Знайсці
09.06.2023 / 20:3321РусŁacБел

Пратасевіча і Сапегу памілавалі. Ці можа зараз Еўрасаюз зняць санкцыі з «Белавія» і аднавіць авіязносіны?

«Наша Ніва» задала гэта пытанне дарадцу Святланы Ціханоўскай Франаку Вячорку і прадстаўніку Аб'яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Паўлу Латушку. 

Пратасевіч і Сапега пасля памілавання. Фота: БелТА

Шэраг еўрапейскіх краін пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair 23 мая 2021-га, на якім былі Раман Пратасевіч і Сафія Сапега, асудзілі дзеянні беларускіх улад і заклікалі да расследавання інцыдэнту.

Еўрапейскі саюз амаль адразу ж спыніў авіязносіны з Беларуссю і ўвёў санкцыі супраць «Белавія»: з 5 чэрвеня 2021 года самалётам авіякампаніі забаронена лётаць у краіны ЕС (асобныя краіны ўвялі абмежаванні яшчэ раней).

У лістападзе 2021-га дырэктар Дэпартамента авіяцыі Міністэрства транспарту Беларусі Арцём Сікорскі ацаніў штомесячныя страты беларускай авіяцыі ў 10 мільёнаў даляраў.

Адным з патрабаванняў ЕС было вызваленне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі. Нядаўна іх памілавалі і вызвалілі. Але ці можа гэта стаць падставай для зняцця санкцый з авіякампаніі «Белавія»? 

«Ніхто з заходнікаў не ўспрыме гэта памілаванне як нейкую лібералізацыю ў Беларусі»

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка кажа, што для рэжыму санкцыі на калій і авіяперавозкі — самае балючае з сімвалічнага пункту гледжання і фінансавага. 

Безумоўна, рэжым спадзяваецца, што праз памілаванне Пратасевіча і Сапегі зможа дамагчыся зняцця санкцый. 

«Думаюць, што памілаванне Пратасевіча і Сапегі дасць ім магчымасць патрабаваць у ICAO і міжнародных структур зняцця санкцый. Рабіць гэта нельга. Ніякага расследавання [беларускімі ўладамі] па захопе самалёта зроблена не было, ніякія вінаватыя адказнасці не панеслі, ніякага выбачэння не было.

Прытым памілаванне таксама сумнеўнае, таму што гэта не рэабілітацыя, ніякіх кампенсацый Сафіі выплачваць не будуць, а Пратасевіч увогуле застаецца па-ранейшаму ў закладніках, яго палітычна выкарыстоўваюць», — кажа дарадца Святланы Ціханоўскай. 

Лукашэнка разумеў, што Сафію трэба перадаваць расіянам, каб зарабіць на гэтым дадатковыя палітычныя ачкі, і аформіў ён гэта як памілаванне, лічыць Франак Вячорка. 

«Выключна прагматычны рацыянальны інтарэс змякчыць санкцыі і зноў абдурыць Захад. Але мы гэтага не дапусцім.

Натуральна, што Сапега павяла сябе годна ў гэтай сітуацыі. Яна страціла два гады жыцця, сапраўдная ахвяра і закладніца рэжыму, але яна не пайшла на супрацу, не давала хлуслівых паказанняў. Спрабавалі яе зацягнуць на тэлебачанне, у прапаганду, але, у адрозненне ад Пратасевіча, яна гэтага не зрабіла», — кажа ён. 

Ніхто з заходнікаў, па словах Вячоркі, не ўспрыме гэта памілаванне як нейкую лібералізацыю ў Беларусі. 

«Але мы чулі, што пасля кейса Пратасевіча масава закідваліся лісты, лукашэнкаўскія памагатыя, дыпламаты хадзілі і расказвалі, што рэжым злітасцівіўся і адпусціў няшчаснага Пратасевіча, хаця ніякага рэальнага вызвалення не было.

Яны гэта прадаюць, але наіўных няма. Тое, што брытанцы ўвялі дадатковыя санкцыі, паказвае, што свет, Захад стаў больш разбірацца ў крымінальнай прыродзе Лукашэнкі», — мяркуе Вячорка. 

«Ва ўмовах вайны, я думаю, ніхто здымаць санкцыі не будзе»

Кіраўнік НАУ, прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка падкрэслівае, што вызваленне Пратасевіча і Сапегі — толькі адно з патрабаванняў ЕС. 

«Факт памілавання Пратасевіча і Сапегі не адмяняе факта ўчыненага злачынства, — кажа палітык. — Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) у сваім дакладзе прыйшла да высновы, што службовыя асобы Беларусі ў маі 2021 года распарадзіліся перадаць яўна лжывае паведамленне аб закладзенай бомбе на борт самалёта авіякампаніі Ryanair. Факт злачынства відавочны, і ніхто ў Беларусі не прымае ніякіх мер і дзеянняў, каб прыцягнуць асоб, якія яго здзейснілі, да адказнасці».

Памілаванне, на думку Паўла Латушкі, не азначае факта зняцця поўнасцю надуманных абвінавачанняў з Пратасевіча і Сапегі, якія былі затрыманыя без рэальных юрыдычных падстаў.

«Гэта значыць, затрыманыя па палітычна матываваным абвінавачанні. Пра якое зняцце санкцый, нават пры вызваленні Пратасевіча і Сапегі, у гэтых умовах можна гаварыць?» — лічыць Павел Латушка.

Ён звяртае ўвагу, што хоць Еўрапейскі саюз пасля незаконнай пасадкі грамадзянскага самалета Ryanair закрыў для ўсіх беларускіх самалётаў паветраную прастору і аэрапорты ЕС, санкцыі супраць той жа кампаніі «Белавія» Еўрапейская рада афіцыйна ўвяла значна пазней — 2 снежня 2021 года. І з іншай прычыны.

«Дзяржаўны авіяперавозчык трапіў пад гэтыя абмежаванні не з-за справы з самалётам Ryanair, а з-за абвінавачання ў тым, што авіякампанія садзейнічала стварэнню міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕС. І гэты крызіс працягваецца: нелегальныя мігранты з тэрыторыі Беларусі кожны дзень штурмуюць межы Польшчы, Літвы і Латвіі.

Больш за тое, ужо пасля пачатку вайны пад авіясанкцыі трапіла і Расія. І зараз зняць санкцыі і адкрыць авіязносіны з Беларуссю — гэта пашырыць авіязносіны з Расіяй і тым самым стварыць чарговую «дзірку» ў абыходзе санкцый. Грамадзяне Расіі актыўна скарыстаюцца гэтай магчымасцю і паляцяць транзітам праз Беларусь. Ва ўмовах вайны, я думаю, ніхто здымаць санкцыі і тым самым ствараць пагрозу для бяспекі грамадзян краін Захаду не будзе», — падсумоўвае палітык. 

Чытайце таксама: 

Вячорка і Саннікаў пракаментавалі выданню The New York Times памілаванне Пратасевіча

Некалькі краін ЕС пагадзілася звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд з прычыны дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

«Не стаяла пытанне — сустракацца са мной ці з Ціханоўскай». Пра што Латушка гаварыў у Кіеве з Падаляком?

Латушка расказаў, як лукашэнкаўскія дэпутаты спрабавалі аспрэчыць санкцыі, уведзеныя супраць іх

Агата Мурашка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
35
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
9
Абуральна
10
6
Героям слава/адказаць/
10.06.2023
maple, Так простой народ как раз и поддерживает эту диктатуру, молчит, не борется со злом. Вот пусть и живёт в дерьме.
12.06.2023
Героям слава, а что этот народ может сделать? Полезть под пули обезумевших омоновцев и губазиковцев? Нет, конечно, все хотят жить. Дело в том, что диктатора без оружия в руках населения, или, хотя бы "пьяной матросни" - свергнуть никак невозможно. 2020 й год показал, что народу надоело. Это факт. Но... ни Света, ни Зянон, ни , тем более Протасевич со Стёпой, ничего и не смогли бы сделать. Ибо слишком велика была сила противодействия, которую одними лишь телегрпм-каналами не победишь. Верю, время настанет, обязательно... Нов 2020м у нас не было достаточно сил, и это нужно признать.
0
Вадзім /адказаць/
11.08.2023
> але, у адрозненне ад Пратасевіча, яна гэтага не зрабіла Эх. Я ня ведаю што рабілі з Пратасевічам. Фінгалы былі. Я ня ведаю што іменна рабілі з Сапегай. Вось калі б мяне малацілі так як малацілі, але не адну ноч, а хаця б тыдзень, калі б ўжо птср раськвітнеў, я ня ведаю якой бы была мая псіхіка і што б я гаварыў. А за адну ноч так, я нікога не агаварыў
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031