Знайсці
11.09.2023 / 21:34РусŁacБел

Ваш генетычны «хранатып» можа растлумачыць, чаму так цяжка прачнуцца рана

Вінавацьце сваіх продкаў у тым, што вы не можаце прачнуцца рана.

Фота: vecteezy

Аказваецца, тое, «жаўрук» вы ці «сава», залежыць не толькі ад асабістага выбару, але больш ад генетыкі, якая вызначае ваш «хранатып» сну. Менавіта яго вывучае Майкл Скалін, дацэнт псіхалогіі і неўралогіі з Baylor University ў Тэхасе. Ён кажа, што школы і працоўныя месцы ў асноўным створаны для таго, каб людзі прачыналіся рана, у той час, як іх біялогія можа быць зусім не наладжанай для гэтага. Але добрая навіна для «соваў» заключаецца ў тым, што ўпартай працай вы зможаце змяніць свае звычкі засынання і абуджэння. Пра хранатыпы сну і тое, як яны могуць уплываць на наша жыццё, распавядае Popular Mechanics.

Стрыечны брат хранатыпу — цыркадны (ці сутачны) рытм. Большасці людзей ён не толькі дапамагае не спаць, пакуль сонца не села, але і рэгулюе шматлікія ўнутраныя працэсы, такія як тэмпературу цела або ўзровень картызолу цягам дня.

Цыркадны рытм вядомы навукоўцам ужо амаль стагоддзе, пачынаючы з эксперыментаў па сацыяльнай дэпрывацыі ў 1930-х гадах, распавядае Скалін. Хранатыпы, з іншага боку, з'яўляюцца значна навейшым тэрмінам. Зараз у інтэрнэце можна знайсці шмат тэстаў па вызначэнні вашага хранатыпу. 

Некаторыя дактары нават пашыраюць стандартныя рамкі двух хранатыпаў, выдзяляючы замест звыклых «соваў» і «жаўрукоў» іншыя «хранатыпы», кшталту «дэльфінаў», «мядзведзяў», ваўкоў», «львоў». Калі вы вырашыце прайсці адзін з такіх тэстаў, памятайце, што канкрэтныя катэгарызацыі па хранатыпу не з'яўляюцца дыягнастычным інструментам — то-бок навукова гэтыя канцэпцыі яшчэ не падтрыманыя праз клінічныя медычныя даследаванні.

У апошнія гады даследчыкі, якія вывучалі генетычныя даныя розных людзей, выявілі, што 351 варыянт гена — пастаянныя змены ў паслядоўнасці ДНК — могуць вызначаць, з'яўляецца чалавек «савой» ці «жаўруком». І хоць разыходжанне ў графіках сну можа здавацца сучаснай праблемай, іншыя даследчыкі выказвалі здагадку, што развіліся хранатыпы ў нашых продкаў, паляўнічых-збіральнікаў, што дапамагала ім пастаянна сачыць за домам у мэтах абароны і бяспекі. 

Несупадзенне вашага хранатыпу з раскладам жыцця можа мець негатыўны ўплыў на ваша здароўе. У «соваў» часцей за ўсё могуць парушацца харчовыя звычкі, напрыклад, яны больш схільныя прапускаць сняданак і спажываць менш паўнавартасных прадуктаў, а таксама больш кафеіну пазней вечарам. Гэтыя звычкі падвяргаюць соваў вышэйшай рызыцы сардэчных праблем і дыябету 2 тыпу, а таксама праблем з псіхічным здароўем, кшталту дэпрэсіўных разладаў. Людзі з фрагментаваным сном і бессанню (так званыя людзі з «дэльфінавым хранатыпам») маюць падобныя рызыкі.

Дык як жа можна змяніць свой хранатып сну?

У ідэальным свеце мы маглі б выбіраць працу або вучобу, якія лепш адпавядаюць нашым уласным звычкам сну. Але ў той час як гэтая рэальнасць застаецца па-за дасяжнасцю для большасці людзей, Скалін кажа, што ёсць спосабы змяніць свой хранатып з цягам часу.

Адно з рашэнняў — проста пачакаць, бо з узростам хранатыпы натуральным чынам змяняюцца ў бок ранішняга прачынання. Так сабе рашэнне, ці не праўда? Калі ж вам патрэбны хутчэйшы вынік, Скалін раіць іншы нечаканы, але моцны матыватар — каханне.

«Я сустрэў вельмі асаблівага чалавека, які быў вельмі ранішнім «жаўруком», і калі я хацеў правесці з ёй час, гэта павінна было быць у яе раскладзе», — дзеліцца доктар. — «На працягу некалькіх месяцаў я пераключыўся на ўсё ранейшае і ранейшае ўставанне, у выніку чаго ў рэшце рэшт раней клаўся спаць, што ў канчатковым выніку адпавядала яе графіку. Спачатку я быў больш сонным, але з цягам часу мае звычкі і вынікі сапраўды палепшыліся. Мы разам ужо 18 гадоў».

Што ж, вельмі рамантычна. Але вось вам яшчэ некалькі дзейсных парад, каб прывесці ваш сон і агульнае здароўе да ладу:

  • адмоўцеся ад кафеіну пасля 14:00;
  • займайцеся фізічнымі практываннямі штодня, па меншай меры за 4 гадзіны да сну;
  • адмоўцеся ад алкаголю за 3 гадзіны да сну;
  • амерыканскі нейрабіёлаг Эндру Д. Хуберман раіць пасля абуджэння без асаблівых прамаруджванняў атрымаць дозу натуральнага святла — гэта значыць выйсці на кароткую прагулку, каб святло патрапіла да вас у вочы і актывавала неабходныя працэсы ў арганізме;
  • Хуберман раіць піць ваду як мага хутчэй пасля абуджэння, каб дапамагчы аднавіць арганізм і палепшыць страваванне; не завадзяць таксама расцяжка, медытацыя, зарадка і халодны душ (калі гэта гучыць занадта для вас, успомніце, што гэтыя ж 30-40 хвілін, якія сыдуць у вас на ўсе гэтыя працэдуры, вы хутчэй за ўсё праведзяце ў сацсетках ці за чытаннем навін, адчуваючы сябе ў выніку выснажаным ужо з самага ранку);
  • і нарэшце стварыце графік сну — гэта, бадай, самы галоўны пункт, бо толькі засынаючы і ўстаючы ў прыкладна адзін і той жа час, вы зможаце наладзіць звычку, за што вашае цела абавязкова аддзячыць вам добрым настроем і самаадчуваннем.

Чытайце таксама:

Гэтая начная звычка большасці з нас вельмі небяспечная. Праблемы са сном — найлепшае з магчымых наступстваў

Пасля аргазму (асабліва разам) лепш спіш, цяпер афіцыйна 

Як часта трэба мяняць піжаму? Часцей, чым вы думаеце

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829