Знайсці
30.11.2023 / 21:112РусŁacБел

Бітвы, сэкс і Барадзіно. Расказваем, ці варта глядзець новы «Напалеон»

Зорныя акцёры і рэжысёр. «Наша Ніва» — пра тое, ці ўдаўся новы «Напалеон» Рыдлі Скота, які ўжо ідзе ў беларускіх кінатэатрах.

Фота: скрын з афіцыйнага трэйлера стужкі

Напалеон Банапарт зрабіў з Францыі імперыю і наймагутнейшую еўрапейскую краіну, але скончыў свае дні ў выгнанні за сотні кіламетраў ад берагоў Афрыкі і за тысячы ад радзімы — мы пра востраў святой Алены.

Брытанец Рыдлі Скот вядомы сваёй любоўю да гістарычных фільмаў. Згадайце яго «Гладыятара», які адкрыў свету Хаакіна Фенікса (таксама ў ролі імператара), а таксама «Апошнюю дуэль», «Сыход: цары і богі» і багата іншых стужак — 85-гадовы рэжысёр шмат наздымаў за доўгую кар’еру. Але «Напалеон» паказаў, што гістарычная дакладнасць яго пры гэтым хвалюе не заўсёды. На папрокі гісторыкаў спадар Рыдлі адказаў безапеляцыйна: «Вы самі там былі? Не былі? Ну вось і заткніцеся!»

А папрокаў хапае. Узяць хаця б самы пачатак стужкі, дзе Напалеон глядзіць на смяротнае пакаранне каралевы Марыі Антуанеты — насамрэч карсіканец не мог там прысутнічаць. Ды і былая каралева не мела на той час доўгіх валасоў, бо перад смерцю яе коратка астрыглі.

Скот і сцэнарыст «Напалеона» Дэвід Скарпа распачынаюць фільм з паказу гвалту і смерці. Гэта сустрэча дзвюх эпох, якой не было, эпохі Марыі Антуанеты і эпохі Напалеона. Але пазней падаецца, што рэжысёр проста робіць стаўку на гвалт і часам нават яго смакуе — узяць сцэны з параненымі французскімі пратэстоўцамі ці з дабіваннем салдат на полі бітвы.

Але ж Рыдлі Скоту не адмовіш ва ўменні здымаць уражвальныя баявыя сцэны. Іх у стужцы шэсць, у тым ліку гэта і сцэны бітваў пры Аўстэрліцы, Барадзіно і Ватэрлоа. І гэтыя сцэны зробленыя так, быццам у любую секунду можна націснуць на паўзу — і атрымаеш гістарычнае палатно працы геніяльнага мастака з дзясяткамі ці сотнямі дэталяў. Па адукацыі Скот — мастак-дэкаратар, таму такая прапрацоўка візуальнага стылю невыпадковая.

І як шкада, што за формай хаваецца праца з акцёрамі! У гэтым «Напалеоне» вам не патлумачаць учынкі Банапарта, не раскажуць падрабязна, як гэта — стаць галоўным у Еўропе і потым нізка ўпасці. А то і падсунуць версію апошніх слоў галоўнага героя, не прынятую гісторыкамі.

Вялікі Хаакін Фенікс у ролі першага французскага імператара, як і цудоўная Ванэса Кірбі ў ролі Жазэфіны — адныя з нешматлікіх знаходак гэтай стужкі. Не трэба ніякіх бітваў, стрэлаў і пажараў у Маскве, проста пастаўце Фенікса перад камерай, і ён вам усё пакажа аднымі вачыма. Яго Напалеон не стэрэатыпна вялікі і магутны, ён складаны, са звярыным позіркам у час бітвы, ён шалее ад крыві і сэксу. Здаецца, Фенікс мог бы сказаць яшчэ так шмат у абліччы Банапарта, але гэтая стужка не дае яму прасторы, і як можна было так зрабіць з гэтым геніем?

З Жазэфінай усё яшчэ горш. Гістарычна першая жонка Напалеона мела няпросты лёс і такі ж складаны характар, але ж, калі яна стала імператрыцай, французы палюбілі Жазэфіну. Гэтаму спрыялі яе дабрыня і шчодрасць, а таксама прыкметныя ўчынкі: імператрыца дапамагала французскім эмігрантам, пісала чыноўнікам лісты з заклікам вярнуць былым эмігрантам іх маёмасць і правы.

У Скота, аднак, Жазэфіна пачынае раскрывацца толькі ў момант разводу з Напалеонам. Да гэтага яна ў фільме паказаная неўраўнаважанай і са скачкамі настрою, занадта пажадлівай да мужчын і несправядлівай у гэтым да Напалеона — чаму ж не расказаць і пра яго каханак? 

Фота: скрын з афіцыйнага трэйлера стужкі

Але Жазэфіна — не адзіны нераскрыты персанаж у гэтым фільме. Цягам яго кудысьці знікаюць яе дзеці, і знакамітыя французскія асобы тых часоў (Талейран, да прыкладу) — быццам бледныя копіі гістарычных прататыпаў. Стэрэатыпна неразумным намаляваны расійскі імператар Аляксандр І, але гэта не перашкодзіла яму разам з Кутузавым і зімовым надвор’ем адолець Напалеона — не знаходзіце супярэчнасці?

Затое файна выглядае герцаг Велінгтан, брытанскі вайскавод, адзін з адказных за разгром Напалеона пад Ватэрлоа. І можна зразумець французскага гісторыка Патрыса Ганіфі, які сказаў: «Доказам, што гэты фільм зняты англічанінам, з’яўляецца тое, што самыя паспяховыя эпізоды ў ім — гэта бітва пры Ватэрлоа і помста Велінгтана». 

Французы ўвогуле засыпалі стужку крытыкай. Акрамя гістарычных памылак, адзначылі і тое, што ў фільме не тлумачыцца спадчына Напалеона ў дзяржаўным кіраванні, палітыцы і вайсковым мастацтве. Ці вы ведалі, напрыклад, што Банапарт заснаваў Банк Францыі, рэарганізаваў законы, займаўся буйнымі рэформамі ў фінансах, адукацыі і рэлігіі?

Але Скот разам са Скарпам замоўчваюць не толькі гэта. Яны не бяруць на сябе працу і патлумачыць як след гледачу насычаны падзеямі напалеонаўскі час ад пачатку Вялікай французскай рэвалюцыі да Ватэрлоа. Гледачу прапануюць Тулон, трупы, каранацыю, імператарскі сэкс пад сталом і галаву Марыі Антуанеты, і хай разбіраецца сам. Скот і Скарпа не расказваюць нам, што стымулявала Напалеона і Жазэфіну дзейнічаць і адчуваць сябе тым ці іншым чынам.

Глядзець «Напалеона» варта, калі вы аматар Рыдлі Скота, французскай арміі і класных батальных сцэн. Але гэта 157 хвілін, улічыце.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Дзесяць новых серыялаў: вось што можна паглядзець

Фільм тыдня: «Камон Камон». Кранальная чорна-белая драма з геніяльным Хаакінам Феніксам

Нікалас Кейдж у найлепшай форме ў дзіка смешнай камедыі «Сцэнар мары»

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
30.11.2023
интересно было посмотреть в ключе Француской Революции, и Наполена, который пытался отыграть "назад" и стать новым Людовиком ))

2
Аккуратнее с выражениями/адказаць/
30.11.2023
Рассказываете или копипастите?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031