Знайсці
21.06.2023 / 18:4411РусŁacБел

Каліновец «Кусь»: Любы дзеяч беларускай рэвалюцыі перастане для мяне існаваць, калі возьме ўдзел у гандлі палітвязнямі ў абмен на зняцце санкцый

На думку добраахвотніка Аляксандра Клачко (ён ваюе пад пазыўным «Кусь») торг з рэжымам — гэта адыходжанне ад асноўнай мэты беларусаў — вызвалення краіны. Ён расказаў «Нашай Ніве», чаму ідэя такога дыялогу выклікае ў яго абурэнне.

У адной з дыскусій у фэйсбуку Аляксандр катэгарычна напісаў: «Для мяне асабіста любы дзеяч перастане існаваць як дзеяч беларускай рэвалюцыі, калі ён возьме ўдзел у гандлі палітвязнямі ў абмен на зняцце санкцый».

У размове з «Нашай Нівай» ваяр палка Каліноўскага тлумачыць, што не разумее мэт тых, хто збіраецца таргавацца з рэжымам Лукашэнкі ў абмен на зняцце санкцый. 

«Бачу толькі адно пытанне, па якім могуць быць перамовы з Лукашэнкам, — яго капітуляцыя, — кажа Аляксандр «Кусь». —Умоўна пра тое, каб яму далі нейкі «Боінг», каб ён мог кудысьці збегчы».

На ягоны пункт гледжання, людзі, якія выступаюць за гандаль па пытанні палітвязняў, пераследуюць інтарэсы, якія пераклікаюцца з інтарэсамі рэжыму. 

«Альбо яны выпадковыя беларусы ў пратэсце — не разумеюць, чаму людзі селі ў турму, за што яны змагаліся.

Мая мэта — вызваленне Беларусі. Гэта аўтаматам зробіць палітвязняў вольнымі. 

Чаму гэтыя людзі хочуць зняць санкцыі? Гэта галоўнае пытанне. 

Ад кагосьці я чуў, што палітвязняў варта вызваляць любымі спосабамі. Я думаю інакш. Тут мне падабаецца пазіцыя Андрэя Шарэнды, мужа палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Ён катэгарычна супраць гандлю палітзняволенымі.

Мне здаецца, што калі беларус свядома змагаўся з рэжымам Лукашэнкі, як Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, то ён рабіў гэта не дзеля таго, каб пасля дамаўляліся аб яго вызваленні з турмы шляхам легітымізацыі Лукашэнкі, зняцця санкцый. А дзеля таго, каб рэжым Лукашэнкі абрынуўся. Гэта была іх канчатковая мэта. 

Вызваляць іх. І што? Яны скажуць «дзякуй», што з рэжыму знялі санкцыі? Мне здаецца, што чалавек, які свядома змагаўся, стане да апошніх сіл трымацца, каб дадушыць. Лічу, што гэтыя людзі ў турме нават больш свабодныя, чым многія беларусы па-за межамі яе», — разважае ён.

Аляксандр часам чуе рыторыку, што санкцыі не працуюць, наносяць шкоду звычайным беларусам у краіне.

«Ні ад аднаго чалавека, каго я ведаю ў Беларусі, хто супраць рэжыму, я не чуў «здыміце санкцыі, нам дрэнна». Такія словы чуў ад бізнэсоўцаў, якія набліжаныя і залежаць ад Лукашэнкі. Бачу ў гэтым, што пад соусам вызвалення палітзняволеных нейкая праслойка людзей спрабуе лабіраваць іншыя інтарэсы, іх стан пасля зняцця санкцый толькі палепшыцца.

І яшчэ адзін момант — калі мы не гатовыя пакутаваць нават ад санкцый, то што будзе, калі ў Беларусь зойдуць беларусы са зброяй у руках, што скажаце пра гэтыя падзеі? Што гэта небяспечна, нехта можа загінуць? Будзеце прасіць скласці зброю, да гэтага будзеце заўтра заклікаць? Як плануеце змагацца?» — задаецца пытаннямі ён. 

Санкцыі, па меркаванні ваяра, павінны быць у комплексе з іншымі дзеяннямі. А гэта — узброены супраціў. 

«Беларусы змагаюцца з рэжымам, седзячы ў турме, людзі загінулі — Раман Бандарэнка, Андрэй Зельцэр, Вітольд Ашурак і іншыя. Казаць цяпер, што давайце перагорнем старонку, каб вызваліць палітзняволеных, нельга, — лічыць ён. — Як тады мы зробім з тымі, хто цяпер на вайне ва Украіне, загінуў дзеля гэтых ідэй, вызвалення Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі, страціў здароўе, атрымаў інваліднасць і рызыкуе кожны дзень сваім жыццём, дабрабытам, асабістым шчасцем?

Лепш кароткая вайна, чым шматгадовае існаванне ў канцлагеры. Мне на вайне прасцей, чым калі б мне рэжым Лукашэнкі даў індульгенцыю і я змог бы вярнуцца ў Беларусь. Я б там не змог дыхаць паветрам, бо як можна хадзіць пад гэтымі лукашысцкімі сцягамі, трыкалорамі.

Калі б не было палітзняволеных, то, магчыма, і Беларусь з парадку дня ўжо сышла б. Сказалі б, што зрабілі свой выбар, там ужо палітзняволеных няма, усё добра. Гэта ўсё барацьба, кожны з нас ахвяруе ў той ці іншай ступені.

Без ахвяр не бывае барацьбы, а без барацьбы не бывае перамогі». 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Абвінавачаных па справе Гайдукевіча асудзілі да велізарных тэрмінаў. Пракоп'еву далі завочна 25 гадоў

Пастар пратэстанцкай царквы «Новае жыццё»: Ніхто не застанецца непакараным за знос храма

У Мінску затрымалі замежніка, які сарваў тры дзяржаўныя сцягі

У Мінскай вобласці ладзяць мабілізацыйныя вучэнні са зборамі

Агата Мурашка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Ну як сказаць/адказаць/
22.06.2023
Янка, ну пасля 10 атрымалась жа і з большага пасля 14 вязняў амаль не было да 20
5
Арні/адказаць/
22.06.2023
Кусь любы дзеяч беларускай рэвалюцыі??? А хіба была гэтая беларуская рэвалюцыя??
1
Джэк/адказаць/
22.06.2023
Па мойму ўсё сказана даходліва, слушна і нехер тут дамотвацца. ССА адбой!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031