Знайсці
08.11.2023 / 15:55РусŁacБел

ЕС рэкамендавалі пачаць перамовы з Украінай і Малдовай аб далучэнні

Канчаткова пытанне аб сяброўстве мае вырашыцца на саміце ЕС у снежні.

Урсула фон дэр Ляен і Уладзімір Зяленскі ў Кіеве. 4 лістапада 2023. Efrem Lukatsky, AP Photo / File

Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што еўрапейскія чыноўнікі рэкамендавалі Еўрасаюзу пачаць фармальныя перамовы аб уступленні з Украінай і Малдовай пры выкананні некалькіх умоў. У дакладзе ЕС таксама ўтрымліваецца рэкамендацыя даць Грузіі статус кандыдата на ўступленне ў блок, піша Бі-бі-сі.

Канчаткова пытанне аб сяброўстве трох дзяржаў мае вырашыцца на саміце ЕС у снежні.

Па словах фон дэр Ляен, перамовы аб сяброўстве Украіны пачнуцца, як толькі Кіеў выканае дадатковыя ўмовы ў дачыненні да барацьбы з карупцыяй, законаў у дачыненні лабізму і правоў нацыянальных меншасцяў.

У суботу кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен пахваліла Кіеў за выкананне «больш чым на 90%» сямі кантрольных паказчыкаў рэформаў, устаноўленых Брусэлем.

«Я ўпэўненая, што вы зможаце дасягнуць сваёй амбіцыйнай мэты — гістарычнага рашэння аб адкрыцці працэсу перамоваў аб уступленні ў ЕС, якое мае быць прынятае ўжо сёлета», — сказала яна падчас візіту ў Кіеў.

Дыпламаты з краін ЕС, якія рашуча падтрымліваюць Кіеў, прызнаюць, што дэбаты ў снежні будуць жорсткімі — і згода на пачатак перамоваў можа быць абумоўленая далейшымі рэформамі.

«Відавочна, што дыскусія будзе гарачай і цяжкай — калі б гэта было не так, мы б ужо мелі кампраміснае рашэнне, — сказаў AFP адзін з высокапастаўленых еўрапейскіх дыпламатаў. — Я аптымістычна настроены на тое, што мы зможам яго прыняць. Гэта не канец шляху».

Агенцтва Bloomberg напярэдадні паведамляла, што заключэнне Еўракамісіі будзе станоўчым для Кіева, аднак у ім будзе ўтрымлівацца шэраг умоў. Іспанская El Pais пісала са спасылкай на праект дакумента, што пачатак дыялогу аб уступленні ўвязваецца з абаронай правоў моўных меншасцяў і больш актыўнай барацьбой з карупцыяй.

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падаў заяўку на сяброўства ў ЕС адразу пасля пачатку расейскага ўварвання ў лютым 2022 года. Праз некалькі месяцаў, у чэрвені, Украіна атрымала статус кандыдата на ўступленне.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031