Знайсці
23.11.2023 / 19:276РусŁacБел

Былы прэс-сакратар КДБ узначальвае кампанію з офісам у Польшчы

Выданне «Люстэрка» даведалася, што былы прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын з'яўляецца ўласнікам і кіраўніком кампаніі, якая займаецца распрацоўкай камп'ютарных гульняў. Ці звольніўся IT-кіраўнік са спецслужбы — невядома. Між тым у яго бізнэсу ёсць офіс у Польшчы, а сярод былых саўладальнікаў — ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі.

Дзмітрый Пабяржын. Фота: Facebook

Хто такі Дзмітрый Пабяржын

Дзмітрый Пабяржын выступаў у ролі афіцыйнага спікера КДБ у 2016—2017 гадах. Яго рэпрэзентавалі як кіраўніка прэс-службы арганізацыі.

Затым на некалькі гадоў Пабяржын знік з публічнага поля. У пачатку 2020 года ён і палкоўнік КДБ Андрэй Мільчанка сталі ўдзельнікамі бойкі ў кавярні ў Гомелі — быў збіты дырэктар установы. У каментары «Нашай Ніве» Пабяржын тады заявіў, што ён «гэтага злачынства не здзяйсняў».

У ліпені 2020-га адбыўся суд: асуджаны быў толькі Мільчанка, яму далі 7 гадоў і пазбавілі звання палкоўніка. Ці панёс якое-небудзь пакаранне Пабяржын, невядома.

Скрыншот з відэа з камер у кавярні ў Гомелі, дзе ў 2020 годзе адбылася бойка з удзелам супрацоўнікаў КДБ (Дзмітрый Пабяржын — злева). Фота: Комсомольская правда

У якім годзе Пабяржын звольніўся з КДБ (і ці звольніўся наогул), дакладна невядома. Невядома і ягонае званне на момант магчымага звальнення. Belpol паведаміў «Люстэрку», што ён кіраваў прэс-службай КДБ прыкладна да 2018 года, затым яго панізілі на пасадзе.

«Пабяржын быў пераведзены на ніжэйшую пасаду загадам старшыні КДБ з-за «няправільнага афармлення дакументацыі па камандзіровачных выдатках у замежнай камандзіроўцы», — расказалі крыніцы Belpol. — Ён паказаў няправільныя звесткі і атрымаў лішнія грошы, падрабязнасці ў загадзе не распісваліся. Па гэтай сітуацыі праводзілася службовае расследаванне Упраўленнем уласнай бяспекі КДБ».

15 мая 2023 года Дзмітрый Пабяржын размясціў на вокладку сваёй старонкі ў Facebook эмблему гульнявой кампаніі GameMod. З тых часоў у Facebook і LinkedIn ён прадстаўлены як яе кіраўнік (СЕА) і заснавальнік.

Старонка Дзмітрыя Пабяржына ў LinkedIn

Геймдзеў — кампанія з офісам у Польшчы і незвычайнымі ўласнікамі

Мяркуючы па выпісцы з АДР, у ТАА «ГеймМод» два ўласнікі. 60% юрыдычнай асобы належыць Дзмітрыю Пабяржыну, 40% — Анатолю Пушко.

Скрыншот выпіскі на ТАА «ГеймМод» з АДР

Такія ж уласнікі ў польскай SOO Gamemod. У ёй долі ўласнасці паміж Пабяржыным і Пушко падзеленыя пароўну.

Профіль кампаніі SOO Gamemod у рэестры юрыдычных асоб Польшчы. Скрыншот: rejestr.io

Анатоль Пушко ўзначальвае яшчэ адну кампанію — «Пластма-Кансалт». Яна будавала ў Беларусі дрэваапрацоўчыя заводы і ўдзельнічала ў мадэрнізацыі аб'ектаў цэлюлозна-папяровай прамысловасці. У LinkedIn можна знайсці Арцемія Пушко, які падпісаны як саўладальнік GameMod. Магчыма, гэта сын Анатоля.

У арганізацыі «ГеймМод» цікавая гісторыя. Да красавіка 2022 года юрыдычная асоба насіла іншую назву — «ЮРАНЭКС-бяспека». Наўрад ці кампанія з такой назвай займалася камп'ютарнымі гульнямі. У адным са старых бізнэс-каталогаў яе сфера дзейнасці апісваецца як «кансультаванне па пытаннях камерцыйнай дзейнасці і іншае кансультаванне па пытаннях кіравання».

Скрыншот выпіскі на ТАА «ГеймМод» з АДР

Разам з Дзмітрыем Пабяржыным кампаніяй валодалі Аляксандр Раманоўскі і «Клуб вялікага тэніса».

Скрыншот выпіскі на ТАА «ГеймМод» з АДР

«Кіберпартызаны» разам з БРЦ расказвалі, што Аляксандр Раманоўскі — гэта былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі. Ён быў саўладальнікам (верагодна, намінальным) кампаній «Глобалкастам-менеджмент» і «Глобалкастам-комерс», якія звязваюць з Віктарам Шэйманам. Гэтыя арганізацыі сталі заснавальнікамі «Гардсэрвіса» — адзінай ахоўнай кампаніі ў Беларусі, якая мае права валодаць агнястрэльнай зброяй.

«Клуб вялікага тэніса» цяпер носіць назву «Клуб вялікага спорту». Паводле АДР, адзін з яго ўладальнікаў — былы намеснік дырэктара Федэрацыі хакея на траве Аляксандр Чарнійчук. Мяркуючы па інфармацыі сэрвісу kartoteka.by, справы ў клуба ідуць не вельмі: розныя арганізацыі спрабуюць з яго спагнаць амаль мільён рублёў.

Яшчэ адзін былы ўладальнік «ГеймМод» (ужо пасля перайменавання) — бацька экс-прэс-сакратара КДБ Збышак Пабяржын. Да 2000 года ён быў дэпутатам спачатку Вярхоўнага Савета, а потым Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Таксама працаваў намеснікам галоўнага лекара Крычаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Пра дзейнасць самой GameMod вядома не так шмат. Афіцыйнага сайта ў кампаніі няма. У LinkedIn яна апісваецца як «міжнародная студыя распрацоўкі AAA-гульняў для PC і кансоляў поўнага цыклу». У індустрыі «ААА-гульнямі» называюць высокабюджэтныя бестсэлеры — напрыклад, Call of Duty або The Last Of Us. «Люстэрку» не ўдалося знайсці хоць бы якое дачыненне GameMod да якой-небудзь знакамітай гульні.

У кампаніі, мяркуючы па LinkedIn, працуе 82 чалавекі (з іх 14 — у Польшчы), яна з'яўляецца рэзідэнтам ПВТ. Арганізацыя даволі актыўна наймае супрацоўнікаў. За апошні месяц яе рэкруцёры шукалі праграмістаў і менеджараў гульнявых платформаў.

Крыніцы «Люстэрка» з гульнявой галіны расказалі, што «ГеймМод», хутчэй за ўсё, не распрацоўвае ўласныя гульні, а займаецца аўтсорсам. Але над якімі менавіта праектамі працуе кампанія, невядома.

Чытайце таксама:

Афіцэры КДБ, замяшаныя ў гомельскай бойцы, больш у ведамстве не працуюць

«Па білінгу можна даведацца ўсё жыццё чалавека» — Лупаносаў

Як вызначыць агента ў сваім атачэнні

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
12
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
41
2
Максим Дизайнер/адказаць/
23.11.2023
Колхозное ойти. Нанимают рабов по 1000-1500, продают американцам от 6000. Что еще эти КГБшные бизьнясмены, которые Вордом пользоваться не умеют, могут придумать. 20 лет ничего в отрасли не меняется.
23.11.2023
Ну гэта звычайная гісторыя для беларускай айцішкі... Палова з рэальных уласнікаў кампаній былыя або дзейныя спецслужбісты. Або вы думаеце, што у Беларусі сапраўды так шмат заможных людзей, не звязяных з дзяржавай, якія могуць інвеставаць ў адкрыцце міжнароднага бізнесу...
0
Аматар справядлівасці і законнасці/адказаць/
24.11.2023
Ну вот таких делков, как действующий кгбст Побержин, Романовский, Пушко и прочие, не надо высылать, делать им недоверие в связи с интересами нац.безорасности Польши, Литвы и пр. Еще выяснится, что действующему кгбсту Побержину и паспорт выдали как владельцу карты поляка с "польскими корнями". Надеемся, теперь поляки пересмотрят свои решения.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031