Знайсці
04.10.2023 / 18:374РусŁacБел

Першы раз такое. На вынік выбараў у Славакіі паўплывалі дыпфэйкам — з голасам лідара праеўрапейскай партыі

Наяўнае ў краіне заканадаўства аб барацьбе з дэзынфармацыяй не змагло перадухіліць распаўсюд хлуслівай інфармацыі падчас выбарчай кампаніі. 

Выбаршчыкі запаўняюць свае бюлетэні на выбарчым участку ў Браціславе падчас датэрміновых парламенцкіх выбараў у Славакіі 30 верасня 2023 года. Фота: AP Photo / Darko Bandic

Пра сумны вопыт апошняй выбарчай кампаніі ў Нацыянальную раду Славакіі (выбары адбыліся 30 верасня) расказвае французскае выданне Le Monde.

За два дні да галасавання ў сацсетках выклалі запіс размовы лідара цэнтрысцкай праеўрапейскай партыі «Прагрэсіўная Славакія» Міхала Шымечкі (Michal Šimečka) з вядомым журналістам, аўтарам шматлікіх расследаванняў аб тым, што «галасамі цыганоў» будуць «маніпуляваць» на карысць яго кандыдатуры.

Запіс размовы шырока разышоўся ў тыктоку. Але ён аказаўся фэйкавым. Галасы вядомых асобаў былі згенераваныя штучным інтэлектам так, што многія паверылі ў сапраўднасць.

Перш чым запіс выдалілі з фэйсбука і тыктока, яго перапосцілі некалькі тысяч разоў. Як адзначыў у гутарцы з французскімі журналістамі галоўны рэдактар і спецыяліст па дэзынфармацыі сайта Dennik N Філіп Струхарык (Filip Struharik),

«аспрэчваць гэты запіс было вельмі складана, таму што ён з'явіўся ў дзень, калі любая перадвыбарчая агітацыя заброненая», таму СМІ не маглі даваць слова кандыдату. Вось так Славакія «ўпершыню сутыкнулася з дыпфэйкамі, якія зачапілі значную аўдыторыю».

Журналісты звяртаюць увагу, што пераможца выбараў — нацыянал-папуліст, лідар партыі Smer Роберт Фіца (Robert Fico) у сваёй выбарчай кампаніі шырока выкарыстоўваў ілжывыя паведамленні з прарасійскім, антыімігранцкім ці анты-ЛГБТ падтэкстам.

Еўрапейскі камісар па каштоўнасцях і празрыстасці, чэшка Вера Юрава (Vera Jourova) пасля галасавання заявіла аб «беспрэцэдэнтнай хвалі дэзынфармацыі (…) як ад крайне правых, так і ад пракрамлёўскіх крыніц».

У чым прычына поспеху дэзынфармацыі

Як сцвярджаюць спецыялісты, насельніцтва Славакіі дэманструе самы высокі ў Еўропе паказчык даверу да тэорый змоваў.

Адпаведна апытання аналітычнага цэнтру Globsec, 52% рэспандэнтаў у 2018 годзе адказалі, што вераць у існаванне «тайных таварыстваў, якія кантралююць развіццё падзей у свеце і спрабуюць стварыць таталітарны сусветны парадак».

Такія настроі — добрая глеба для ўсякіх ілжывых паведамленняў, на барацьбу з якімі накіраваны прыняты ў жніўні гэтага года Закон аб лічбавых паслугах у Еўрапейскім саюзе. Ён прадугледжвае істотныя санкцыі (да 6% ад глабальнага абароту) для буйных платформаў, калі яны не будуць выконваць абавязацельстваў па мадэрацыі і празрыстасці.

Але закон, як паказаў выпадак Славакіі, не вырашае ўсяго. Адна з прычын у тым, што з 25 жніўня яго палажэнні прымяняюцца толькі да 19 платформаў, кожная з якіх мае больш чым 45 мільёнаў карыстальнікаў у ЕС, і не датычаць абмену паведамленнямі ў асноўным сродку распаўсюджання дэзынфармацыі — тэлеграме.

Менавіта ў тэлеграме мае канал на 50 тысяч падпісантаў віцэ-прэзідэнт партыі Smer Любаш Блаха (Ľuboš Blaha), які стаў крыніцай многіх сумнеўных пастоў падчас гэтай славацкай кампаніі. Паведамленні затым аўтаматычна перавыдаюцца на Facebook або YouTube з дапамогай субакаўнтаў.

У Славакіі, як і ў іншых краінах Еўропы, Facebook аўтсорсіць агенцтву Франс-Прэс выяўленне хлуслівай інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў яго сэрвісе. Але толькі два журналісты нясуць адказнасць за ўвесь кантэнт, які вырабляецца ў краіне.

Журналісты прыгадваюць, што пасля пачатку вайны ва Украіне ўлады Славакіі пайшлі на радыкальны крок, закрыўшы некаторыя прарасійскія сайты з дэзынфармацыяй. Сярод іх сайт Hlavne Spravy, аднаго з аўтараў якога сфатаграфавалі падчас атрымання грошай ад дыпламата расійскага пасольства ў Браціславе.

Але праз шэсць месяцаў сайт аднавіў сваю працу, бо парламент з-за рознагалоссяў з нагоды рызыкаў цэнзуры не змог прыняць закон, які дазваляе назаўжды спыняць дзейнасць такіх сродкаў дэзынфармацыі.

Нягледзячы на правал еўрапейскай палітыкі барацьбы з дэзынфармацыяй на парламенцкіх выбарах у Славакіі, еўрапейскія чыноўнікі спадзяюцца, што Закон аб лічбавых паслугах зможа дапамагчы перад выбарамі ў Еўрапарламент у чэрвені 2024 года, бо яго дзеянне да таго часу павінна распаўсюдзіцца на значна большую колькасць платформаў і сэрвісаў.

Чытайце яшчэ:

Парнаграфічныя дыпфэйкі: каго асудзяць першым?

Аперацыя «Двайнік»: як дзейнічае расійская прапаганда

Спынена самая маштабная кампанія Кітая па дэзынфармацыі ў сацыяльных сетках

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
16
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
13
3
Интересно, какое у Дурова звание?/адказаць/
04.10.2023
Интересно, какое у Дурова звание? Фейки, дезинформация, кремль, телеграмм. Просто кремлевское бинго. Все остальные платформы заблокировали и удали дипфейк, а телеграмм нет. В рф многие платформы (фейсбук, инстаграм) заблокированы, а телеграмм нет. Пользуйтесь дальше этим российским дырявым фсбешным мессенджером. Контора вам спасибо скажет.
3
Манчестер/адказаць/
04.10.2023
Лукашенко подерживает около 30%. И я не понимаю почему оппозиция не снимает с ним дип фэйк порно и разного рода разговоры. Главное результат.
1
барадзед/адказаць/
04.10.2023
для пачатку трэба руснявае пасольства зачыніць
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031