Знайсці
14.06.2023 / 20:221РусŁacБел

«Ён быў маім каханнем на ўсё жыццё». Вялікае інтэрв’ю з удавой байца Васіля Парфянкова 

Ваяр палка Каліноўскага загінуў пад Лісічанскам у канцы чэрвеня 2022-га. Яго цела, як і яшчэ трох байцоў, да гэтага не знайшлі. «Магілы няма, замест гэтага ў нас сцяна з фотаздымкамі», — кажа Алена Гергель. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» да гэтай сумнай гадавіны ўдава ваяра расказала, як гэта — страціць любімага чалавіка, што цяпер з братам Васіля, якога затрымлівалі сілавікі, а таксама расказала пра рэч мужа, якую заўсёды носіць з сабой.

«На фронт аддала сваю форму, аптэчку, усю медыцыну і заплечнік»

Беларус Васіль Парфянкоў — чалавек няпростага лёсу. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Мінску. Працаваў аўтаслесарам. Да нацыянальнага руху далучыўся маладым, быў актывістам незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды.

Парфянкоў удзельнічаў у Плошчы-2010. За гэта яго асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі, але праз некаторы час Васіль быў памілаваны Лукашэнкам. З'ехаў ва Украіну ў 2014 годзе, ваяваў на Данбасе. 

З яго жонкай — Аленай Гергель — мы сустрэліся на інтэрв’ю ў Вільні. У Літву яна прыехала на выставу ў Сейме, прысвечаную памяці беларусаў, якія змагаліся і загінулі ва Украіне. На ёй Святлана Ціханоўская ўручыла ўзнагароды сваякам беларускіх ваяроў. 

На вайну ўкраінка Алена Гергель трапіла ў 2015-м — як медык-інструктар. 

«Тады пытання не стаяла: трэба і трэба. Кожны намагаўся штосьці рабіць. Я спачатку рабіла з дзяўчатамі паракордавыя бранзалеты, спецыяльнага пляцення: у экстрэмальнай сітуацыі іх можна хутка расплесці — і будзе 2-3 метры моцнай вяроўкі. Пасля мне расказалі, што ёсць курсы, дзе інструктары навучаюць медыцыне. Мая сяброўка іх прайшла, я таксама. Мы стварылі кіеўскі гурток, сталі ездзіць ужо навучаць іншых — у вайсковыя часці, палігоны, на «нуль». 

Страшна было першы час. Можна выпадкова не туды заехаць, магчымы абстрэл. Арыенцір, каб не збіцца з дарогі, — электрасеткі, яны былі пафарбаваныя, бачыш іх — значыць едзеш правільна», — расказвае яна.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022-м на фронт Алена не вярнулася, засталася з трыма дзецьмі ў Кіеве. Цяпер жанчына працуе ва ўкраінскім цэнтры кантэнт-аналізу і маніторынгу. 

«На фронт аддала сваю форму, аптэчку, усю медыцыну і заплечнік, — кажа яна. — Ніхто з нашых сваякоў не быў гатовы браць адказнасць за дзяцей, тым больш што Кіеў на той момант не быў бяспечным месцам».

«Вайна зрабіла яго больш бескампрамісным і жорсткім да таго, што адбываецца вакол»

Калі ў 2016-м Алена з Васілём вярнуліся з вайны, прывыкнуць да мірнага жыцця было складана. У Васіля, як у замежніка, былі пытанні з легалізацыяй.

«Не існавала ніякага спрошчанага варыянта па атрыманні дакументаў. Хочаце заставацца ва Украіне — плаціце штрафы. Замежным добраахвотнікам не было элементарнай дапамогі. Васіль так ніякіх дакументаў і не атрымаў. 

Псіхалагічны стан яго першы час быў цяжкі. Але нават не праз вайну — праз тое, што ён перажыў у Беларусі. Вайна зрабіла яго больш бескампрамісным і жорсткім да таго, што адбываецца вакол. З маёй дапамогай, дзяцей праз некалькі гадоў стала лепш», — кажа яна.

Пасля вяртання з фронту Васіль працаваў грузчыкам у кампаніі, якая займалася перавозкай мэблі, абсталявання. Там у яго пачаліся праблемы са спінай.

«Так атрымалася, што Васілю трэба было рабіць аперацыю, і ніякіх зніжак мы нават не атрымалі. 

Увогуле шмат пасля было сфабрыкаваных спраў супраць некаторых добраахвотнікаў. Быў беларус Ігар Кляўко (пазыўны «Леў»), яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта забіваў мірнае насельніцтва. Суддзі, вядома, былі не праўкраінскія, гэты беларус доўгі час знаходзіўся ў Марыупальскім СІЗА. Яму так і не атрымалася дапамагчы, да гэтага часу не ведаем, што з ім», — расказвае Алена. 

На гадавіну Майдана — у 2017-м — Васіль са знаёмым зладзіў акцыю ў Кіеве супраць таго, каб ва Украіне працавалі расійскія банкі. 

«На той момант некалькі такіх банкаў было, прарасійскія палітыкі наогул добра адчувалі сябе ў краіне. Атрымаў у выніку Васіль хатні арышт, артыкул быў за хуліганства. Ён лічыў, што калі ва Украіне будуць талерантнымі да расіян, то з часам пачнецца вялікая вайна. Вось толькі ў мінулым годзе знялі абвінавачванні», — расказвае яна. 

Справа была адкрытая, таму ваяваць Васіля не бралі.

«Быў дома, уладкоўваўся на працу, пасля дзеці з’явіліся і было ўжо не да вайны, — кажа Алена. —

Ён перыядычна перажываў, што не можа паехаць ваяваць, накрывала яго, асабліва калі сустракаўся з іншымі ваярамі. Потым неяк адыходзіў. Пасля нараджэння малодшай дачкі ўжо ён нармальна адаптаваўся. Шмат часу займала яе выхаванне». 

«Верыў, што яго дзеці змогуць наведаць вольную Беларусь і туды ён павязе іх сам»

Алена ўспамінае, што ў 2020-м Васіль вельмі хацеў ехаць у Беларусь. Ён прыдумляў планы, як трапіць у краіну, каб ніхто не заўважыў.

«Пасля зразумеў, што калі туды паедзе, то там і застанецца, таму што справа на яго была адкрытая. Але перажываў, не пагаджаўся з некаторымі дзеяннямі апазіцыі. 

Пра зняволенне ўспамінаў, але намагаўся нешта вясёлае расказваць. Прачытаў там «Гульню тронаў». Ва Украіне так і не купілі яму гэтыя кнігі, вырашылі, што раз чытаў, то хопіць. У асноўным пра зняволенне жартаваў. Дзяніс Урбановіч расказваў, што калі бачыўся з ім на Мікалаеўшчыне, то Васіль нічога лепшага не прыдумаў, як зрабіць чыфір», — расказвае Алена.

Калі пачалася вайна, Васіль спаў.

«Пайшла яго пабудзіла, папілі каву, ён паехаў да сваіх на штаб. Усе гэтага чакалі, былі сабраныя. Мы ведалі, што вайна адбудзецца: планавалі, куды дзяцей адвезці, калі што якое. Ён вярнуўся са штаба за рэчамі. А ў полк пайшоў пасля дэакупацыі Кіеўскай вобласці»,

— кажа яна. 

Па словах жанчыны, Васіль быў рады, што можа пайсці ваяваць. Ён хутка ўключыўся ў падзеі. 

«Хаця ўвесь час жартаваў, што ўжо нікуды не пойдзе, бо старэнькі. Ён хацеў з дзецьмі кудысьці эміграваць. А я кажу «ага, ага».

У цэлым па жыцці быў аптымістам. Верыў, што яго дзеці змогуць наведаць вольную Беларусь і туды ён павязе іх сам», — кажа яна.

Алена з дзецьмі засталася ў Кіеве. Васіль не настойваў на ад’ездзе сям’і. 

Жанчына хацела быць побач з мужам, каб у яго заўсёды была магчымасць заехаць пабачыцца з дзецьмі.

«Неяк прыязджаў у Кіеў па справах, то зайшоў і да нас на паўгадзіны, — успамінае Алена. — У дзяцей такія ўражанні былі: тата, бронекамізэлька, аўтамат. Потым перавёўся ў полк. Зразумела, што там так са зброяй хадзіць ужо было нельга. 

Калі была магчымасць, звычайна з ім стэлефаноўваліся. У Мікалаеўшчыне і Севераданецку, напрыклад, у яго не было сувязі, а ў Лісічанску — так». 

Алена кажа, што Васіль спачатку перажываў, калі ва Украіне «сталі праклінаць беларусаў».

«Нават відэа запісаў, што мы, беларусы, тут, абараняем Кіеў. Калі знаёмыя нешта казалі на гэты конт, то яго гэта моцна чапляла. Потым з’явіўся полк, больш інфармацыі пра Беларусь, стаўленне ўкраінцаў стала мяняцца. 

Мне шкада, што беларусы, якія былі ва Украіне, мусілі з’ехаць, бо заканадаўства так зробленае, праз бюракратыю не атрымалася застацца. І гісторыя з гэтымі банкаўскімі рахункамі…»

«У думках размаўляю з ім, прашу парад, расказваю яму, які ён паскудны, злуюся»

Сёлета — 26 чэрвеня — гадавіна смерці Васіля Парфянкова. Тады ў баі пад Лісічанскам загінула чацвёра байцоў: «Сябро» (пазыўны Парфянкова), Іван «Брэст» Марчук, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў.

«Я ў поўным неадэкваце за гэты год, — дзеліцца жанчына. — Першыя паўгода піла антыдэпрэсанты, яны неяк падтрымлівалі. Нармальная такая замарозка: не адчуваеш ні адмоўных эмоцый, ні станоўчых.

Пасля, перад Новым годам, у мяне загінуў сябар, які мяне навучыў медыцыне. Ён таксама быў з 2014-га на фронце, вельмі шмат людзей выратаваў. Тады зразумела, што калі не выплачу, не выпушчу эмоцыі, то мяне проста з’есць знутры — рэзка кінула антыдэпрэсанты і вырашыла, што гатова адчуваць усё. Тады пастаянна плакала. Дзесьці два тыдні так. Іду кудысьці, а слёзы проста коцяцца. 

Цяпер у мяне ёсць рэсурс нешта рабіць, але таксама разумею, што я з кожным днём усё больш сумую, гэта назаўжды. У думках размаўляю з ім, прашу парад, расказваю яму, які ён паскудны, злуюся. Раней шмат сніўся, а цяпер рэдка. Нават не тое, што сам сніўся, а я яго шукала ўвесь час». 

Апошні раз Алена стэлефаноўвалася з Васілём напярэдадні таго, як ён паехаў пад Лісічанск. 

Звычайна іх званкі былі па вечарах. Але ў той дзень Васіль патэліў днём.

«Казаў, што нармальна даехалі да Краматорска, класнае надвор’е, — успамінае яна. — Вечарам ён таксама патэліў, але гаварыць ужо не было пра што. Кажу, ідзі спаць, а ён адказаў, што «ўсіх буськаю, абдымаю, да заўтра». 

Пасля некалькі дзён былі без сувязі, але я ведала, што гэта нармальна, маглі кудысьці выехаць. Але потым мне патэлілі са штаба і сказалі, што ён знік без звестак. Праз дзесяць дзён ужо пацвердзілася, што не знік, а загінуў. Хаця Дзяніс Урбановіч яшчэ раней пра гэта казаў, проста я не хацела гэта прымаць, была надзея.

Увогуле пра сваю смерць ён ніколі сур’ёзна не разважаў. Казаў глупствы: спаліць і перадаць сваёй маці, каб яна пахавала каля ката пад балконам. Ён толькі казаў, што ў палон не здасца. Таму я была ўпэўненая, што ён не там». 

«Называў мяне Олэнка, ніяк інакш»

Рамантыкі ў пары было мала, як прызнаецца Алена. Ажаніліся, калі сілавыя структуры Беларусі зрабілі так, што Васіль застаўся без аніводнага дакумента.

«Думалі, што гэта неяк дапаможа атрымаць дазвол на часовае пражыванне, але ў міграцыі нам нічым дапамагчы не змаглі. Сказалі, што пакуль яго даныя ў Інтэрпале, нічога зрабіць не могуць. Мы з юрыстамі спрабавалі нечага дабіцца, але яны таксама разводзілі рукамі. А вось вайсковы білет Васіль у 2022-м атрымаў хутка, у гэтым праблем не было», — кажа жанчына. 

У мужы Алене падабалася яго прынцыповасць і своеасаблівы говар.

«Нават калі злавалася на яго, казала, што можна інакш, мякчэй, ён заставаўся на сваёй пазіцыі, не ішоў на непатрэбныя кампрамісы. Называў мяне Олэнка, ніяк інакш. Усе яго пабрацімы да мяне таксама так сталі звяртацца. 

Ён быў маім каханнем на ўсё жыццё. Шкодны, брыдкі, але дужа яго кахала», — дзеліцца яна і не можа стрымаць слёз.

«Магілы няма, замест гэтага ў нас сцяна»

Пра смерць Васіля Алена сказала дзецям па чарзе. Сярэдні — Мілан — адразу закрыўся ў сабе, у яго з’явілася агрэсія. 

«Ёсць у яго параноя, за мяне ўвесь час хвалюецца, што нешта здарыцца, а таксама ён да гэтага не абдымаецца, — расказвае Алена. —

Саламеі — самай малодшай — цяпер лепш, у пачатку яна больш за ўсіх перажывала, плакала, хадзіла з татавым фотаздымкам. Старэйшы ў цэлым быў у курсе сітуацыі, ён яшчэ да таго, як я сказала, здагадваўся, ён больш-менш нармальна пераносіў усё гэта. 

Саламеі ўвогуле сказала адразу пра двух людзей — пра тату і пра яе хроснага — цяжка ёй было. Час ад часу кажа, што, можа, тата яшчэ вернецца. Яна яго віншуе з усімі святамі, ведае, што ён і хросны — анёлы, што яны будуць яе заўсёды абараняць. Можа з фотаздымкам размаўляць, але цяпер яна больш праз мяне перадае інфармацыю. Накшталт «скажы тату вось гэта і гэта». Магілы няма, замест гэтага ў нас сцяна з фотаздымкамі».

«Брат Васіля з’ехаў у Польшчу, бо сілавікі моцна збілі»

Целы каліноўцаў, што загінулі пад Лісічанскам, сваякам дагэтуль не аддалі.

«Па трох ёсць ад сваякоў ДНК, толькі па «Атаме» няма, бо ў яго нікога не было. Баюся, што можа быць так, што мы Васіля не зможам па рэчах апазнаць. 

Вось была нядаўна ў Дняпры, там вельмі шмат невядомых магіл з 2016-га. Па працэдуры ваяр лічыцца зніклым без звестак да трох гадоў. Пасля выдаецца пасведчанне аб смерці. Цела можна будзе забраць, калі гэтыя тэрыторыі будуць дэакупаваныя, размінаваныя», — тлумачыць Алена.

Пасля смерці Васіля Парфянкова сілавікі працягнулі тэрарызаваць яго родных. Брата Парфянкова затрымалі і прымусілі сказаць на відэа, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, рабіў рэпосты, не ўхваляў таго, што яго брат ваяваў ва Украіне.

Да гэтага сілавікі затрымлівалі маці Васіля. 

«Ён з ёй стэлефаноўваўся часта, казаў: калі нешта будуць ад цябе патрабаваць, усё рабі. 

Брат Васіля з’ехаў у Польшчу, бо сілавікі моцна яго збілі. Ноччу ён збег з бальніцы, хаваўся па сябрах, а пасля я арганізавала яму выезд праз Расію».

«Блага яму стала, калі дактары сказалі, што трэба перавязаць пупавіну»

Самы моцны ўспамін пра Васіля ў Алены — калі ён прысутнічаў на нараджэнні дачкі. 

«Хацеў мне дапамагчы ў гэтай важнай справе. Трымаў за руку, у дарозе казаў, што ўсё будзе добра. Блага яму стала, калі дактары сказалі, што яму трэба перавязаць пупавіну. І ён пайшоў, лёг на кушэтку. А пасля я толькі даведалася, што над намі праз шкло за родамі назіраў цэлы студэнцкі курс», — расказвае яна.

Васіль вельмі хацеў дачку. 

«Думаю, што ён бы хацеў і яшчэ дзяцей. Любіў з дзецьмі дурэць. Ледзь-ледзь выпадзе снег, а ён ужо бярэ санкі, будзе катаць Саламею. Пасля пойдуць на горку, вернуцца ўсе мокрыя, снегавых баб ляпілі, прычым трэба было абавязкова спаборнічаць, у каго лепш атрымаецца. Вечарам трэба спаць, а ў іх там дурдом, бегаюць, скачуць», — расказвае Алена.

Незадоўга да таго, як Васіль пайшоў на вайну, у яго парваўся ланцужок з крыжыкам, які калісьці яму падарыла Алена. Ён пакінуў яго дома. Гэты крыжык Алена цяпер носіць у сябе на бранзалеце.

«Выглядае ён як значок УСУ, які некалі яму дарыла». 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Хто такія «Атам», «Сябро» і «Папік». Расказваем пра траіх байцоў з палка Каліноўскага, якія, напэўна, загінулі

«У снах я бачу, як ён прыходзіць з палону, худы такі, і кажа: «Цяпер усё будзе добра». Каханая Івана «Брэста» пра любоў, турму і смерць

«На судзе яны плакалі і гаварылі, каб ім не шылі тое, чаго не было». Сталі вядомыя акалічнасці суда над маці і сястрой Парфянкова

Пра што каліноўцы гаварылі са Святланай Ціханоўскай?

Байцы Палка Каліноўскага хітрасцю выклікалі агонь расіян па іх жа пазіцыях

Агата Мурашка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
3
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
60
Абуральна
10
3
Алене Гергель/адказаць/
14.06.2023
Алена, зазірніце ў прыватныя паведамленні на фэйсбуку
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031