Знайсці
02.10.2023 / 08:072РусŁacБел

«Прыйшоў Багач, кідай рагач». Як пад Мінскам адзначылі свята збору ўраджаю

У народзе абрад даўно знік: ён не праводзіцца ў вёсках, але Студэнцкае этнаграфічнае таварыства аднавіла яго і з 2013-га штогод ладзіць у філіяле літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы. Свята з танцамі і запамінальнымі спевамі наведаў Onliner.by.

Фота: people.onliner.by

Амаль любая з'ява на працягу года мела важны, сакральны сэнс, таму адзначалі яе адметна. Збор ураджаю — не выключэнне. Трэба было падвесці вынікі працы, адпачыць і настроіць сябе на новы клопат. Наконт гэтага продкі нават пакінулі нам прыказку: «Прыйшоў Багач, кідай рагач, бяры сявеньку — сей памаленьку».

Багач (а так называўся і лубок з сабраным жытам) традыцыйна адзначаўся ўвосень. Пазней, з распаўсюджаннем хрысціянства, яго пачалі суадносіць са святам Нараджэння Божай Маці, якое прыпадае на 21 верасня паводле праваслаўнага календара і на 8 верасня — паводле каталіцкага.

Фота: people.onliner.by

Фота: people.onliner.by

— Багач — гэта свята традыцыйнага беларускага календара, прымеркаванае да заканчэння жніва, але распаўсюджанае не па ўсёй тэрыторыі Беларусі (праводзілася пераважна ва ўсходняй частцы), — кажа старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Ганна Сілівончык. — Вось асноўныя дзеянні: з усіх сямей вёскі збіралі зерне ў лубку, урачыста запальвалі свечку і з гэтым багачом абыходзілі ўсю вёску, завітваючы ў кожную хату, гумны. Такім чынам замыкалі і асвячалі ўсю вясковую прастору першым восеньскім агнём.

Пасля таго як абыходзілі ўсю вёску, багач пакідалі на год у пэўнай сям'і. З аднаго боку, гэта была праява пашаны, а з другога — у гэтым доме на працягу года, пакуль ён там захоўваўся, павінна было ўсё радзіць і пладзіць. Гэта было наданне сям'і асаблівага шанцавання і плёну.

Ставілі яго пад абразамі і мусілі клапаціцца, каб захаваўся да наступнага жніва.

Фота: people.onliner.by

Фота: people.onliner.by

А ў чым розніца паміж дажынкамі і зажынкамі?

Паводле «Беларускай энцыклапедыі», сэнс зажынак, земляробчага звычаю, быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры ўраджай. У сваю чаргу, дажынкі сімвалізавалі заканчэнне жніва, і людзі дзякавалі духам нівы за хлеб і плён.

«Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песняй ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абедзеннымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай», — напісана ў энцыклапедыі.

Фота: people.onliner.by

Ганна кажа, што самым важным элементам багача было зерне. Гэта сімвал ураджаю, які вырас за год, сімвал працы гаспадара і ўсёй яго сям'і. А паколькі зерне збіралі з кожнага двара, багач дэманстраваў плён жыцця ўсёй вясковай грамады. Свечку, якую ставілі ў лубок, рабілі з воску. З ёй і зернем лубок увасабляў святасць земляробчага календара.

У гэты дзень у вяскоўцаў, кажучы па-сучаснаму, быў выхадны. Ніхто не рабіў, усе стараліся адпачыць, наведаць сваякоў, суседзяў, прывезці падарункі і пачаставаць адно аднаго ўраджаем. Таксама ладзіліся кірмашы, людзі запрашалі музыкантаў, гулялі, танцавалі і спявалі разнастайныя песні.

— Багачовай традыцыі ў жывым бытаванні ўжо няма, — працягвае Ганна. — Але дагэтуль існуюць розныя ўрачыстасці, прымеркаваныя да дажынак і пачатку восені. У розных рэгіёнах Беларусі захавалася наступная традыцыя: гаспадыні ідуць у поле, зжынаюць сноп і ставяць яго дома на покуць. З усёй беларускай жніўнай традыцыі гэта адзінае, што захавалася.

Фота: people.onliner.by

Адрадзіла (рэканструявала, калі казаць прафесійнай мовай) абрад Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і ўжо дзясяты год праводзіць адмысловае свята ў філіяле літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы. Зразумела, ад аўтэнтыкі абрад адрозніваецца, але сябры таварыства стараюцца паказаць, як яно было насамрэч, улічваючы сімволіку і асаблівасці.

Фота: people.onliner.by

Фота: people.onliner.by

Гасцей частуюць салодкім і хлебам, усе ахвотнікі могуць патанцаваць, паспяваць і, нарэшце, прыдбаць сабе нешта на імправізаваным кірмашы. А тут табе і аўтэнтычны квас, і мёд, і зборы зёлак, якія халоднымі восеньскімі вечарамі можна будзе запарваць у кубачку.

— Мы стараемся зладзіць свята камерным, такім, як яно сапраўды было ў вёсцы. І багачовай традыцыяй цікавяцца дагэтуль. У першыя гады мы збіралі пераважна моладзь, а зараз [на абрад] да нас прыязджае ўсё больш людзей сталага веку, дзяцей. На нашых святах збіраюцца ўсе пакаленні, і інтарэс сапраўды ёсць. З аднаго боку, улетку ўсе раз'язджаюцца па розных цікавых імпрэзах, мясцінах, а тут узнікае магчымасць зноў пабачыцца, паспяваць, патанцаваць разам і зноў вярнуць камунікацыю. А з іншага боку, прайшоў важны вяснова-летні перыяд, калі ўсё расло, гадавалася на агародах, у садах, і хочацца падзяліцца гэтым плёнам. Таму хоць крыху ў іншым фармаце, але мы стараемся захоўваць гэтае свята.

Фота: people.onliner.by

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
02.10.2023
нейкія нярадасныя выразу твару ў людзей... хоць гэта не прыгоннае ябацькіна свята
03.10.2023
Vjazynka...Dobryja tam mjasciny...Nekali  rodnyja u tyh mescah mali daczu.....Ezdili zausidy kalja domka Jakuba Kolasa...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930