Знайсці
30.11.2023 / 17:3928РусŁacБел

«Байпол» выклаў сваю версію расколу арганізацыі: спецслужбы, «штаб супраціву», Балкунец і Цапкала

Ініцыятыва былых сілавікоў назвала меркаваных аўтараў некалькіх ананімных каналаў. Адзін з іх раней атакаваў незалежныя СМІ.

Калаж «Нашай Нівы»

«Байпол» у сваім відэа расказаў пра каналы, якія падагравалі канфлікт, скарыстаўшыся ўнутранымі праблемамі ў арганізацыі.

Адзін з іх — «Аб'яднаны штаб супраціву». 8 чэрвеня, да таго як раскол стаў публічным (сам канфлікт у арганізацыі адбыўся 7 чэрвеня), канал укінуў, што Азараў — «пацверджаны агент ГРУ», а «Байпол» «напічканы агентамі рэжыму Лукашэнкі». Напісалі таксама, што Азарава і Лупаносава паспрабуюць прыбраць з «Байпол», нібы каб захаваць бяспеку ўдзельнікаў плана «Перамога», а фармальнай прычынай будзе фінансавая нядобрасумленнасць. Лупаносаў адзначае, што фінансавыя пытанні сапраўды абмяркоўваліся ў «Байполе», але толькі сярод удзельнікаў арганізацыі, таму нехта зліў інфармацыю АШС.

Паведамленне з канала АШС, апублікаванае ў 13:00, яшчэ да апублічвання канфлікту ў «Байполе»

Па меркаванні «Байпола», за каналам АШС стаіць Андрэй Абозаў, які цяпер жыве ў Эстоніі. Раней «Нашай Ніве» паведамляла гэтую ж інфармацыю яшчэ адна крыніца.

Андрэй Абозаў некалі быў актывістам супольнасці беларусаў «Трэці шлях» і адным са стваральнікаў «Мультклуба», групы, якая рабіла сатырычныя мультфільмы пра Лукашэнку. У 2005-м на яго завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнку, але Андрэй здолеў выехаць з Беларусі ў Эстонію.

Андрэй Абозаў. Скрыншот з відэа postimees.ee

У 2007-м ён ехаў на цягніку з Украіны дадому ў Эстонію праз Расію і быў затрыманы. Пры заступніцтве свайго знаёмага, расійскага палітолага Андрэя Суздальцава, выехаў у Эстонію. З таго часу жыве там. Сярод праектаў, у якіх ён удзельнічаў з 2020-га — стрымы Валерыя Цапкалы і Беларускі народны трыбунал.

Андрэй Суздальцаў — расійскі палітолаг, які доўгі час жыў у Беларусі, пакуль не быў высланы ў Расію ў 2006 годзе.

«Советская Белоруссия» (цяпер «Беларусь сегодня») тады абвінаваціла Суздальцава ў працы на расійскія спецслужбы, што і стала прычынай высылкі. Адной з прыкмет сувязі са спецслужбамі было названа лячэнне палітолага ў вайсковым шпіталі ў Маскве. «Афіцэр спецслужбы, хутчэй за ўсё, ГРУ Генштаба МА Расіі», — зрабіў выснову Якубовіч.

 

Андрэй Суздальцаў. Фота: ютуб-канал BYPOL

Пасля публікацыі АШС яе падхоплівае 37-гадовы блогер Віталь «Вірус» Кандраценка, з якім, па інфармацыі «Байпол», меў кантакты Уладзімір Жыгар (былы сілавік, які цяпер у «Белполе»). «Вірус» вядомы праектам OSINT «Фенікс» і «Асцярожна, вірус свабоды». Раней удзельнічаў у праекце «Радыё 97%», пасля выехаў ва Украіну і цяпер жыве там.

Блогер «Вірус». Фота з ягонага ютуб-канала

«Байпол» сцвярджае, што «Вірусу» злівае інфармацыю ГУБАЗіК. 

Пасля звароту Азарава, дзе той заявіў, што сацсеткі «Байпол» захопленыя, пачынаюць выходзіць дзясяткі пастоў у розных каналах, звязаных між сабой, пра тое, што Азараў быццам падазраецца ў фінансавых злачынствах і выехаў з Польшчы ў Італію. А таксама што план «Перамога» створаны супрацоўнікамі ГУБАЗіК. У гэты момант у атаку на Азарава ўключыўся яшчэ і палітолаг Дзмітрый Балкунец, расійскі канал BRIEF і канал «Кіроўцы 97%».

Скрыншот з каналу OSINT «Фенікс»

Пазней наратыў пра фінансавае пытанне падхопліваюць групы «Вірус», АШС, Балкунец і Андрэй Суздальцаў. Пасля да атакі падключаецца Валерый Цапкала.

Укіды, накіраваныя супраць Азарава ды Лупаносава, з'яўляюцца на пералічаных вышэй каналах па некалькі разоў на дзень. Расійскі канал BRIEF увогуле абвінаваціў Азарава ў пасадцы самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам.

Паведамленне з расійскага канала BRIEF

Атака была накіраваная не толькі на «Байпол» і Аляксандра Азарава, але і на Святлану Ціханоўскую ды дружалюбныя да яе структуры. Маўляў, калі «агент ГРУ» Азараў кіраваў там пытаннямі законнасці ды бяспекі, то і ўсе арганізацыі напоўненыя агентамі.

А 16 чэрвеня падключаецца канал «Мінская сямібаяршчына». У допісе Азараву закідаецца агентурная праца, а Святлану Ціханоўскую папракаюць у тым, што яна пакрывае агентуру Лукашэнкі.

Скрыншот з відэа «Байпол»

«Байпол» лічыць, што адным з аўтараў канала можа быць 43-гадовы Анатоль Котаў.

Ён скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў. Пасля працаваў дзяржслужачым — у МЗС, Адміністрацыі Лукашэнкі, Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, НАК, быў намеснікам дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў» у 2019-м. Звольніўся 18 жніўня 2020-га праз нязгоду з палітыкай Лукашэнкі. Котаў блізкі да Цапкалы і Балкунца, з'яўляецца адным з заснавальнікаў Форуму дэмакратычных сілаў, які праводзіў Цапкала. 

Анатоль Котаў падчас працы ў «Дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў». Фота: БелТА

Адзначым, што праўладныя медыя называлі аўтарамі канала Генадзя і Іллю Шчарбініных. Гэта сын і бацька, якіх у Беларусі вінавацяць у раскраданні маёмасці, а менавіта — прысабечванні 207 тысяч еўра ў акцыях «Нафтана». Абодва атрымалі прытулак ва Украіне, але публічнай дзейнасці не вядуць.

9 ліпеня АШС апублікаваў даведку-аб'ектыўку з асабістай справы Азарава, якая захоўвалася ў МУС. «Байпол» лічыць, што АШС атрымаў гэтую інфармацыю ад беларускіх спецслужбаў.

Скрыншот з канала АШС

Нагадаем, раней АШС заяўляў, што ўзламаў сервер лукашэнкаўскага медцэнтра. «Наша Ніва» засумнявалася ў гэтым. Пасля гэтага на наш сайт пачалася DDoS-атака.

Праз пару дзён з намі звязаліся калегі з «Альянса расследавальнікаў Беларусі» (АРБ), якія расказалі пра тое, што АШС перадаў ім большы архіў інфармацыі. Яны паказалі нам іншыя службовыя дакументы — дакладныя запіскі і медыцынскія дакументы іншых асобаў.

Прыклад дакументу, які ёсць у распараджэнні «Альянса расследвальнікаў Беларусі»

Такім чынам, імаверна, АШС сапраўды мае шмат дакументаў, але няма доказаў, што гэта вынік узлому, а не гульня беларускіх ці расійскіх спецслужбаў.

10 чэрвеня АШС абвесціў папярэднюю атаку на «Белсат» — нібыта за тое, што той дае выказвацца Азараву. Да гэтага, 25 мая 2023-га яны атакавалі «Еўрарадыё» за непахвальны водгук на іхнюю дзейнасць у эфіры.

Скрын паведамлення АШС пра папярэднюю атаку на «Белсат»

У выніку «Байпол» лічыць, што атака на іх і Азарава была праведзеная сумесна беларускімі і расійскімі спецслужбамі.

На думку байполаўцаў, яны скарысталіся ўнутранымі праблемамі ў арганізацыі і пачалі праз свае крыніцы і рычагі разгойдваць сітуацыю, ужываючы прыёмы прапаганды і ўкідваючы праз каналы лжывыя звесткі пра чальцоў арганізацыі.

Станіслаў Лупаносаў у відэа сцвярджае, што гэтую здагадку як імаверную ім пацвердзілі і ўкраінскія спецслужбісты.

«Наша Ніва» папрасіла каментар у супрацоўнікаў «Белпол» — што яны думаюць пра ролю АШС у падбухторванні і паглыбленні ўнутранага канфлікту ў тагачасным «Байполе», які ў выніку раскалоўся на «Белпол» і «Байпол».

«Мы не маем ані жадання, ані магчымасцей каментаваць так званы «канфлікт», які так падабаецца журналістам. Калі ласка, больш з такой нагоды не турбуйце нас», — адказалі «Нашай Ніве» ў «Белполе».

Уся гэтая сітуацыя паказвае, як спецслужбы стараюцца выкарыстаць любыя ўнутраныя праблемы ў апазіцыі для яе аслаблення і стварэння расколаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Храналогія канфлікту ў «Байполе» — што за чым адбылося

Азараў патлумачыў, што адбываецца са звесткамі з плана «Перамога»

Дурнота ці здрада? Каментар «Нашай Нівы» пра сітуацыю ў «Байполе»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
опять?/адказаць/
01.12.2023
бабруйчанін, я понимаю что в украине не все гладко, но вирус слишком малая сошка чтобы сбу врать. 
01.12.2023
Граждане, вы о чем думаете?
Надо ребром ставить вопрос о люстрации всех гбшников и прочих силовиков. А тут на руководящие посты ставят людей, которые по 20 лет в системе, да еще и в такой мерзкой структуре, как губопик. И чего-то им доверяют. 
Необходимо закрывать таким доступ к критичной информации, тем более несущей опасность тем, кто остался в стране.
Ну разосрался он с лукашенко и другими, с чего вдруг достойным человеком стал, тем более заслуживающим доверия?

0
бабруйчанін/адказаць/
02.12.2023
опять?, Ен ніякая ні сошка ні мошка і ніякіх ведау ні мае.Так безкарысны Ва усім ..Віталька .Безкарысны у гаспадарке ..Але брєша Тры гады у " адзін бок" І нічым ні адрозніваеца ад Грышы Вядома пасля " 2020" усплыла пена г..щепкі Здзівіла мяне іньшае Гєта нейкая " ніразборлівасць" калі " мадєратары " запрашаюць" унутр падобны " вірус"..
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031