Знайсці
06.12.2023 / 15:262РусŁacБел

Экс-кіраўнік МЗС Кітая Цынь Ган памёр з-за катаванняў ці суіцыду ў вайсковым шпіталі Пекіна — Politico

Як паведаміла крыніца, былы кіраўнік МЗС Кітая Цынь Ган мог памерці як непасрэдна ад атрыманых траўмаў, так і здзейсніць суіцыд. І гэта не першы выпадак знікнення высокапастаўленых чыноўнікаў. Сі праводзіць чысткі, параўнальныя са сталінскімі.

Цынь Ган. Фота: Terje Pedersen / Pool photo via AP

Як піша Politico, у той час як свет адцягнуты вайной на Блізкім Усходзе і ва Украіне, у звышсакрэтнай палітычнай сістэме Кітая праходзяць сталінскія чысткі, якія маюць глыбокія наступствы для сусветнай эканомікі і нават для перспектыў міру ў рэгіёне.

Ворагі паўсюль

У лік гучных ахвяраў акрамя былога кіраўніка МЗС і міністра абароны краіны ўваходзяць генералы, якія адказваюць за кітайскую праграму стварэння ядзернай зброі, і некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі, якія курыруюць кітайскі фінансавы сектар. Асобныя з гэтых былых памочнікаў Сі Цзіньпіна, магчыма, памерлі ў зняволенні.

Яшчэ адной злавеснай прыкметай з'яўляецца заўчасная смерць Лі Кэцяна, які нядаўна выйшаў у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра Кітая. Паведамляецца, што Кэцян памёр ад сардэчнага прыступу ў басейне ў Шанхаі ў канцы кастрычніка. І гэта нягледзячы на тое, што карыстаўся аднымі з найлепшых у свеце медыцынскімі паслугамі. Пасля яго смерці Сі Цзіньпін загадаў істотна скараціць публічную жалобу.

Як адзначае выданне, у разуменні многіх у Кітаі «сардэчны прыступ у басейне» мае той жа сэнс, што і «выпадзенне з акна» для расійскіх апаратчыкаў, якімі незадаволены Уладзімір Пуцін.

У рамках так званай «карупцыйнай кампаніі», якую Сі пачаў у 2012 годзе, былі праведзены грандыёзныя чысткі. Сотні старшых афіцэраў Народна-вызваленчай арміі (НВАК), а таксама тысячы найвышэйшых партыйных чыноўнікаў былі арыштаваныя, зніклі або «скончылі жыццё самагубствам» (былі даведзены да самагубства або забітыя пры абставінах, падобных да самагубства).

Бенефіцыярамі гэтай шматгадовай чысткі сталі правінцыйныя бюракраты, якія працавалі з Сі Цзіньпінам у пачатку яго кар'еры, чыя галоўная кваліфікацыя — безумоўная лаяльнасць «народнаму лідару».

Адрозненне сітуацыі ў тым, што службовыя асобы, якія нейтралізуюцца, з'яўляюцца не сябрамі варожых палітычных фракцый, а лаялістамі з унутранага кальца ўласнай клікі Сі. І гэта выклікае сур'ёзныя пытанні адносна стабільнасці рэжыму.

Хлопцы з маленькіх гарадоў

Пасля праведзеных чыстак большасць у найвышэйшым кіраўніцтве краіны займаюць цалкам лаяльныя Сі былыя чыноўнікі з маленькіх гарадоў. Адным з іх і быў міністр замежны спраў Цынь Ган, які нечакана знік пасля таго, як 25 чэрвеня правёў сустрэчы ў Пекіне з міністрамі замежных спраў Шры-Ланкі і В'етнама, а таксама з намеснікам міністра замежных спраў Расіі Андрэем Рудэнкам.

Па словах некалькіх чалавек, якія маюць доступ да высокапастаўленых кітайскіх чыноўнікаў, сапраўдная місія Рудэнкі ў Пекіне складалася ў тым, каб праінфармаваць Сі Цзіньпіна аб тым, што яго міністр замежных спраў і некалькі вышэйшых афіцэраў НВАК былі скампраметаваныя заходнімі спецслужбамі.

Пасля знікнення Цынь Гана з'явіліся гісторыі пра яго раман з рэпарцёркай кітайскай тэлекампаніі, ад якой у яго нібыта нарадзіўся сын, які з'яўляецца грамадзянінам ЗША. Гэтыя гісторыі шырока распаўсюдзіліся ў інтэрнэце з відавочнай згоды кітайскіх кіберцэнзараў.

На думку некалькіх чалавек, якія маюць доступ да высокапастаўленых чыноўнікаў, сапраўднай прычынай яго раптоўнага знікнення стала дачыненне Цыня да значна больш сур'ёзнага скандалу, у якім замяшаныя міністр абароны і генералы, якія камандавалі кітайскімі «ракетнымі сіламі», што курыруюць праграму стварэння ядзернай зброі ў краіне.

Двое з гэтых людзей сцвярджаюць, што Цынь памёр у выніку самагубства ці катаванняў у канцы ліпеня ў вайсковым шпіталі ў Пекіне, дзе лечаць найвышэйшых кіраўнікоў Кітая.

Па словах людзей, якія маюць доступ да высокапастаўленых кітайскіх чыноўнікаў, пасланне расійскага намесніка міністра Рудэнкі Сі Цзіньпіну змяшчала сцвярджэнні аб тым, што Цынь і сваякі найвышэйшых афіцэраў ракетных войскаў дапамаглі перадаць кітайскія ядзерныя сакрэты заходнім спецслужбам.

Амаль у той жа час, калі знік Цынь, зніклі і галоўны камандуючы ракетнымі войскамі Лі Ючаа, і яго былыя і дзейныя намеснікі. Таксама знікла некалькі іншых высокапастаўленых афіцэраў.

Неўзабаве знік Лі Шанфу, чалавек, якога Сі прызначыў міністрам абароны Кітая ў сакавіку гэтага года. Аб яго афіцыйным звальненні было аб'яўлена ў канцы кастрычніка. Да гэтага было абвешчана аб тым, што з-за «неэфектыўнага медыцынскага лячэння» памёр Ван Шаацзюнь — камандуючы падраздзяленнем Цэнтральнай гвардыі, якое абараняе вышэйшых кіраўнікоў Кітая і курыруе асабістую ахову старшыні Сі Цзіньпіна.

Параноя кіраўніцтва

Улічваючы непразрыстасць кітайскай сістэмы, немагчыма канчаткова пацвердзіць гэтыя паведамленні, і кітайскі ўрад не каментуе ўнутранай працы Камуністычнай партыі. Але сенсацыйны характар саміх заяваў ясна паказвае параною, якая ахапіла Пекін. Яна распаўсюджваецца на ўсе сферы бюракратыі і эканомікі і, падобна, запляміла любога, каго лічылі занадта вестэрнізаваным або занадта блізкім да «варожых заходніх сіл».

Выпадкова ці наўмысна, адзначае выданне, гэты настрой абвастрыўся летам, калі дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША Уільям Бернс заявіў, што ЦРУ «дабілася прагрэсу» ў аднаўленні сваёй сеткі ў Кітаі і мае «моцны патэнцыял чалавечай разведкі» ў краіне.

Аналітыкі асцерагаюцца, што ізаляваны і паранаідальны старшыня Сі можа пралічыцца, справакаваць узброены канфлікт з адным са сваіх больш слабых суседзяў ці нават пачаць поўнамаштабнае ўварванне на дэмакратычны Тайвань, каб адцягнуць увагу ад яго ўнутраных праблем.

Чытайце яшчэ:

Стала вядомая прычына раптоўнага звальнення міністра замежных спраў Кітая 

Міністр абароны Кітая адхілены ад пасады і знаходзіцца пад следствам. Месяц таму ён прылятаў у Мінск

Сі Цзіньпін нечакана змяніў камандаванне ядзерных сіл Кітая

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
бабруйчанін/адказаць/
06.12.2023
))) Як і каментавал паугады таму З гэтым Цзіньпіням хвалююсь за вераб'еу. .Верным путем идите камрад сі- мао)))
0
Чаркашкварка/адказаць/
06.12.2023
Мазаiчная шызафрэнiя паусюль аднолькавая
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829