Знайсці
26.09.2023 / 20:4034РусŁacБел

«Бацька не адразу распазнаў, хто такі Лукашэнка». Дачка Юрыя Захаранкі пра здраду сяброў, працэс Гараўскага. І пра боль жыцця

Алена Захаранка, дачка зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, жыве за мяжой 23 гады. Боль за бацьку не сунімаецца. Яна згадвае пра адносіны ў сям'і: «Маці першай садзілася ў машыну, бо лічыла, што ў ёй можа быць выбухоўка». У вялікім інтэрв’ю «Нашай Ніве» Алена дзеліцца ўспамінамі пра перажытае, расказвае, як склаўся яе лёс, і разважае пра суд над былым спецназаўцам Гараўскім, які ўдзельнічаў у выкраданні яе бацькі.

Алена Захаранка. Фота: dw.com

«Мы жывём не сваім жыццём»

Алена Захаранка з малодшай сястрой, маці і сынам пакінулі Беларусь 4 ліпеня 2000 года. Яна кажа, што выправіліся ў Нямеччыну, каб расказаць пра бясчынствы рэжыму Лукашэнкі. А таксама таму, што на радзіме былі неабароненымі.

«Мы засталіся адны без магчымасці адшукаць бацьку», — расказвае Алена Захаранка.

Родныя зніклага, як тады лічылі, Юрыя Захаранкі на чужыне меркавалі перачакаць стан няпэўнасці. Заставацца там надоўга не збіраліся і нават мелі квіткі назад.

Яны спадзяваліся, што ён утрымліваецца ў турме КДБ, а ім наўмысна не паведамляюць пра тое. Верыць у найгоршае адмаўляліся. Спробы высветліць лёс мужа і бацькі не давалі плёну.

Па словах Алены, у замежжы ёй стала вядома, што на радзіме супраць яе распачатая крымінальная справа за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Пакаранне паводле інкрымінаванага артыкула прадугледжвала да 5 гадоў зняволення. Гэта акалічнасць змяніла планы аб вяртанні. Так сям’я Захаранкі засталася ў эміграцыі.

Алена Захаранка з сынам Кірылам у першыя гады эміграцыі. Фота: архіў Алены Захаранкі, які быў апублікаваны «Радыё Свабода»

«Самае страшнае пакаранне для чалавека — стан невядомасці, — гаворыць Алена. — Людзі, якія вымушана выязджаюць за мяжу, пакутуюць заўсёды. Настальгія вельмі цяжка пераносіцца. Мы пастаянна жывём з верай, што вернемся некалі на радзіму. Аднак мінула столькі гадоў, а сітуацыя толькі горшае».

Алена добра гаворыць па-нямецку, робіць прадаўцом у краме, у вольны час грае на піяніне, ходзіць у царкву. Яе малодшая сястра Юлія на чужыне нарадзіла сына.

Спакойным жыццё ў эміграцыі Алена назваць не можа. Яна хоча вярнуцца ў Беларусь, але не ведае, што будзе адчуваць на радзіме, дзе ўсё звязана з трагедыяй яе сям’і. Тое, што рэжым зрабіў з бацькам, зламала іх жыццё.

«Цяпер мы жывём не сваім жыццём, — тлумачыць Алена. — Мы не змаглі стаць тымі, кім хацелі. Наш боль перашкаджае нам жыць. На ўсё, што адбываецца навокал, я гляджу праз прызму свайго мінулага. Мае думкі заўжды сягаюць у той час, калі быў забіты тата».

Алена хоча адведаць магілы сваіх блізкіх і выбачыцца, што столькі гадоў не была ў іх. Яна дакарае сябе, што не змагла пахаваць сваю бабулю, бацькаву маці — Ульяну Рыгораўну. На відэа бачыла, як неслі яе труну.

«Яна прасіла прыехаць, каб нас абняць, і штораз паўтарала: «Прыедзь хаця б на секундачку». Гэтыя словы праходзілі праз мяне цягам 17 гадоў. Ізаляцыя ад нашых абавязкаў — самае цяжкое ў эміграцыі».

«Калі тата выходзіў з дому, мы яму званілі кожныя 10 хвілін»

Юрый Захаранка быў у камандзе Лукашэнкі, калі той у 1994 годзе балатаваўся ў прэзідэнты. Пазней стаў міністрам унутраных спраў, яму было прысвоена званне генерал-маёра. Кіраўніком сілавога ведамства Захаранка прабыў да кастрычніка 1995 года.

За час знаходжання на міністэрскай пасадзе супрацоўнікі міліцыі збілі дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія абвясцілі галадоўку супраць абвешчанага Лукашэнкам рэферэндуму, а таксама разагналі страйк метрапалітэнаўцаў.

Алена прызнаецца, што яе бацька не адразу распазнаў, хто такі Лукашэнка. Людзі-хамелеоны ўмела змяняюцца ў залежнасці ад сітуацыі, падкрэслівае яна.

Захаранка адзначае, што простыя людзі верылі Лукашэнку, бо ён умеў гаварыць на іх мове, ведаў, чаго ім не хапала.

«Такія людзі ў залежнасці ад сітуацыі працуюць добра для выканання сваіх задач», — лічыць яна.

Захаранка адзначае, што пасля Лукашэнка навучыўся хаваць сваё сапраўднае аблічча, але яе сям’я ведае, што ён з сябе ўяўляе, бо сутыкнуліся з яго сістэмай непасрэдна.

Прозвішча «Лукашэнка» ў Алены звязанае з болем, зверствам і нялюдскасцю.

«А яшчэ са страхам, — дадае яна. — Яму не ўласцівыя спачуванне і спагада».

Юры Захаранка і Аляксандр Лукашэнка. 1994 год. Фота: vytoki.net

Юрый Захаранка стаў адным з заўважных апазіцыйных палітыкаў. Быў сярод арганізатараў I Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які прайшоў напярэдадні рэферэндуму 1996 года. Пазней узначальваў камітэт па бяспецы ў складзе «ценявога ўрада».

47-гадовы Юрый Захаранка быў выкрадзены 7 мая 1999 года.

«Мы ведалі, што з татам нешта здарыцца, але ён нас супакойваў, не хацеў траўмаваць, — згадвае дачка палітыка. — Тады ўжо былі першыя сотавыя тэлефоны і, калі тата выходзіў з дому, мы яму званілі практычна кожныя 10 хвілін. Усе былі дужа напружаныя. Яму тэлефанавалі простыя людзі і засцерагалі, што яго не пакінуць у спакоі».

Родныя Захаранкі былі ўпэўненыя, што яго не наважацца забіць, хіба кінуць у турму.

«Тады яшчэ толькі паўставаў фашызм, які мы назіраем цяпер», — адзначае дачка палітыка.

«Некаторыя бацькавы сябры казалі, каб мы іх не турбавалі»

Незадоўга да знікнення, згадвае Алена Захаранка, бацька наведаў мінскі офіс АБСЕ, дзе расказваў, што за ім сочаць супрацоўнікі спецслужбы. Прасіў дапамогі блізкім у выпадку, калі з ім што здарыцца.

«Ён не пайшоў у дзяржаўныя структуры па дапамогу, бо ведаў, хто сочыць за ім, як аказалася — гэты былі забойцы», — гаворыць Захаранка.

Яна кажа, што паміж бацькамі была моцная эмацыйная сувязь. Маці першай сядала ў машыну, бо лічыла, што ў ёй можа быць падкладзеная выбухоўка. Калі бацька спаў, правярала, ці дыхае ён.

«Тата пра маму казаў: «Вольга, ты мой самы верны паплечнік і баявая адзінка», — згадвае Алена.

Вольга Захаранка з дачкой Аленай і ўнукам Кірылам. Фота: архіў Алены Захаранкі, які быў апублікаваны «Радыё Свабода»

Яна кажа, што супраць бацькі была распачата крымінальная справа за тое, што ён нібы выступаў у Міністэрстве ўнутраных спраў і заклікаў супрацоўнікаў, каб яны не выконвалі незаконных загадаў. Даводзіў ім, што за тое будуць адказваць.

«Яго абвінавацілі ў тым, што ён перашкаджаў дзейнасці праваахоўных органаў», — згадвае Алена.

Паводле яе, экс-міністру былыя падначаленыя прапаноўвалі дапамагчы ва ўцёках з Беларусі, але ён адмаўляўся. Казаў, што нічога злачыннага не зрабіў і будзе хадзіць з годна ўзнятай галавою. Гэтак ён бараніў законнасць у Беларусі, гаворыць Алена.

Яна прызнаецца: калі бацька знік, то сям’я аказаліся ізаляваная. Некаторыя бацькавы сябры казалі, каб іх не турбавалі, інакш з імі адбудзецца тое ж самае. Дапамогі не было ад каго чакаць.

«Мы пабачылі сапраўднае аблічча яго і нашага атачэння. Як людзі могуць здраджваць», — адзначае Алена Захаранка.

Тым часам, кажа яна, рэжым рабіў захады, каб грамадства засумнявалася ў праўдзівасці фактаў аб тым, што здарылася з палітыкамі. Дзяржаўныя медыі спрабавалі запэўніць беларусаў, што яны жывыя і знаходзяцца за межамі Беларусі.

Родным Захаранкі даводзілася нават настойваць на абвяржэнні таго ў адной з нямецкіх газет. Гэта было ў 2001 годзе.

«У газеце з'явіўся артыкул, у якім сцвярджалася, што ёсць сведкі, якія бачылі жывым майго бацьку і што ён з сям’ёй. Мама хадзіла да рэдактара гэтай газеты, і потым ён напісаў абвяржэнне. Гэта быў заказны артыкул, каб тыя, хто цікавіцца гэтай тэмаю, думалі, што палітыкі не былі выкрадзеныя, а збеглі і жывуць бесклапотна», — расказвае Алена Захаранка.

Яна кажа, што ўлада дагэтуль стараецца не згадваць балючую для яе тэму выкрадзеных, а затым забітых палітыкаў. Рэжым робіць выгляд, што працэсу супраць Гараўскага няма. Следчыя органы абстрагуюцца ад гэтай сітуацыі.

Акцыя пратэсту ў гадавіну выкрадання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

У перыяды гэтак званай лібералізацыі тэма зніклых палітыкаў губляла актуальнасць і з часам перастала ўяўляць небяспеку для Лукашэнкі. У апазіцыйным асяроддзі пра іх лёс згадвалася пераважна ў гадавіну выкрадання. Працэс Гараўскага актуалізаваў гэту тэму.

«Я абавязаная расказаць усім, што адбывалася ў Беларусі ў канцы 1990-х гадоў: пра ахвяраў рэжыму, як яны аддавалі жыццё за праўду і будаўніцтва прававой дзяржавы», — даводзіць Алена Захаранка.

«Паважаю, што робіць цяпер Гараўскі…»

Праз чатыры месяцы пасля таго, як перарвалася сувязь родных з Юрыем Захаранкам, была распачатая крымінальная справа па факце яго забойства паводле артыкула «Наўмыснае забойства». Днём раней, 16 верасня 1999 года, зніклі былы віцэ-прэмʼер Віктар Ганчар і ягоны сябра-бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

За доўгія гады афіцыйнае следства па справах зніклых палітыкаў так нікуды і не прасунулася. Справы прыпынялі, закрывалі, распачыналі зноў. Юрыя Захаранку адмаўляліся прызнаць памерлым.

Па словах Алены Захаранкі, сям’я згубіла веру ў тое, што Захаранка жывы пасля таго, як стала вядома пра рапарт Мікалая Лапаціка. У ім было названае імя забойцы.

«Тады мы зразумелі, што гэта інфармацыя сур’ёзная. З таго моманту ў нас не было надзеі, што бацька жывы», — адзначае Алена.

Генерал-маёр Мікалай Лапацік. Фота: сацыяльныя сеткі

У 2000 годзе начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС Мікалай Лапацік напісаў міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву рапарт, з якога вынікала, што выкраданнем і забойствам палітыкаў займалася група байцоў 1-ай роты спецназу, якой кіраваў палкоўнік міліцыі Дзмітрый Паўлічэнка. Яго групу пасля таго сталі называць «эскадронам смерці».

У рапарце выказвалася меркаванне, што загад аб забойстве палітыкаў сыходзіў ад тагачаснага памочніка Лукашэнкі па нацыянальнай бяспецы Віктара Шэймана. Міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў загадаў кіраўніку следчага ізалятара №1 Алегу Алкаеву выдаць Паўлічэнку пісталет, якім забівалі асуджаных да смяротнага пакарання. Ім і забівалі выкрадзеных палітыкаў.

Цела Захаранкі было спалена ў крэматорыі Паўночных могілак Мінска. Тры гады таму Юрый Гараўскі падчас сустрэчы з Аленай паведаміў ёй месца, дзе быў высыпаны прах бацькі.

«У мяне ёсць аркушык паперы, на якім Гараўскі ўласнаруч намаляваў тое месца», — адзначае яна.

Юрый Гараўскі ў капюшоне каля будынку кантанальнага трыбунала ў швейцарскім Санкт-Галене. Фота: «Новы час»

Імя таго, хто страляў у спіну Юрыю Захаранку, Гараўскі таксама назваў. І яго паўтарыў у швейцарскім судзе. 

«Гэта грамадзянін Паўлічэнка. Абсалютна безэмацыйная, абыякавая да ўсяго асоба. У якой адсутнічаюць хоць якія станоўчыя чалавечыя якасці», — кажа дачка Захаранкі.

Працэс праходзіў у судзе кантона Санкт-Гален. 28 верасня павінен быць агучаны прысуд.

Суд над былым удзельнікам «эскадрону смерці» для сям’і Захаранкі вельмі важны. Яна шануе тое, што робіць цяпер Гараўскі. Ён расказаў праўду аб апошніх гадзінах бацькавага жыцця.

«Я ведала, калі тата быў выкрадзены, але я не ведала, як і калі яго забівалі, — адзначае Алена. — Апошнімі яго словамі, як сцвярджае Гараўскі, былі «зрабіце гэта хутка, без болю».

Так выглядае цяпер Дзмітрый Паўлічэнка. Ён заклікае «знаходзіць і выкарчоўваць» тых вайскоўцаў, якія ў жніўні 2020-га не ўдзельнічалі ў задушэнні пратэстаў. Скрын з відэа СТБ

Паводле Захаранкі, на працэсе не згадваўся Лукашэнка. Але яна лічыць, што гэта ён стаіць за забойствам, што менавіта гэта вынікае з паказанняў Гараўскага.

Сілавікі, якія забівалі іх, былі супрацоўнікамі дзяржаўнага апарата, які непасрэдна падначальваўся Лукашэнку.

«Гараўскі выглядае абсалютна падаўленым чалавекам»

Тое, што Юрый Гараўскі казаў на судзе, не было для Алены Захаранкі адкрыццём. Многае з пачутага ён ужо апавядаў ёй у 2020 годзе падчас асабістай сустрэчы.

Некаторыя паказанні падсудны змяніў, заўважае яна. Напрыклад, раней Гараўскі казаў, што ён падаў Паўлічэнку пісталет, а ў судзе заявіў, што Паўлічэнка сам узяў яго.

Юрый Гараўскі і Алена Захаранка. Фота: скрын з відэа dw.com​

«Відаць, гэтак Гараўскі хоча рэабілітаваць сябе, — мяркуе Алена. — Адвесці ад сябе віну, маўляў, ён толькі затрымліваў і не ведаў пра тое, што далей адбудзецца. Яму, як салдату, неабходна было выканаць загад, а Паўлічэнка з набліжанымі рабілі свае крымінальныя справы і не інфармавалі іншых удзельнікаў аб сваіх намерах».

Захаранка кажа, што за тры гады Гараўскі дужа змяніўся. Цяпер гэта «абсалютна падаўлены чалавек, у якога няма будучыні, які плыве па цячэнні свайго лёсу».

У судзе Алена сядзела за ім і не бачыла яго твару, рэакцыю на пытанні, жэстыкуляцыю. Яна ўяўляла, як бацьку затрымлівалі, кідалі на зямлю, і тады ёй станавілася блага.

«Я пачынала плакаць і старалася ўтаймаваць свае думкі, бо іначай не дасядзела б да сканчэння суда. Эмацыйна б не вытрымала. Дужа цяжка было ўваходзіць у мінулае», — расказвае дачка забітага палітыка.

Юры Гараўскі выбачыўся перад блізкімі і сваякамі забітых. На судзе так трэба зрабіць, каб засведчыць раскайванне і разлічваць на мякчэйшае пакаранне.

На думку Алены, з узростам, а пагатоў, калі чалавек трапляе ў свабоднае грамадства, то міжволі адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў.

«Магчыма, яму стала больш зразумелая яго віна за ўдзел у забойстве людзей. Цяпер Гараўскі жыве ў цывілізаваным грамадстве, дзе існуе права, закон, людзі ведаюць, што дзяржава іх абароніць, і бачыць розніцу таго грамадства, у якім жыў раней», — разважае Захаранка.

На яе погляд, судовы працэс над Гараўскім паказальны для афіцэраў, якія служаць Лукашэнку.

Разгляд справы былога ўдзельніка «эскадрону смерці» сведчыць, што за выкананне злачынных антычалавечных загадаў давядзецца адказваць.

Алена заўважае, што Гараўскі не атрымаў палітычнага прытулку ў Швейцарыі, але знаходзіцца пад абаронаю дзяржавы, а гэта азначае, што ён не будзе экстрадзіраваны ў Беларусь.

«Я не палітык»

Алена Захаранка — выпускніца акадэміі МУС. У адным з інтэрвʼю яна казала аб тым, што «ведае, што ўвесь асабісты склад (міліцыі. — НН), мужчыны, павінны былі вывучыць тэхніку збіцця пратэстоўцаў, каб не пакідаць слядоў. Гэта было яшчэ ў 90-я. Так працягвалася дзесяцігоддзі. Салдаты замбаваныя, яны без пярэчання выконваюць любы загад».

Дачка забітага палітыка даводзіла, што бесчалавечнае абыходжанне з людзьмі фармавалася ўвесь час знаходжання пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. Пасля адстаўкі бацькі персанал праходзіў навучанне ў гаражах.

У гутарцы з «Нашай Нівай» Захаранка кажа, што трагедыя яе сямʼі і тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, — узаемазвязаныя падзеі. Беспакаранасць рэжыму, калі ён толькі ўмацоўваўся, дадала яму больш сілаў і ён стварыў магутную рэпрэсіўную машыну.

Юрый Захаранка (пасярэдзіне) на акцыі пратэсту ў 1996 годзе. Фота: belprauda.com

«Палітычная акцыя з забойствам таты была таксама скіраваная на запалохванне грамадства. Каб кожны баяўся, а раптам і з ім гэтак жа расправяцца, ці з яго блізкімі. Каб людзі адчувалі сябе адзінокімі», — лічыць Алена Захаранка.

На яе погляд, калі б сусветная грамадскасць, самі беларусы не былі пасіўнымі і выйшлі з пратэстам пасля адкрыцця праўды аб лёсе бацькі, то ў Беларусі не было б цяперашняга тэрору.

«Я дапускала, што супрацьстаянне з такой дэспатычнай уладай дабром не скончыцца. Яна ніколі не прызнае, што прайграла. Яна будзе заўжды знішчаць тых, хто стаіць на іх дарозе. Выхад з шарыкамі ды кветкамі на вуліцы не дасць нічога», — перакананая Алена Захаранка.

Яна не гатовая прапанаваць сцэнар, як Беларусі пазбавіцца ад Лукашэнкі.

«Я не палітык, а асоба, пацярпелая ад гэтага рэжыму, — падсумоўвае Алена Захаранка. — Гэта ўжо самім беларусам вырашаць, як змагацца з такім страшным дэспатам. Магу толькі пажадаць ім сілаў і веры ў шчаслівейшую будучыню».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

«Машына была на глыбіні аднаго метра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

«Тых, хто адседзеўся, быў не адзін дзясятак». Паўлічэнка выказаўся пра Сахашчыка і сілавікоў, якія не выйшлі на разгон пратэстаў

Алкаеў пра прызнанне былога спецназаўца: Гэта Рыгоравічу старэйшыя браты з Масквы закрылі шлагбаум на Захад

Алкаеў сустракаўся з Сіваковым у Мінску? — відэа

Пазбаўлены звання падпалкоўнік КДБ Костка: Я ніводнага дня не служыў пры Лукашэнку і прысягу яму не прыносіў

Снайперы, БТР, шматтысячны мітынг апазіцыі: як праходзіў першы «Усебеларускі сход» + шмат архіўных ФОТА

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
42
Панылы сорам
8
Ха-ха
10
Ого
6
Сумна
91
Абуральна
46
1
Вероятный/адказаць/
27.09.2023
Texts, нават аніводная з прыстойных краін не прызнала вынікаў лукашэнкаўскіх (анты)канстытуцыйных "рэферэндумаў". Але Лябедзька не такі, ён прызнаў і творча інтэрпрэтуе. 
2
Ва ва/адказаць/
27.09.2023
Яна дужа перажывае, за сябе, за тату.  Яе душаць слезы. А яна не перажывае за семьи метрапалитэнауцау ????????  Можа гэта их слезы душаць ЯЕ ??????
1
Помста гэта страва, што падаецца халоднаю./адказаць/
28.09.2023
Што значыць "бацька не адразу распазнау, хто такі Лукашэнка"? незаконны разгон сілаю дэпутатаў, якія мелі сваю абрунтаваную кропку гледжання і імунітэт?! разгон страйку метрапалітэнаўцаў, якія патрабавалі свайго?! Атрымліваецца, Захаранка, як і іншыя, спрычыніліся да ўзыходу на эшафот пачвары, якая перашагнула па дзясятках і ўжо сотнях трупаў. А цяпер яшчэ горш пасля 2020
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031