Знайсці
12.11.2023 / 19:12РусŁacБел

Сіндром раптоўнай дзіцячай смерці: упакоўкі падгузнікаў могуць распаўсюджваць небяспечную для немаўлят інфармацыю

У Еўропе амаль 80% упаковак дзіцячых тавараў паказваюць небяспечныя позы і сітуацыі для сну малых.

Фота: vecteezy

Дзіцячыя педыятры ў Еўропе ўстрывожаныя выявамі на дзіцячых таварах, якія могуць патэнцыйна нашкодзіць малым. У даследаванні, апублікаваным у The Journal of Pediatrics, было выяўлена, што амаль 80% упаковак тавараў для дзяцей з выявай спячага немаўля паказваюць позы для сну, небяспечныя для дзіцяці і выразна вызначаныя ў якасці асноўнага фактару ​​рызыкі развіцця сіндрому раптоўнай дзіцячай смерці (СРДС).

СРДС — гэта нечаканая і невытлумачальная смерць дзіцяці ва ўзросце да 1 года. Напрыклад, у ЗША штогод адбываецца каля 1400 смерцяў з-за СРДС (па даных на 2020 год), паведамляе The Conversation.

У рамках новага праекта, які аб’яднаў даследчыкаў з розных еўрапейскіх навучальных устаноў і даследніцкіх структур, былі вывучаныя выявы, паказаныя на ўпакоўках дзіцячых падгузнікаў у 11 еўрапейскіх краінах, уключаючы Францыю, Германію, Італію і Іспанію. Агулам было даследавана больш за 600 розных упаковак дзіцячых падгузнікаў.

На 49% упаковак быў здымак са спячым дзіцём, аднак 79% з іх не адпавядалі хаця б адной рэкамендацыі па прафілактыцы СРДС. Напрыклад, дзіця выяўлялася ў становішчы на баку, на жываце, з мяккімі прадметамі або свабоднай пасцельнай бялізнай (падушкамі, падобнымі да падушак цацкамі, мяккімі цацкамі, коўдрамі, аўчынамі, неадпаведнымі прасцінамі або бамперамі для дзіцячых ложкаў). На некаторых упакоўках паказвалася, як немаўля спіць разам з іншым дарослым чалавекам на сумесным спальным месцы. Такім чынам, вельмі вялікая доля здымкаў не адпавядае рэкамендацыям па бяспечным сне немаўлят.

Прыклады ўпакоўкі падгузнікаў з выявамі, што не адпавядаюць рэкамендацыям па прафілактыцы СРДС:
— дзіця спіць не на спіне (А, С);
— сон дзіцяці са свабоднай пасцельнай бялізнай або мяккім прадметам (падушкай, вялізнай коўдрай, цацкай) (A, B, C, D);
— дзіця дзеліць спальнае месца з іншым чалавекам (D).

Выява: Martin Chalumeau/Inserm

Рэкамендацыі па прафілактыцы, заснаваныя на навуковых даных

Існуюць канкрэтныя рэкамендацыі па прадухіленні сіндрому раптоўнай дзіцячай смерці, апублікаваныя Амерыканскай акадэміяй педыятрыі. Яны вядомыя з 1990-х гадоў і былі абноўленыя ў кастрычніку 2016 года.

  • Укладвайце немаўлят для сну на спіну ў іх уласным спальным месцы без іншых людзей.
  • У якасці спальнага месца выкарыстоўвайце ложачак для немаўлят, калыску, люльку або так званы партатыўны дзіцячы дворык з цвёрдым плоскім матрацам і прасціной па памеры. Трэба пазбягаць сну на канапе або крэсле, ці ў любых прыладах для сядзення: напрыклад, на арэлях або аўтамабільным сядзенні (за выключэннем паездкі ў машыне).
  • Трымайце свабодныя коўдры, падушкі, мяккія цацкі, бамперы і іншыя мяккія прадметы, якія тэарэтычна могуць перакрыць паветра, далей ад месца для сну.
  • Па магчымасці карміце грудзьмі і пазбягайце палення.

Рэклама можа стварыць ілюзорнае адчуванне праўдзівасці

У паводзіннай і медычнай літаратуры добра вядома, што выявы могуць уплываць на спажывецкія звычкі. Рэкламныя выявы гістарычна з’яўляюцца адначасова як важным інструментам для пераканання спажыўца, так і крыніцай інфармацыі. Калі рэклама перадае несапраўдную інфармацыю, напрыклад, малюнак дзіцяці ў небяспечнай для сну позе, гэта ўяўляе дзве важныя праблемы з пункта гледжання таго, як бацькі апрацоўваюць гэтую інфармацыю. 

Па-першае, спажыўцы звычайна лічаць, што рэкламныя выявы створаныя спецыялістамі, і таму лічаць іх аўтарытэтнымі крыніцамі. У выніку бацькі, верагодна, прымуць паказаную інфармацыю без крытычнай ацэнкі яе сапраўднасці.

Другая праблема можа быць яшчэ больш згубнай. Хоць бацькі могуць ведаць рэкамендацыі па бяспечным сне, якія ім маюць паведамляць у тым ліку ў радзільні або падчас візіту да педыятра — на жаль, шматразовае ўздзеянне адной і той жа няправільнай інфармацыі можа стварыць ілюзію праўды. Нават калі людзі ведаюць, што інфармацыя няправільная, яны могуць паверыць, што яна «не такая ўжо і няправільная». Такім чынам, ведаючы, што немаўлятам рэкамендуецца спаць менавіта на спіне, бацькі могуць у выніку паверыць, што спаць на жываце для немаўляці таксама нармальна.

Марцін Шалюмо, адзін з суаўтараў даследавання, робіць выснову: «Нам неабходна скараціць уздзеянне камерцыйных або афіцыйных малюнкаў, якія не адпавядаюць рэкамендацыям па прафілактыцы СРДС, каб прадухіліць небяспечныя практыкі сну. Робячы гэта, вытворцы і заканадаўцы ў поўнай меры паспрыяюць атрыманню дакладнай інфармацыі пра здароўе».

Чытайце таксама:

У дзяцей, якія задоўга сядзяць перад тэлевізарам ці ў тэлефоне, большая рызыка з'яўлення сардэчных хвароб

Чаму «пазітыўнае выхаванне» павінна ўключаць у сябе таксама і пакаранне

Дактары папярэджваюць: хавайце манеты ад дзяцей

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031