Знайсці
19.11.2023 / 18:121РусŁacБел

Наколькі зручна карыстацца электракарамі ў Беларусі? Спыталі ў аўтааматараў

«Даўжыня прабегу, заяўленая вытворцамі, — фактычна недасяжны паказчык», — у адзін голас кажуць апытаныя «Нашай Нівай» уладальнікі электракараў. Вось што яны расказалі.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Колькі электрамабіляў у Беларусі?

Па стане на сярэдзіну лета гэтага года ў Беларусі налічвалася больш за 10 тысяч электрамабіляў. У агульным аб'ёме лічбы невялікія, але прырост заўважны. Годам раней электракараў было ў два разы менш, а ў 2020-м у краіне іх налічвалася ўсяго каля 400 штук.

Паводле прагнозаў намесніка міністра энергетыкі Дзяніса Мароза, да 2025 года колькасць электракараў у Беларусі можа перавысіць 15 тысяч. Расце і колькасць зарадных станцый, на гэты момант іх налічваецца каля 700 па ўсёй краіне.

Досвед уладальніка Nissan Leaf

Уласнік Nissan Leaf першага пакалення распавёў «Нашай Ніве», што ў яго выпадку галоўная праблема эксплуатацыі электрамабіля — нізкі запас ходу.

«На паперы запас ходу ў Nissan Leaf складае 160 кіламетраў, але гэта вельмі далёкі ад рэальнага паказчык. Калі купляў машыну, то батарэя паказвала 11 дзяленняў з 12, але ўжо тады максімальны прабег складаў усяго 120 кіламетраў, і гэта ў летні перыяд», — кажа Кірыла.

Па словах мужчыны, у марозныя дні запас скарачаецца да 80—90 кіламетраў. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images/Greg Pease

«На шляху да дому можна спыніцца ў самым нечаканым месцы»

«Машыну даводзіцца зараджаць амаль кожны дзень. Але я жыву ў прыватным сектары, таму гэта асабліва не напружвае.

Зімой часам даводзілася карыстацца «Маланкамі», бо пасля таго, як паездзіш па справах, на шляху да дому можна спыніцца ў самым нечаканым месцы. Вядома, можна ехаць з выключанай печкай і без музыкі, каб эканоміць зарад, але навошта такія пакуты?», — задаецца пытаннем Кірыла.

Мужчына згадвае, што аднойчы яго машына ператварылася ў гарбуз.

«Недзе праз месяц пасля куплі мы паехалі на Nissan на лецішча да сяброў, і так атрымалася, што зарадзіць батарэю на 100% не было часу. Запас ходу быў каля 80 кіламетраў, а дарогі па навігатары было пад 70 у абодва бакі.

Палічыў, што хопіць, але ў выніку атрымалася, што па дарозе заехалі ў краму, на выездзе з горада пастаялі ў заторы, а калі трэба было вяртацца дадому, на вуліцы ўжо было цёмна, трэба было ехаць увесь час з уключаным святлом. У выніку батарэя цалкам разрадзілася за 5 кіламетраў ад дому», — прызнаецца Кірыла.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images/Greg Pease

8—9 рублёў на 100 кіламетраў

Мужчына кажа, што ў Беларусі няма праблем з рамонтам і абслугоўваннем электрамабіляў. Прынамсі, калі гэта не нейкі эксклюзіў.

«Nissan Leaf даволі старая мадэль, яе пачалі выпускаць больш за 10 гадоў таму, яна танная і, напэўна, таму даволі масавая. За амаль два гады карыстання праблем з машынай не было. На расходніках, як і на паліве, атрымліваецца сэканоміць. У электрамабілі не трэба мяняць аліву кожныя 10 тысяч кіламетраў, няма паліўнага фільтра і г.д.

У цёплы перыяд ездзіць на ім вельмі танна, на 100 кіламетраў прабегу траціцца 8—9 рублёў. А вось узімку розніца з аўто на паліве не такая вялікая», — адзначае мужчына.

Тым не менш суразмоўца прызнаецца, што асцерагаецца таго, што гэтай зімой запас ходу будзе яшчэ больш сціплым, бо батарэя працягвае дэградаваць.

«Напэўна, з часам давядзецца дадаткова зараджаць машыну, пакуль буду знаходзіцца на працы. У цэлым зарадных станцый па горадзе хапае, але ў крокавай дасяжнасці ад працы, на жаль, няма».

Другі аўтамабіль у сям'і — дызельны

Падсумоўваючы свой досвед карыстання электрамабілем, мужчына кажа, што наўрад ці набыў бы сабе яго, калі б жыў у шматпавярховым доме.

Ілюстрацыйнае фота: Getty Images / Mats Silvan

«Калі ты не жывеш у пешай дасяжнасці да зарадкі, то электрамабіль асалоды табе не прынясе. Прынамсі, калі гэта не нешта новае і дарагое, бо ў сучасных дарагіх электракарах рэальны запас ходу складае 300—500 кіламетраў.

У такім выпадку можна зараджацца па два разы на тыдзень. Бюджэтны электракар даводзіцца зараджаць амаль штодня, і гэта, напэўна, будзе напружваць, калі няма сваёй разеткі», — мяркуе Кірыла.

Іншым важным пунктам, пра які мусяць не забываць тыя, хто прыглядаецца да куплі электрамабіля са сціплым запасам ходу, мужчына называе наяўнасць другой машыны ў сям'і.

«У жонкі аўто дызельнае, таму ў дальнія паездкі мы натуральна ездзім на ім, бо на «Ліфе» ў прамым сэнсе слова далёка не заедзеш».

Досвед уладальніка прэміяльнага аўто

Іншы чытач валодае дарагім электрамабілем прэміяльнага сегменту. Запас ходу на паперы ў яго аўто складае 450 кіламетраў.

«У рэальнасці машына здольная праехаць каля 400 км. Тое, што заяўляюць вытворцы, — фактычна недасяжны паказчык. Праехаць заяўлены кіламетраж не атрымлівалася нават з улікам таго, што я купляў гэты аўтамабіль новым», — кажа Цімафей.

Ілюстрацыйнае фота: Getty Images / Viaframe

Тым не менш, чытач кажа, што ён цалкам задаволены набыткам, бо электрамабіль, па яго словах, дорыць незабыўныя эмоцыі.

«Дынаміка разгону не параўнальная з машынамі са звычайным рухавіком. Нават калі разглядаць сучасныя дарагія магутныя аўтамабілі, якіх да электрамабіля ў мяне было нямала».

У адрозненне ад уладальніка Nissan Leaf, Цімафей зараджае аўтамабіль толькі на грамадскіх станцыях. На зарадку заязджае 1—2 разы на тыдзень.

«З запасам ходу ў 400 кіламетраў на такім аўто можна без праблем перасоўвацца не толькі ў межах горада і наваколля, але і па ўсёй Беларусі. Поўнай зарадкі хопіць, каб даехаць у любы куточак краіны».

Чытач распавядае, што аднойчы цягам сутак праехаў на сваім электрамабілі без малога 1000 кіламетраў.

З яго слоў, 30 хвілін зарадкі хапае на 100 кіламетраў прабегу.

Ілюстрацыйнае фота: Getty Images / Witthaya Prasongsin

«Натуральна, што калі б гэта быў аўтамабіль з рухавіком, то я праехаў бы гэты кіламетраж на гадзіну-паўтары хутчэй, але калі гэта не паездка ў адзін бок, а туды і назад, то можна сказаць, што такі аўтамабіль прыдатны, каб ездзіць на даволі далёкую адлегласць. Галоўнае не сутыкнуцца з тым, што зарадка, на якую ты разлічваў, будзе занятая ці не будзе працаваць з нейкіх тэхнічных праблем, што часам здараецца».

Што тычыцца выдаткаў на зарадку, то, па словах суразмоўцы, у пераліку на бензін атрымліваецца тое самае, што ездзіць на аўто, якое спажывае 4 літры на 100 кіламетраў, што ў прынцыпе немагчыма для аўто такога класу.

«Нават калі ў марозныя дні батарэі будзе хапаць максімум на 300 кіламетраў, то гэта будзе каля 6 літраў на сотню. Аднак эканомія на паліве — гэта хутчэй дадатковы бонус, а не асноўная прычына куплі такога аўто, бо казаць пра эканомію на паліве, калі купляеш аўто за такія грошы, неяк не лагічна. Прэміяльны электрамабіль — гэта хутчэй пра эмоцыі і задавальненне, а не пра эканомію на паліве».

Досвед уладальніцы Tesla Model 3

Алёна ўжо два гады карыстаецца Tesla Model 3. Па словах дзяўчыны, у летні перыяд яна зараджае аўтамабіль раз на тыдзень, часам два.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images/martin-dm

«На поўнай зарадцы можна праехаць каля 360—380 кіламетраў, у залежнасці ад умоў надвор'я і стылю язды. З падзеннем тэмператур запас скарачаецца. Асабліва прыкметна, калі на вуліцы мінус 10 і ніжэй, тады запас ходу скарачаецца працэнтаў на 40».

Чытачка кажа, што не адчувае праблем з недахопам зарадных станцый, хоць на ўсялякі выпадак стараецца не пакідаць запас ходу меншы за 50—60 кіламетраў.

Трэба заўжды памятаць, што гэта не аўто на бензіне, якое можна заправіць за некалькі хвілін і ехаць куды заўгодна, бо нават на «хуткіх» зарадках на «запраўку» спатрэбіцца каля дзвюх гадзін. Таму за час карыстання электрамабілем у мяне ўвайшло ў звычку, што калі запас меншы за 100 кіламетраў, то трэба падумаць пра зарадку», — кажа Алёна.

Чытайце таксама: 

У Беларусі выставілі на продаж Mercedes-Benz W124 за 54 000 даляраў. За што просяць такія грошы

Параўналі цэны на аўтазапчасткі ў Беларусі, Польшчы і Літве. Розніца ўражвае

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
19.11.2023
З-за санкцый СНД, хутчэй за ўсё, не пазнаёміцца з новымі тэхналёгіямі захаду. Набыўшы ня новую Купру ведаю, што дзьвюхлітровік дае 310 к.м. і сотню за 4,5 сякунды. Дадаўшы тышчу уёў за усталяваньне ГБА разход грошай на паліва зьменьшыўся ў 2,5 разы. А надуманыя эканомія і ашчаджэньне прыроды гэта развод дзеля фрыкаў. Бо скцльтбярэцца электрычнасьць дзеля зарадкі электрамабіляў? З разеткі ад АЭС альбо з спаленых вуглю/газу/нафты. Плаціўшы за электрычны маркецінг толькі падтрымліваеце разьвіцьцё піраміды непатрэбных тэхналёгій.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера