Каля будынка МУС Турцыі ў Анкары ўзарваўся тэрарыст-смяротнік
У Анкары ля будынкаў міністэрства ўнутраных спраў Турцыі тэрарыст-смяротнік прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаванне.
Супрацоўнікі паліцыі абследуюць тэрыторыю пасля выбуху каля Міністэрства ўнутраных спраў Турцыі ў Анкары, 1 кастрычніка 2023 г. Фота: Osmancan Gurdogan / Anadolu Agency via Getty Images
Як напісаў у твітары кіраўнік МУС Алі Эрлікая, двое тэрарыстаў падʼехалі раніцай 1 кастрычніка да брамы будынка міністэрства на невялікім фургоне. Адзін з іх узарваў бомбу і загінуў. Другі «быў нейтралізаваны», паведаміў Эрлікая. Такая фармулёўка звычайна азначае, што нападніка застрэліла паліцыя.
Выгляд пашкоджанага аўтамабіля, які выкарыстоўвалі тэрарысты, каб здзейсніць напад у Анкары, 1 кастрычніка 2023 г. Фота: Evrim Aydin / Anadolu Agency via Getty Images
Двое паліцыянтаў атрымалі лёгкія раненні, паведаміў кіраўнік МУС Турцыі.
Адказнасці за выбух на сябе пакуль ніхто не ўзяў.





