Знайсці
24.11.2023 / 20:591РусŁacБел

У Паўднёвай Карэі далі пажыццёвы тэрмін фанатцы дакументальных дэтэктываў, якая забіла незнаёмку «з цікаўнасці»

Гэта жорсткае забойства шакавала краіну. Пракуроры прасілі для абвінавачанай смяротнага прысуду.

Чон Ю-чон. Фота: паліцыя Пусана

Суд у Паўднёвай Карэі прысудзіў да пажыццёвага зняволення 23-гадовую Чон Ю-чон, прыхільніцу жанру дакументальных дэтэктываў, якая ўчыніла забойства, паводле яе слоў, «з цікаўнасці», піша Бі-бі-сі.

Забойства адбылося ў горадзе Пусан на паўднёвым усходзе краіны. Паводле следства, падсудная была апантаная ідэяй забойства.

У маі гэтага года праз праграму для пошуку рэпетытараў па англійскай мове яна пазнаёмілася з маладой настаўніцай, дамовілася з ёй пра заняткі дома і зарэзала.

Гэта жорсткае забойства шакавала краіну. Пракуроры прасілі для абвінавачанай смяротнага прысуду.

Такая мера пакарання ў Паўднёвай Карэі фармальна не скасаваная, але не ўжываецца з 1997 года.

Пошук ахвяры

Чон Ю-чон была беспрацоўнай, жыла са сваім дзядулем і вяла вельмі замкнёны лад жыцця.

Абвінавачванне расказала суду, што на пошук ахвяры ў яе сышло некалькі месяцаў. Яна напісала больш як 50 патэнцыйным рэпетытарам, у асноўным жанчынам, пытаючыся, ці займаюцца яны ў сябе дома.

У маі, прадставіўшыся мамай выпускніцы школы, якой патрэбныя ўрокі англійскай мовы, Чон Ю-чон напісала 26-гадовай жанчыне і дазналася яе адраса.

Праз некалькі дзён Чон Ю-чон прыйшла да настаўніцы дадому, апранутая ў школьную форму, набытую анлайн, і накінулася на ахвяру, як толькі тая зачыніла ўваходныя дзверы.

Абвінавачаная нанесла сваёй ахвяры больш за 100 нажавых удараў, большую частку па ўжо мёртвым целе.

Імя ахвяры паліцыя не называе.

Затым яна раздзяліла цела і на таксі адвезла чамадан у аддаленую лесапаркавую зону ў паўночнай частцы горада.

Яе арыштавалі пасля таго, як таксіст паведаміў у паліцыю, што яго пасажырка везла багаж, з якога сачылася кроў.

Следчыя высветлілі, што цягам некалькіх месяцаў яна шукала ў інтэрнэце інфармацыю пра спосабы забойства і пра тое, як пазбавіцца ад цела.

Пры гэтым, адзначае паліцыя, Чон Ю-чон не зрабіла нічога для засцярогі, каб не патрапіць на камеры назірання пры наведванні дома ахвяры.

Высокая ступень наяўнасці свядомасці

Зачытваючы прысуд, акруговы суддзя Пусана сказаў, што дзеянні падсуднай «пасеялі ў грамадстве страх, што можна стаць ахвярай злачынства без усялякіх прычын» і спарадзілі недавер паміж людзьмі.

Па ходзе следства Чон некалькі разоў мяняла паказанні, але ў чэрвені прызналася ў здзяйсненні злачынства і прасіла змякчыць ёй прысуд, заявіўшы, што ў той час яна пакутавала ад галюцынацый і іншых псіхічных расстройстваў.

Але суд адхіліў яе довады на падставе таго, што злачынства было старанна спланаванае. Акрамя таго, экспертыза паказала высокую ступень наяўнасці свядомасці.

У ходзе працэсу яна заявіла, што яе цікавасць да забойства падагравалі крымінальныя шоу і тэлепраграмы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
24.11.2023
а расейская тэлепрастора ж перапоўнена крымінальным кантэнтам
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера