У Славакіі аштрафавалі ўладальніка машыны, які пасадзіў у крэсла кіроўцы свайго сабаку
На здымку, які апублікавала ў сваім фэйсбуку славацкая паліцыя, бачны сабака з раскрытай пашчай, які сядзіць на крэсле кіроўцы ў машыне маркі «Шкода», піша Бі-бі-сі. Парушэнне трапіла ў аб'ектыў камеры кантролю хуткасці.
Фота: POLICIA SR
«Паліцыянты не маглі паверыць сваім вачам, — сказана ў паведамленні. — Замест кіроўцы ў камеру прыгожа ўсміхаўся карычневы паляўнічы сабака».
Уладальнік аўтамабіля сцвярджаў, што ягоны гадаванец па мянушцы Хавіна ў той момант, маўляў, раптам заскочыў да яго на калені. Але паліцэйская камера не зафіксавала якіх-небудзь рэзкіх рухаў ўнутры аўтамабіля. У выніку сабачага гаспадара аштрафавалі на месцы за парушэнне правіл дарожнага руху. Як канкрэтна было кваліфікавана парушэнне — не пазначаецца.
Паліцыя звярнулася да кіроўцаў з заклікам фіксаваць сваіх гадаванцаў падчас кіравання. «Нават невялікая жывёліна можа паставіць пад пагрозу вашае жыццё і здароўе падчас кіравання», — папярэдзілі ў паліцыі.
Чытайце таксама:
У вёсцы пад Гроднам знайшлі зялёнае кацяня. І гэта яго натуральны колер





