Знайсці
04.11.2023 / 17:551РусŁacБел

Беларуская майстрыха ў Вільні стварае бчб-упрыгожанні, а палову прыбытку данаціць Палку Каліноўскага

Свае першыя ўпрыгожанні Юлія стварыла падчас пандэміі каранавіруса. Яна шукала, чым можна адцягнуць сваю ўвагу ад навін. Менавіта тады пабачыла анлайн-курс па стварэнні брошак з бісеру. Не доўга думаючы, жанчына купіла курс і прынялася асвойваць вышыўку бісерам.

Фота: асабісты архіў Юліі Чарняковай

Да таго моманту яна дзесяць гадоў працавала журналісткай, потым сям’я пераехала з Мінска ў Магілёў, атрымалася, што Юлія Чарнякова стала хатняй гаспадыняй. Яна спрабавала пячы торты на замову, а потым знайшла сябе ў стварэнні ўпрыгожанняў. Спачатку гэта было хобі, якое паступова перарасло ў крыніцу заробку.

Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты пасля фальсіфікацыі выбараў, Юлія пачала ствараць тэматычныя брошкі, прысвечаныя падзеям — напрыклад, бчб-парасоны, якія сталі адным з сімвалаў пратэсных маршаў.

Фота: інстаграм Юліі Чарняковай

— Наогул, натхненне да мяне прыходзіць рознымі шляхамі. Можа быць проста добры настрой, і хочацца зрабіць нешта на тэму прыроды, напрыклад. Але часта на мяне ўплываюць падзеі навокал, якія хочацца неяк адрэфлексіраваць з дапамогай творчасці. У 2020 годзе мяне вельмі натхнілі масавыя жаночыя маршы. З'явілася ідэя стварыць калекцыю жаночых вобразаў беларускай рэвалюцыі — так з’явіліся дзевяць брошак калекцыі «Femina кроў надзеі».

У Вільню мастачка пераехала ў 2021 годзе, ратуючыся ад пераследу. Пасля таго як пачалася вайна ва Украіне і быў сфарміраваны Полк Каліноўскага, Юлія вырашыла, што стане пералічваць палову прыбытку ад продажу рэчаў з калекцыі «Femina кроў надзеі».

Нягледзячы на тое, што з моманту апошніх масавых пратэсных маршаў прайшло некалькі гадоў, мастачка зноў і зноў стварае бчб-упрыгожанні — кажа, што душа патрабуе.

— Яны не губляюць актуальнасць. Часам людзі прыходзяць і пытаюцца адразу: «А што ў вас ёсць пратэснай тэматыкі?» Я разумею, што ўсім тэма Беларусі баліць і людзі шукаюць магчымасці прадэманстраваць, што яны працягваюць знаходзіцца ў гэтым парадку дня.

Калі быў настрой павесяліцца, Юлія стварыла бчб-бранзалеты з трыма чарапахамі (па матывах легендарнай песні N.R.M.), а таксама коцікамі (згадаўшы выраз «беларусы — коцікі», які не раз гучаў у 2020 годзе).

Адказваючы на пытанне пра тое, колькі часу трэба на стварэнне адной брошкі, Юлія адзначае, што ўсё залежыць ад складанасці.

 — У сярэднім на брошку ці завушніцы трэба каля двух-трох дзён. Але, напрыклад, тыя складаныя брошкі, якія ёсць у калекцыі «Femina кроў надзеі», патрабуюць значна больш часу. Там сустракаюцца жаночыя твары, якія, бывае, даводзіцца перарабляць па некалькі разоў. Самая складаная з іх — гэта брошка «Ягня», на яе сышло каля двух тыдняў. Гэтая брошка трохчасткавая — дзяўчына на руках трымае маленькае ягня. Для мяне гэта сімвал той ахвяры, якую беларускія жанчыны прынеслі рэвалюцыі.

Чытайце таксама:

«Самае складанае і цікавае — роспіс тварыкаў». Беларуска стварае з ваты душэўныя калядныя цацкі

«Паўтарыць свой жа шэдэўр кропля ў кроплю проста немагчыма». Беларуска робіць салодкія букеты, якія не адрозніш ад сапраўдных

«Беларускі кошык — гэта асобны сусвет». Майстрыха расказала пра старажытныя традыцыі лозапляцення

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
31
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
15
04.11.2023
Юля -- маладафронтаўка дзевяностых ❤. Якая ж ты малайчына! Заўсёды такой была! І дзякуй табе вялікі за лісты і паштоўкі, якія ты мне дасылала за краты!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031