Знайсці
18.09.2023 / 21:511РусŁacБел

Чаму самы просты выбар часта ўганяе нас у ступар? Гэтаму ёсць і тлумачэнне, і рашэнне

Устаць з ложка адразу, як празвінеў будзільнік, ці націснуць кнопку адкладу? Выйсці на прабежку ці пасядзець у тыктоку? Наша паўсядзённае жыццё напоўнена так званымі трывіяльнымі дылемамі. Людзі часта адчуваюць сябе збянтэжана, калі занадта доўга абдумваюць рашэнні з нізкімі стаўкамі. Аднак даследаванні паказалі, што для гэтага ёсць лагічныя прычыны. І выйсце.

Выява: vecteezy

Часам велізарная колькасць варыянтаў ашаламляе нас, бо нам цяжка параўноўваць і супрацьпастаўляць варыянты. Доўгі час правільнай лічылася ідэя, што лепей мець большы выбар, чым меншы. Але ў 2000 годзе амерыканскія псіхолагі Шына Айенгар (Sheena Iyengar) і Марк Ліпер (Mark Leeper) аспрэчылі гэтае сцвярджэнне.

The Conversation распавядае, што ў адным са сваіх даследаванняў яны паставілі стол для дэгустацыі варэння ў супермаркеце. Значна больш спажыўцоў куплялі варэнне, калі ў іх было менш варыянтаў. Так, амаль траціна (30%) людзей куплялі джэм, калі на выбар было шэсць смакаў. І толькі 3% людзей клалі джэм у свой кошык, калі на выбар было прапанавана 24 смакі.

Абапіраючыся на гэтыя высновы, амерыканскі псіхолаг Бары Шварц у сваёй кнізе «Парадокс выбару: чаму больш значыць менш» сцвярджае, што завялікі выбар можа выклікаць у людзей ступар.

Людзям часта не хапае (або яны лічаць, што не хапае) досведу, каб правільна ацаніць свае магчымасці. Напрыклад, падчас прыняцця фінансавага рашэння. І калі ў вас ёсць нейкая мэта, то адсутнасць упэўненасці ў тым, наколькі цвёрда вы хочаце яе дасягнуць, магчыма, выкліча ў вас стрэс. Невыразная мэта, напрыклад, «пачаць больш эканоміць», не дадасць вам яснасці, калі сябар прапануе пайсці паесці, а ў вас бурчыць у жываце.

Акрамя таго, у некаторых рашэнняў, якія нібы і трывіяльныя, насамрэч высокія эмацыйныя стаўкі. І ў той час як кожнага фактару паасобку ўжо дастаткова, каб выклікаць стрэс, некалькі чыннікаў разам толькі ўзмоцняць трывогу з нагоды прыняцця рашэння.

Усё залежыць ад вашай асобы

Яшчэ адзін кірунак даследаванняў быў сканцэнтраваны на сувязі паміж стратэгіямі рашэнняў і самаадчуваннем.

Даследчыкі вызначылі дзве асноўныя стратэгіі прыняцця рашэнняў: максімізуючую і задавальняючую. Максімізуючая стратэгія — гэта імкненне паспрабаваць знайсці лепшы варыянт. Задавальняючая — гэта стратэгія, пры якой пошук рашэння спыняецца, калі знойдзены прымальны варыянт. Максімізацыя і задавальненне звязаныя з рысамі асобы.

Шварц і яго калегі выявілі негатыўную залежнасць паміж тэндэнцыяй да максімізацыі і пачуццём задаволенасці ад жыцця.

Так званыя «максімайзеры» часцей адчуваюць шкадаванне пасля прыняцця рашэння ў параўнанні з тымі, хто прытрымліваецца задавальняючай стратэгіі. Адно з тлумачэнняў заключаецца ў тым, што максімайзеры заўсёды разважаюць аб тым, што яны маглі б зрабіць і як яны маглі б прыняць лепшае рашэнне.

Каб было ясна, даследаванне не вывучала важных жыццёвых рашэнняў адносна шлюбу або здароўя, а засяродзілася на паўсядзённых задачах (хаця падобныя высновы былі атрыманыя і ў дачыненні да больш сур'ёзных, напрыклад, медычных рашэнняў).

Ператварыце гэта ў звычку

Неабходнасць выбіраць, неабходнасць прымаць рашэнні можа вымотваць, таму часам паўсядзённы выбар можа здавацца такім складаным і выклікаць стому ад прыняцця рашэнняў.

Што дапамагае нам даваць рады такім складанасцям — дык гэта звычкі. Яны проста пазбаўляюць патрэбы думаць.

Інвеставанне часу ў фармаванне звычак можа дапамагчы пазбавіцца празмернага мыслення і накручвання сябе наконт штодзённых рашэнняў.

Адна з ідэй заключаецца ў тым, што мы выкарыстоўваем два розныя механізмы апрацоўкі інфармацыі — сістэму 1 і сістэму 2. Сістэма 1 — несвядомая, хуткая, інтуітыўна зразумелая. Яна патрабуе невялікіх намаганняў. Сістэма 2 — гэта мэтанакіраванае мысленне.

Калі ранішнія рытуалы — прачынацца ў адзін і той жа час, цалаваць партнёра / партнёрку, чысціць зубы, рабіць зарадку, гатаваць каву / гарбату — становяцца звычкай, вы аўтаматычна перастаяце празмерна думаць пра гэтыя заняткі. Вы дазваляеце вашай сістэме браць на сябе адказнасць за нязначныя рашэнні, пакуль, прынамсі, не вып'еце свой кубачак кавы ці гарбаты.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Герберт Сайман, вядомы сваімі тэорыямі «абмежаванай рацыянальнасці» і «задавальнення», развіў ідэю, згодна з якой людзі маюць абмежаваныя кагнітыўныя і іншыя здольнасці (напрыклад, памяць і ўвагу). Занадта шмат разважанняў (напрыклад, займацца сёння спортам ці не) можа выклікаць стрэс і ўвогуле сарваць намер зрабіць гэта.

Вы павінны вырашыць, як інвеставаць свае рэсурсы (кагнітыўныя, эмацыйныя або фізічныя). Інвеставанне іх у разважанні аб фізічных практыкаваннях можа патраціць энергію, так неабходную для практыкаванняў.

Ілюстрацыйнае фота: Contributor Getty Images

Калі справа даходзіць да нашых штодзённых рашэнняў, памяншэнне колькасці варыянтаў таксама можа палегчыць працэс. Сузаснавальнік Apple Стыў Джобс быў добра вядомы тым, што заўсёды адзяваў тое самае (джынсы і вадалазку або футболку). Такім чынам ён (свядома ці не) часткова спрашчаў працэс прыняцця рашэння, ён не траціў часу на выбар, што яму сёння надзець.

Гаворка не ідзе пра тое, каб пакінуць у гардэробе тры рэчы. Гаворка менавіта пра тое, каб прызнаць, што ў вас ёсць абмежаваныя магчымасці для прыняцця рашэнняў, і ўсведамляць, як вы гэтымі магчымасцямі карыстаецеся.

Скарачэнне выбару, развіццё добрых звычак і дазвол вашай так званай сістэме 1 браць на сябе адказнасць — усё гэта разам можа дапамагчы вам справіцца з дробязнымі штодзённымі рашэннямі.

Чытайце таксама:

Як мільярды мікраарганізмаў у кішэчніку могуць умацаваць ваша псіхічнае здароўе

Пасля аргазму (асабліва разам) лепш спіш, цяпер афіцыйна

Як выхаваць у дзяцей уменне «правільна» злаваць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
дочка Максима Дизайнера/адказаць/
19.09.2023
фота (апошняе) канечне 🔥 )
выстраіліся па росце - мужык у ружовай рубахе, пасярэдзіне бляндынька, а замыкае "строй") дзяўчынка ў цішотцы колеру хакі

а ззаду такі фон..)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829