У Еўрасаюзе прайшлі падрыхтоўку 27 тысяч украінскіх вайскоўцаў
Пра тое, што 27 тысяч украінцаў прайшлі вайсковую падрыхтоўку ў рамках трэніровачнай місіі Еўрасаюза, сказаў высокі прадстаўнік ЕС у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Жазэп Барэль падчас відэазвароту да ўдзельнікаў Форуму абаронных індустрый 30 верасня.
Жазэп Барэль. Фота: Michael M. Santiago/Getty Images
«Відавочна, што інвестыцыі ў абарону Украіны таксама азначаюць інвестыцыі ў нашу ўласную еўрапейскую бяспеку. Мы працягваем фінансаваць пастаўкі сучаснай вайсковай тэхнікі ў адпаведнасці з прыярытэтамі, вызначанымі Украінай. Таксама мы праводзім дастаткова вялікую працу па вайсковай падрыхтоўцы», — заявіў Жазэп Барэль.
Барэль нагадаў, што нядаўна ЕС павялічыў мэтавы паказчык падрыхтоўкі ў рамках місіі да 40 тысяч да канца гэтага года.
«Акрамя таго, наша ініцыятыва па вытворчасці боепрыпасаў, вядома, добра акупляецца. Мы зрабілі неадкладныя пастаўкі са склада і цяпер арыентуемся на сумесныя закупкі. У гэтым месяцы Еўрапейскае абароннае агенцтва падпісала з прамысловасцю дзевяць рамачных кантрактаў на агульную закупку 155-мм боепрыпасаў», — дадаў кіраўнік дыпламатыі ЕС.
Паводле яго слоў, «мы павінны вырабляць больш і хутчэй, каб працягваць падтрымліваць Украіну і папаўняць запасы нашых дзяржаў-членаў».
Раней стала вядома, што ў рамках схемы закупак Еўрасаюза сем краін замовілі неабходныя артылерыйскія снарады для Украіны. Гаворка ідзе пра боепрыпасы калібра 155 мм.
Чытайце таксама:
Сродкі Еўрасаюза, што прызначаліся Беларусі і Расіі, перанакіруюць Украіне і Малдове
Еўрасаюз будзе падтрымліваць беларусаў столькі, колькі неабходна — Барэль
Пашырэнне ЕС не толькі выклік гісторыі, але і геапалітычная неабходнасць — фон дэр Ляен





