмі інтэлігентны, начытаны, кемлівы, добры чалавек. Але вельмі самотны. Сапраўдных сяброў ён меў мала. Сам ніколі на тусоўкі не напрошваўся», — расказаў «Радыё Свабода» сябра Змітра.
Невядома, за што ён апынуўся ў РАУС. Па звестках суразмоўцаў «Радыё Свабода», цяперашняе затрыманне «не было звязана з палітыкай, былі побытавыя прычыны», а памёр Сарокін праз праблемы з сэрцам. Суразмовец «Нашай Нівы», наадварот, мяркуе, што малаімаверна, што толькі стан здароўя стаў прычынай смерці.
Наколькі вядома, днём цела яшчэ не аддалі.
У 2023 годзе сілавікі запісвалі з ім відэа.
Пахаванне Дзмітрыя Сарокіна адбудзецца 6 чэрвеня ў Лідзе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
У Лідскім РАУС памёр 37-гадовы паэт
У Рэчыцы ў навагоднюю ноч памёр затрыманы міліцыянтамі мужчына. Сваякі: Яго да смерці збілі ў РАУСе





