Знайсці
08.07.2023 / 14:183РусŁacБел

Гіганцкія каменныя сякеры, якім 300 тысяч гадоў, азадачылі археолагаў

Падчас раскопак у Англіі археолагі знайшлі 30-сантыметровага памеру сякеру. Цяжка ўявіць, каб ёю карысталіся старажытныя людзі.

Гіганцкая каменная сякера азадачыла археолагаў. Фота: Archaeology South-East/UCL

Пад час раскопак у графстве Кент на тэрыторыі, адведзенай для будаўніцтва Марской акадэміі, археолагі знайшлі каля 800 каменных прыладаў працы і артэфактаў у адкладах ледніковага перыяду, якім каля 300 тысяч гадоў.

Сярод іх, акрамя звычайных ручных сякераў і крэмніевых адшчэпаў, былі дзве ручныя сякеры незвычайна вялікіх памераў. Пра свае знаходкі вучоныя расказалі ў навуковым артыкуле ў Internet Archaeology.

Адна з знаходак мае памер 22 см. Другая — 29,5 см, цяпер гэта самая вялікая з падобных знаходак. Абедзве знаходкі маюць характэрную форму з доўгім і тонка апрацаваным вастрыём і больш тоўстаю грушападобнаю асноваю.

Ручныя сякеры ад трохвугольнай да грушападобнай формы вырабляліся з крэменю і іншых дробназярністых парод і былі ўніверсальнай прыладай старажытных людзей на працягу сотняў тысяч гадоў: імі карысталіся Homo erectus, Homo heidelbergensis, а таксама неандэртальцы.

Па словах археолагаў, знойдзеныя ручныя сякеры настолькі вялікія, што цяжка ўявіць, як можна было іх трымаць ці выкарыстоўваць. Вучоныя мяркуюць, што такія прылады выкарыстоўвалі нейкім асаблівым чынам. Напрыклад, клалі на зямлю, а затым апускалі штосьці на іх, а не наадварот.

Археолагі маюць і іншую гіпотэзу. Яна заключаецца ў тым, што гэтыя «гіганцкія ручныя сякеры» маглі мець нейкую сімвалічную функцыю, якая заключалася ў дэманстрацыі сілы ці майстэрства.

Загадкай застаецца і від старажытных людзей, якому такія прылады належалі. З чыста храналагічнага пункту гледжання іх можна датаваць раннім перыядам рассялення неандэртальцаў у Вялікабрытаніі. Аднак, магчыма, яны належалі і больш ранняму віду — Homo heidelbergensis.

У артыкуле адзначаецца, што гэтыя знаходкі гіганцкіх сякер на тэрыторыі Англіі ў даліне Медуэй і рэгіёне Тэмзы не першыя. Але апошняя вызначаецца сваім асабліва вялізным памерам. Яе знайшлі ў ходзе буйнамаштабных раскопак, што дае магчымасць атрымаць больш інфармацыі пра жыццё яе стваральніка.

Навуковы супрацоўнік інстытута археалогіі Універсітэцкага каледжа Лондана Мэт Поўп (Matt Pope) сцвярджае:

«Раскопкі далі нам неймаверна каштоўную магчымасць вывучыць, як развіваўся ўвесь ландшафт ледніковага перыяду больш за чвэрць мільёна гадоў таму. Праграма навуковага аналізу цяпер дапаможа нам зразумець, чаму гэта месца было важнае для старажытных людзей і як каменныя артэфакты, у тым ліку «гіганцкія ручныя сякеры», дапамаглі ім адаптавацца да выклікаў ледавіковага перыяду».

Цяпер даследчая група працуе над ідэнтыфікацыяй і вывучэннем знойдзеных артэфактаў, каб лепш зразумець, хто іх стварыў і для чаго яны выкарыстоўваліся.

Чытайце яшчэ:

Вучоныя знайшлі самы старажытны надпіс, зроблены кірыліцай

Драўляны фалас змусіў інакш паглядзець на сэксуальнае жыццё старажытных рымлян

Археолагі рэгулярна знаходзяць асіметрычныя косці для гульні часоў Рымскай імперыі. Але чаму яны такой формы?

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
25
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
9
Сумна
5
Абуральна
4
1
Типок Вагнерок/адказаць/
08.07.2023
Кувалда же, однозначно! Ждице скора в Беларуси!
0
Жвір/адказаць/
08.07.2023
Типок Вагнерок, а в Украіну яшчэ раз сунуцца ачко грае? :)
0
Дзед/адказаць/
08.07.2023
Для чалавека ростам якіх 3.5 метра нармальная такая і зусім не вялікая сякера... А "двуручныя" мячы?..
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера