Знайсці
04.12.2023 / 16:2514РусŁacБел

«Хацела ўладкавацца прыбіральшчыцай. Сказалі: лепш алкаша возьмем». Як адмаўляюць у працы пасля сутак ці штрафу за палітыку

Калі ў цябе быў суд па палітычнай адміністрацыйнай справе, знайсці новую працу надзвычай складана. Гераіні гэтых гісторый спрабавалі ўладкавацца на самыя непрыстыжныя пасады, але перашкодай сталі «экстрэмісцкая» падпіска і «пікетаванне ў інтэрнэце».

Фота: euroradio.fm 

Не ўзялі прыбіральшчыцай у бібліятэку

Марыне 52 гады, і здарылася так, што ў перадпенсійным веку ёй давялося шукаць працу. Па адукацыі жанчына эканаміст, працавала бухгалтарам, але яе пасаду скарацілі.

«Уладкавацца на працу з кар'ерным ростам я не спадзявалася — не тыя гады. Падумала, што знайду такі занятак, каб мець паболей вольнага часу і дапамагаць старэнькай маме, якая тры месяцы таму перанесла інсульт. Знаёмыя параілі: «Ідзі ў бібліятэку, там вісіць аб'ява, што патрэбная прыбіральшчыца на паўстаўкі». Прыйшла, распыталі, дзе працавала раней. Сказалі рыхтаваць дакументы. Я ўзрадавалася, але рана: назаўтра патэлефанавалі і сказалі, што я ім не падыходжу.

Мне было крыўдна, але ж і цікава, што здарылася за ноч. Таму пайшла перапытаць, чаму. Кажуць: «У вас быў штраф па палітычным артыкуле, таму мы вас не возьмем», — расказала Марына.

У 2022-м яе аштрафавалі на 20 базавых велічынь за падпіскі ў сацыяльных сетках на інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі». Як высветлілася, паведаміў пра гэта ранейшы працадаўца жанчыны. Ніякіх канфліктаў на працоўным месцы паміж імі не было, проста кіраўніку патэлефанавалі з просьбай ахарактарызаваць былую работніцу. І папярэдзілі, каб казаў праўду пра палітычныя перакананні сваёй былой падначаленай. Інакш, маўляў, у яго будуць праблемы «за прыхоўванне фактаў».

Марына дагэтуль у пошуках працы.

Не ўзялі санітаркай у бальніцу

Яшчэ летась дзеці называлі яе Таццянай Аляксандраўнай — жанчына выкладала ў школе гісторыю. Але аднойчы проста на ўрок прыйшлі міліцыянты і забралі настаўніцу — спачатку ў пастарунак, дзе паказалі пратакол пра парушэнне артыкула 19.11 КаАП, а потым у ізалятар часовага ўтрымання. Жанчына паспрабавала падстрахавацца, ведаючы, што за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» можа трапіць на суткі:

«З міліцыі мне дазволілі патэлефанаваць дачцэ. Я папрасіла, каб яна напісала заяву ад майго імя на адпачынак за ўласны кошт. Дачку адміністрацыя добра ведала, бо яна 15 год таму скончыла нашу ж школу. У яе была даверанасць, заяву яна напісала на цалкам законных падставах, яе прынялі. А мяне і насамрэч асудзілі на 10 сутак за «не тыя» падпіскі ў «Аднакласніках». Калі я выйшла, то адразу пайшла ў школу. Маўляў, я тут, і гатова працаваць.

Але мне сказалі, што маю заяву парвалі і выкінулі, і што будзе лепей, калі я звольнюся па ўласным жаданні. Інакш звольняць на падставе палажэнняў школьнага статуту і працоўнай дамовы — там гаварылася пра маральнае аблічча і абавязак настаўніка падтрымліваць дзяржаўную палітыку».

Звольніўшыся, жанчына ўжо цвёрда разумела, што больш ні ў якую школу ўладкавацца не зможа. І пайшла туды, дзе людзі патрэбныя заўсёды — у бальніцу санітаркай, распавяла Таццяна:

«У аддзеле кадраў мне сказалі: «Ну, Аляксандраўна, бярыце анкету». Адразу далі зразумець мой новы статус. Вырашыла пацярпець, каб не перарываўся працоўны стаж. З часам, падумала, знайду нешта лепшае…

У анкеце быў пункт №8 «Палітычныя погляды». Я нават не ведала, як адказаць на такое пытанне. Маю анкету ўзялі, паглядзелі: «Аляксандраўна, а што ў вас з палітыкай не так?» Я сумленна сказала, што ўсё так, але быў артыкул, суд і «суткі». «Прабачце, — сказалі мне, — такія работнікі нам не патрэбны».

Я разгубілася: як так, санітарак жа не хапае! Усё, кажуць, такіх, як вы, загадана не браць. У бальніцы працуе ідэолаг па кадравай рабоце, ён усіх правярае па міліцэйскай базе».

Працу Таццяна пакуль так і не знайшла.

Не ўзялі ў каледж мыць калідоры

Вікторыя шукала працу некалькі месяцаў. І гэта стала праблемай, хаця сама яна ні ў якіх палітычных справах не «засвяцілася», кажа жанчына:

«У ліпені 2020-га я нарадзіла сына, і ўсе пратэсныя падзеі прайшлі міма мяне — пакуль дзіця было малое, я была занятая зусім іншым. Але ў 2021-м за каментары ў інтэрнэце да двух гадоў «хіміі» асудзілі майго блізкага сваяка. Ён ужо вызваліўся, але цяпер ні ён сам не можа ўладкавацца на працу, ні я — так атрымліваецца».

Вікторыя мае вышэйшую адукацыю, і, як яна сама кажа, «па знаёмстве» яе спрабавалі ўладкаваць у каледж выкладчыцай замежнай мовы. Але прынцып «знаёмства» даў збой:

«Сына аддалі ў садок, я вырашыла выйсці на працу. Найлепшым варыянтам быў каледж паблізу ад дома. Праўду сказаць, сваякі ў мяне ёсць розныя — ёсць і досыць уплывовыя людзі. Даведаліся, што ў каледжы ёсць вакансія, і мяне паспрабавалі туды ўладкаваць.

Толькі нічога не атрымалася: я прайшла сумоўе, і мне сказалі, што будуць «правяраць маю кандыдатуру». Праверылі. Высветлілі, што адзін са сваякоў быў на «хіміі», і не проста так, а «за палітыку». Такім чынам, я не прайшла ідэалагічную праверку».

Паколькі Вікторыя цвёрда намерылася не сядзець дома, а пачаць зарабляць грошы, яна хацела «зачапіцца» за любую працу. І спытала, ці возьмуць яе ў каледж хоць кім. Сказалі, што не возьмуць. Нават тэхнічкай — мыць калідоры. Зразумеўшы, што ў дзяржаўную ўстанову ўладкавацца няма шанцаў, жанчына пачала шукаць месца ў прыватнай фірме. Знайшла, хаця і не адразу. Там ідэалагічных праверак не ладзілі, але Вікторыя на ўсялякі выпадак нікому не прызнаецца, што мае сваяка з палітычнай «крыміналкай».

Не ўзялі ў дворнікі

«У нас невялікі горад, працы асабліва няма. Паглядзеўшы, што двары мятуць пераважна мужчыны добра «пасля ўчорашняга», я таксама вырашыла паспрабаваць. Дворнікам, а што? Працы я не баюся, яна будзе пераважна раніцай, а ўдзень змагу займацца іншымі справамі — у мяне ёсць хобі, якое часам прыносіць грошы… Так я разважала, убачыўшы вакансію «прыбіральшчыка тэрыторыі» з акладам 550— 1000 рублёў, як было напісана ў аб'яве», — распавяла 37-гадовая Алена.

Аб'яву давала ўстанова, якая шукала сабе работніка прыбіраць унутраны двор. На здзіўленне Алены, яе ніхто не распытваў пра схільнасці да ўжывання моцных напояў ці пра стан здароўя. Затое адразу спыталі, ці ёсць адміністрацыйныя спагнанні. У жанчыны такое было: сёлета яе пакаралі арыштам за несанкцыянаванае пікетаванне. Міліцыянты знайшлі ў сацыяльнай сетцы яе сяброўкі фотаздымак за 2020 год, дзе яны разам стаяць пад бел-чырвона-белым сцягам. Абедзвюх асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП. Сяброўка на той момант была беспрацоўнай, а Алене з працай давялося развітацца — жанчыну звольнілі нібыта за прагулы.

Усё гэта яна распавяла новым працадаўцам. І пашкадавала:

«Я ніколі не думала, што так можа быць. Мне сказалі: «Работнікі нам патрэбныя. Але мы лепей возьмем на працу алкаша, дробнага злодзея ці нават былога крымінальніка, чымсьці «палітычнага». Алкашоў шмат: звольнім аднаго — возьмем іншага.

А з табой нажывём праблем, бо наша начальства адразу зацікавіцца, што за жанчыну мы ўзялі — чаму яна, непітушчая і не «аліментшчыца», прыйшла да нас на працу. Калі распавядзём, каго ўзялі, нам таксама добра «нагарыць». Так што алкашам — калі ласка, а нармальным людзям нельга нават у дворнікі».

Дарэчы, маці Алены таксама не так даўно страціла працу. Яе звольнілі, калі кіраўніцтва даведалася, што яна падчас вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду паставіла подпіс за Бабарыку. Жанчына працавала прыбіральшчыцай у сталоўцы мясцовага прадпрыемства.

Чытайце таксама:

«Прапануем 2000-2500 рублёў на рукі — закрыць вакансіі няма кім». Бізнэс не можа знайсці работнікаў

«І ўсё ж вырашыць кадравае пытанне пакуль не атрымоўваецца». Як у Баранавічах шукалі кадры для прадпрыемстваў

Андрэй Калачоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
хтосьці/адказаць/
04.12.2023
Гераічна збег і распякаеш увесь народ у краіне? Найхутчэй што проста адпрацоўваеш тут старую метадычку. Але не атрымаецца пасварыць беларусаў з эміграцыяй, народ мудрэйшы за прафесійных гарлапанаў
3
Латыш/адказаць/
05.12.2023
хтосьці, так он правду сказал. Вы-трусы.
06.12.2023
У лукашызме адбор па прынцыпу лаяльнасці, як ва ўсіх сучасных дыктатурах, наладжаны з дапамогай сучасных сродкаў. Ва ўстановах, дзе дзейнічае "зам.дырэктара" ад КДБ*, то бок дзейсны работнік КДБ, рашэнне аб прыняцці на працу выносіць ён, за ім апошняе слова. 1 - на любую прыбіральшчыцу ПЕРАД прыняццем на працу дасылаюць скан яе пашпарта, яе заяву аб прыняцці - ў "ГУВД". Гэта пра судзімасці па паліт. І іншых справах, нават адміністратыўныя палітычныя спагнанні там адзначаюцца. Гэта прабіў ка па базе крымінальных і адм прысудаў. 2 - Адначасова дасылаецца запыт на апошняе ці некалькі апошніх месцаў працы чалавека, па эл.пошце. Гэта так званая характарыстыка. Што абавязаны напісаць начальнік ў ёй пра лаяльнасць ці не лаяльнасць уладам - гэта невядома. Ёсць выпадкі розныя. Ёсць паскуды, што проста гадзяць сумленнаму чалавеку, хоць у палітыцы ён і не быў замяшаны. 3 - калі па пунктах 1 і 2 ўсё добра, адмовіць у прыёме на працу можа прыкамандзіраваны дармаед-кдбшнік. Ён прабівае па сваёй базе. Ёсць дадзеныя, што гэта папросту база падпісаўшыхся за вылучэнне В. Д. Бабарыкі ў прэзідэнты ў 2020. Калі ва ўстанове няма "замдырэктара па кдб", то аддзел кадраў мусіць паслаць заяву і копію пашпарта чалавека ў раённую адміністрацыю, там свой "павераны ад кдб" звяртае са "спісамі вернасці". Увогуле, агромны мінус дэм.сілам за тое, што мы не ведаем дакладнай колькасці рэпрэсаваных шляхам звальнення з працы. І дакладна па гэтай лініі шмат яшчэ чаго не ведаем. (*)тут і далей належыць мець на увазе - тэрарыстычная арганізацыя.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031