Знайсці
09.11.2023 / 18:484РусŁacБел

Раздзяванне дзяўчат, п’янкі ў прамым эфіры. Што такое трэш-блогерства ў Беларусі і чаму ўлады не прызнаюць яго экстрэмізмам

У Беларусі падчас стрыму памёр чалавек — ён выпіў залпам бутэльку гарэлкі за данат падчас трансляцыі. «Свабода» разбіралася, што такое трэш-блогерства, як яно працуе і чаму адказнасць для палітычных блогераў зусім іншая.

Увечары 5 лістапада падчас віцебскага трэш-стрыму памёр чалавек. Скрын відэа з сацыяльных сетак

Шостага лістапада стала вядома, што ў Віцебску падчас трансьляцыі трэш-блогераў памёр чалавек. Яго звалі Аляксей і ён рэгулярна зьяўляўся ў стрымах цэлай групы каналаў — «Джэнтэльмены фартуны», «Околоконторы» ды іншых. Усё гэта сетка каналаў адной групы так званых «трэш-блогераў», якія спэцыялізуюцца на спэцыфічным кантэнце.

Гэтым разам аўтарам заданацілі грошы, каб ужо нецьвярозы ўдзельнік трансьляцыі залпам выпіў бутэльку гарэлкі. Пасьля такой працэдуры мужчыну паклалі па канапу і празь некаторы час ён памёр. Пазьней і запіс трансьляцыі, і камэнтары да яе выдалілі.

Згаданую сетку каналаў і акаўнтаў вядзе група сяброў і знаёмых. Сэнс наступны: кампанія зьбіраецца, шмат выпівае, удзельнікі стрыму выконваюць розныя заданьні гледачоў: засьпяваць караоке, патанчыць ці выканаць іншае заданьне за грошы. Нярэдка на відэа было відаць, што гэтыя сумесныя стрымы з алькаголем прыводзілі да боек. Таксама ў каналах актыўна рэклямуецца гульня на онлайн-стаўках на спорт.

У асноўным канале ў Telegram група мае больш за 15 тысяч падпісчыкаў, у сумежным — больш за 2,5 тысячы. На адным youtube-канале 56,6 тысячы падпісчыкаў, другі ўжо не адкрываецца (асьцярожна, гэты кантэнт можа вас уразіць).

Пакуль невядома, ці разьбіраліся сілавікі ў абставінах гібелі аднаго з удзельнікаў стрыму, але ў камэнтарах у канале актыўна абмяркоўваецца трагічны выпадак. Многія камэнтатары вінавацяць у сьмерці чалавека аўтараў каналу. Гэта ня першы выпадак, калі беларускія трэш-блогеры трапляюць у зводку навінаў.

Што такое трэш-блогерства і да чаго яно прыводзіла

Трэш-блогерства — даўняя інтэрнэт-зьява. Падобныя блогі раней зьяўляліся ў Эўропе, ЗША, Карэе, Украіне, Расеі. Адзін з варыянтаў арганізацыі шоў, калі ўдзельнік стрыму прычыняе гвалт іншаму. Нярэдка ў якасьці зорак такіх трансьляцый выкарыстоўваюць людзей, якія маюць праблемы з ужываньнем алькаголю.

Два гады таму расейскі блогер Станіслаў Рэшэтняк, ці блогер Reeflay, пабіў сваю сяброўку, а пасьля выставіў яе ў халоднае памяшканьне, дзе дзяўчына памерла.

Трэш-блогерства ў Беларусі

Сёлета ў сакавіку ў Гомлі затрымалі трэш-блогераў, яны за данаты выконвалі розныя заданьні падчас сумеснага расьпіцьця алькаголю.

Рэзанансным стаў выпадак, калі яны пабілі дзяўчыну. Такое ж рабілі і з мужчынам. Пасьля на пакаяльным відэа аўтар каналу сказаў, што гэта рабілася добраахвотна. Канал у выніку выдалілі, а сілавікі паведамілі, што з аўтарам правялі «выхаваўчую размову» і далі «суткі» арышту. Колькі канкрэтна, не паведамлялася.

Разьдзяваньне дзяўчат за грошы

Эратычны кантэнт — яшчэ адна варыяцыя трэш-блогерства. У студзені 2017 году беларускія сілавікі зацікавіліся гомельскім блогерам Mellstroy, ён жа Адрэй Бурым. Па зьвестках сілавікоў хлопец, якому тады было 18 гадоў, плаціў дзяўчатам за разьдзяваньне перад камэрай у Skype, а сам трансьляваў гэта на YouTube. Тады на канале блогера было каля 50 тысяч падпісчыкаў.

Невядома, чым скончылася гэтая справа, але пазьней Mellstroy перабраўся ў Расею, дзе працягваў ствараць шок-кантэнт для інтэрнэту. У 2020 годзе падчас стрыму ў Маскве блогер некалькі разоў ударыў дзяўчыну Алену Яфрэмаву галавой аб стол. Суд пакараў Бурыма 6 месяцамі папраўчых работ, яшчэ ён мусіў выплаціць дзяўчыне кампэнсацыю. Таксама ён выкладаў трансьляцыі п’янак і пагулянак з тратамі вялікіх сумаў грошай.

Мяркуючы па сацыяльных сетках, зараз Mellstroy жыве на востраве Маўрыкій ва Ўсходняй Афрыцы, ён выстаўляе відэа, як траціць вялікія сумы грошай. У нядаўнім пасце блогер напісаў, што не ўжывае алькаголю ўжо паўгода.

«Свабода слова можа часам шакаваць»

У Беларусі амаль не засталося палітычных і грамадзка-палітычных блогераў, якія б крытыкавалі ўлады ці проста разважалі пра палітыку, толькі праўладныя. Палітычных блогераў перасьледуюць і саджаюць за краты. Іх прызнаюць эстрэмістамі і нават тэрарыстамі. Тэрміны пакараньня за крытыку ўлады несувымерныя тым, якія прысуджаюць так званае трэш-блогерства.

«У Беларусі любы палітычны актывізм па-за законам. Любая думка, якая не спадабалася дзяржаўным органам, трапляе ў прастору па-за законам. Што да трэш-блогераў, то гэтыя дзеяньні ў шмат якіх выпадках не ствараюць супрацьпраўнага складніку. Аднак усё, што датычыцца гвалту і парнаграфіі — за гэта ёсьць адміністрацыйная і крымінальная адказнасьць.

Калі чалавек сам сябе давёў да сьмерці ўжываньнем алькаголю, прапанаваць яму бутэльку гарэлкі — гэта не злачынства. Адзінае, што калі нехта зрабіў гэта наўмысна, ведаў, што чалавек загіне, то гэта можа быць давядзеньнем да самагубства. Аднак даказаць гэта цяжка», — гаворыць юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Экспэрт зважае на тое, што практыку беззаконнасьці нельга пашыраць і ў бытавую сфэру. Нават тады, калі свабода выказваньняў парушае нормы маралі.

«Шэраг пэрформансаў у сьвеце шакуюць, але яны маюць на гэтае права. Свабода слова можа часам шакаваць і выклікаць абурэньне. Дзяржава павінна ўмешвацца, калі пераступаюць нейкія рысы, рысы закону. Аднак, большая частка законаў, якія напрымаў сёньня рэжым, парушаюць стандарты права.

Напрыклад, за палітычную дыскусію прадугледжана крымінальная ці адміністрацыйная адказнасьць. Гэта не пакараньне за злачынства, а палітычны перасьлед за рэалізацыю свайго права. Рэжым гэта робіць у дачыненьні да палітычных апанэнтаў. Але гэта не значыць, што такі неправавы падыход можна прымяняць да ўсіх астатніх, хто рэалізуе свабоду самавыказваньня не на палітычныя, а на бытавыя тэмы, нават калі яны супярэчаць нормам маралі», — даводзіць юрыст.

Чытайце таксама:

«Ён проста сіні ўжо». У Віцебску падчас трэш-стрыму памёр чалавек

«А як мы яго пра***лі?» Падрабязнасці трэш-стрыму ў Віцебску, у выніку якога памёр чалавек

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
10
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
13
09.11.2023
Неяк была статья што беларусы у варшаве зарабляють здымаючы порна… Эта другое?? Ци не??
0
Рядовой русского мира/адказаць/
09.11.2023
Простите, но скрепы русского мира не могут быть признаны экстремизмом.
0
John Smith/адказаць/
09.11.2023
Дэградацыю не перамагчы дэкрэтамі. Людзям нельга забараніць быць дурнымі ды сквапнымі, можна дапамагчы ўбачыць іншыя магчымасці. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930