Знайсці
05.11.2023 / 16:29РусŁacБел

«Таёта» зрабіла стаўку на перадавыя тэхналогіі. Але на справе не так усё проста

Японскі канцэрн яшчэ два гады назад збіраўся стварыць перадавую вытворчасць аўтамабіляў з уласным праграмным забеспячэннем і пабудаваць цэлы горад для іх выпрабавання. Цяпер амбіцыйныя планы даводзіцца перагледзець. Японская кампанія не адзіная ў аўтаіндустрыі, хто пераацаніў свае магчымасці.

Генеральны дырэктар Toyota Motor Corp. Кодзі Сато на брыфінгу падчас аўташоу ў Токіа стаіць паміж спартыўным FT-Se (злева) і ўседарожнікам FT-3e. 25 кастрычніка 2023 года. Фота: AP Photo/Hiro Komae

Як піша The Wall Street Journal, у 2021 годзе Toyota стварыла свой уласны тэхналагічны стартап, які прадугледжваў распрацоўку аперацыйнай сістэмы Arene, якая павінна была стаць стандартам для ўсёй галіны, і даць магчымасць вадзіцелям, па аналогіі як у Tesla, здзяйсняць бесправадную загрузку шырокага спектру абнаўленняў.

Транспартныя сродкі на базе Arene павінны былі атрымаць магчымасць падлучэння да воблачнай сеткі, збору і абмену данымі паміж мільёнамі транспартных сродкаў, разумных дамоў і гарадской інфраструктурай. У планах бачылася, што распрацоўшчыкі за межамі Toyota змогуць выкарыстоўваць Arene для стварэння сваіх уласных прыкладанняў і паслуг для аўтамабіляў, што аперацыйная сістэма будзе адкрытая для выкарыстання і іншымі аўтавытворцамі.

Амбіцыі стартапа былі настолькі вялікімі, што адным з яго праектаў была пабудова цэлага новага горада — Woven City, — дзе можна было б жыць у разумных дамах і праводзіць выпрабаванні аўтамабіляў, якія рухаюцца без кіроўцы і працуюць на вадародным паліве.

У кампаніі было створана падраздзяленне, якое пачало займацца распрацоўкай інтэлектуальнага праграмнага забеспячэння, — Woven Planet («Тканая планета»). Назва была абраная, каб падкрэсліць з аднаго боку інтэграцыю розных функцый у адну сетку, а з другога боку, нагадаць аб гісторыі кампаніі, якая пачыналася з вытворчасці ткацкіх станкоў у 1920-я гады. Сама ж штаб-кватэра Woven Planet была распрацавана ў стылі Сіліконавай даліны.

Woven City мае размясціцца ля падножжа гары Фудзіяма. Скрыншот з wovencity6108 / YouTube

Цяпер жа кампанія вымушана адласці свае планы ў доўгую скрыню. Як адзначае выданне, Woven Planet сутыкнулася з цяжкасцямі ў сваёй працы з-за неадпаведнасці паміж сваімі амбіцыямі і чаканнямі мацярынскай кампаніі, якая хацела хуткага ўкаранення распрацовак.

Задача стварэння праграмнага забеспячэння таксама была ўскладнена тым, што кампанія хацела, каб яно працавала на многіх тыпах транспартных сродкаў — электрамабілях, гібрыдных мадэлях, аўтамабілях з бензінавым і вадародным рухавіком.

У выніку распрацоўка Arene заняла больш часу, чым планавалася. Спачатку мэтай было выпусціць паўнавартасную версію ў 2025 годзе. Але пазней тэрмін быў перанесены на 2027 год.

У мінулым годзе, як адзначае выданне, Woven Planet пачала ссоўваць сваю ўвагу на распрацоўку праграмнага забеспячэння, якое можа быць пастаўлена хуткім часам. Гэта азначала засяроджанне ўвагі толькі на аўтамабілях Toyota.

У выніку замест назвы Woven Planet з'явілася Woven by Toyota. Цяпер плануецца, што поўнамаштабнае разгортванне праграмнага забеспячэння на аўтамабілях канцэрну адбудзецца ў 2026 годзе.

Tesla і Toyota

Гісторыя Woven Planet, як адзначае выданне, выдатны прыклад іншым традыцыйным кампаніям, якія разумеюць, што ім патрэбны інавацыі, але якім цяжка інтэграваць іх у свае старыя алгарытмы.

Выданне адзначае, што Toyota не адзіны вытворца, які сутыкнуўся з праблемамі ў вобласці праграмнага забеспячэння.

На мінулым тыдні General Motors прыпыніла выкарыстанне аўтамабіляў без вадзіцеля з-за асцярог з нагоды бяспекі, пасля таго як такі аўтамабіль збіў жанчыну.

Volkswagen, другі па велічыні аўтавытворца ў свеце, выдаткаваў мільярды і наняў армію інжынераў для свайго ўласнага праграмнага праекта, але ў канчатковым выніку таксама вымушаны быў адкласці свае планы. Гэты пралік прывёў да затрымак вытворчасці мадэляў і стаў дадатковым аргументам для адстаўкі генеральнага дырэктара.

З другога боку, новыя гульцы ў аўтаіндустрыі паспяхова развіваюць аўтамабілі, якія падобныя да кампʼютараў на колах. Tesla, кітайскі BYD і іншыя шырока выкарыстоўваюць праграмнае забеспячэнне для кіравання функцыямі аўтамабіля.

У іх мадэлях усё, пачынаючы ад запасу ходу батарэі да функцый аўтаномнага ваджэння, можа быць палепшана праз прыкладанне на тэлефоне.

Гэтыя кампаніі могуць хутка адаптавацца да зменаў, што дае ім перавагі перад традыцыйнымі аўтавытворцамі, якія менш гнуткія і больш кансерватыўныя ў сваіх падыходах.

Чытайце яшчэ:

Toyota заяўляе, што яе электрамабілі наступнага пакалення будуць мець запас ходу 1000 км

Гэты аўтамабіль цяпер самы прадаваны ў свеце

Будучыня вадародных аўтамабіляў у Еўропе пад сумненнем. У той жа час у Азіі продаж расце

Як кітайскі BYD стаў самай вялікай пагрозай для Tesla

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031