Знайсці
09.12.2023 / 12:4823РусŁacБел

«А калі табе ў**аць па галаве?» Дзяўчына прыехала ў Беларусь замяніць пашпарт — і апынулася за кратамі. Вось яе гісторыя

У 2020 годзе Дзіяна Лаўрыновіч спецыяльна вярнулася ў Беларусь, каб удзельнічаць у нядзельных пратэстах. Пабачыўшы першыя фоты моцна збітых пратэстоўцаў, яна зразумела, што не можа заставацца ў баку. У 2023 годзе яна прыехала ў Беларусь, каб замяніць пашпарт. На наступны дзень яе затрымалі. 

Праект «1906» пагутарыў з дзяўчынай, перадрукоўваем гэту гісторыю.

Фота: асабісты архіў гераіні

«Супакойваў той факт, што на радзіме мяне ніхто не шукаў»

— На чарговыя псеўдавыбары я пайшла ў беларускую амбасаду ў Расіі. На той момант я ўжо некалькі гадоў жыла і працавала ў Маскве. Памятаю, як мяне ўразіла чарга: падалося, быццам яна расцягнулася на некалькі кіламетраў. Беларусы занялі ўвесь Кітай-горад.

Дзяўчына прастаяла ў чарзе з 12 гадзін раніцы, а зайсці ў амбасаду змагла амаль што перад закрыццём — ёй пашчасціла трапіць у лік апошніх выбаршчыкаў, якіх пусцілі на ўчастак. Чарга за Дзіянай была ўсё яшчэ вялізнай. Яна нават падумала, што супрацоўнікі амбасады спецыяльна тармозяць працэс, каб не ўсе паспелі аддаць свой голас.

Пра тое, што на радзіме адбывалася далей, дзяўчына даведалася з навін.

— Я пабачыла здымкі збітых і пакалечаных мірных пратэстоўцаў і зразумела, што не маю права заставацца ўбаку. Першыя дні я выходзіла з плакатам да амбасады — спадзявалася прыцягнуць увагу грамадства, СМІ да таго, што адбываецца ў Беларусі.

Фота: асабісты архіў гераіні

Потым Дзіяна аформіла на працы адпачынак і паехала ў Мінск, каб удзельнічаць у пратэстах разам з іншымі беларусамі, чый голас скралі. Яна рэгулярна прыязджала ў Беларусь амаль да канца лістапада 2020-га. Потым Дзіяне падалося, што ўсё заціхла, і яна вырашыла вярнуцца вясной — спадзявалася на новы этап пратэстаў.

— Я прыехала на Дзень Волі 25 сакавіка і была вельмі расчараваная. Падумала, што паставіла для сябе кропку ў гэтай гісторыі, і вярнулася ў Маскву.

У 2023 годзе ў дзяўчыны заканчваўся тэрмін дзеяння пашпарта. Кажа, што перад гэтым яе сябар звяртаўся ў амбасаду з аналагічным пытаннем і яму адказалі, што па пашпарт трэба ехаць у Беларусь. Дзіяна вырашыла, што іншага варыянту няма, і сабралася з’ездзіць у Мінск.

— Канешне, я чытала навіны і ведала пра жудасныя затрыманні. Але мяне супакойваў той факт, што на радзіме мяне ніхто не шукаў: міліцыя не прыходзіла да маіх родных, не размаўляла з суседзямі. Таму я наіўна паверыла ў тое, што не цікава ўладам. У той момант на мяжы Расіі і Беларусі стаялі нейкія блокпасты — памежнікі сканіравалі твар, правяралі дакументы. Да мяне ніякіх пытанняў не было, таму я ўвогуле расслабілася.

Фота: асабісты архіў гераіні

Адным са сваіх найлепшых рашэнняў Дзіяна лічыць тое, што яна ў першы ж дзень здала ўсе свае дакументы на замену — у будучым гэта зэканоміла ёй шмат часу. Бо наступнага дня за ёй ужо прыйшлі.

«Паспешна нацягнула бабуліну начнушку ў ружовыя кветачкі»

— Я прачнулася дома ў бабулі. Яна кажа: «Пайду зараз зраблю для цябе ключ». Недзе праз 15 хвілін нехта пачаў грукаць у дзверы. Я пабачыла двух мужчын — мне падалося, што яны былі ў аранжавым адзенні, таму я вырашыла, што гэта нехта з ЖЭСа. Падумала, што мне адчыняць сэнсу няма — хай чакаюць бабулю.

У дзверы грукалі без перапынку. Дзіяна дзівілася настойлівасці нахабных камунальнікаў. І нават калі стала зразумела, што дзверы ўжо пачалі выломліваць, дзяўчына гнала ад сябе думкі пра затрыманне.

— Калі трапляеш у такую сітуацыю, то да апошняга думаеш: «Ну не, гэта не за мной». Цяпер смешна ўспамінаць, але я стала тэлефанаваць у міліцыю: «Мне дзверы ломяць, крычаць, што міліцыя!» Яны кажуць: «Мы нікога не адпраўлялі. Даслаць да вас нарад?». Я разумею, што стаю голая, бо наогул збіралася пайсці ў душ. Паспешна нацягваю на сябе майткі і бабуліну велізарную начнушку ў ружовыя кветачкі — яна першай трапілася мне пад руку. Я схапіла пярцовы балончык і замкнулася ў ваннай.

Дзіяна кажа, што цяпер разумее, наколькі нелагічнымі былі яе паводзіны. Гэты час можна было патраціць, напрыклад, на тое, каб схаваць тэлефон або папярэдзіць блізкіх. Але ад жаху ёй хацелася толькі схавацца самой.

Падчас затрымання супрацоўнікі ГУБАЗІКа крычалі на Дзіяну, абзывалі фашысткаю, цягалі па падлозе тварам уніз. Патрабавалі аддаць тэлефон, але дзяўчына адмовілася.

— І тут адзін кажа калегу: «Нясі тады пакет». Я зразумела, што зараз мяне пачнуць душыць. А ў галаве думкі: «Нічога сабе! Я патрапіла ў тыя навіны, якія чытала».

Але, на шчасце, гэтага не адбылося. Губазікаўцы самі заўважылі тэлефон, які ляжаў на бачным месцы.

— Першы адміністрацыйны артыкул, які на мяне павесілі, звязаны з распаўсюдам фашысцкай сімволікі. Губазікаўцы пабачылі на лядоўні магніцікі з Індыі — на іх была індыйская свастыка — і сталі крычаць «Вось чаму ты фашыстка!». Потым яны паказалі мне маю карцінку ва «Укантакце»: гады чатыры таму я сфатаграфавала сваю котку — яна смешна выцягнула лапку і пазяхала. Я прыфаташопіла яе на трыбуну, дамалявала свастыку і напісала «Кітлер». Для мяне было цалкам відавочна, што гэта абсалютна антыфашысцкі жарт. Пасля гэтага сталі паказваць мае фота з пратэстаў — а іх было шмат у розных СМІ. Дый на маёй старонцы яны былі.

Дзіяне дазволілі надзець толькі ласіны і вельмі кароткі спартыўны топік, але сказалі, што яна можа ўзяць з сабой бялізну і неабходныя лекі (некаторыя прэпараты дзяўчыне трэба прымаць на пастаяннай аснове). Нічым з гэтага ў выніку карыстацца не дазволілі.

— Мяне пасадзілі ў бусіку на падлогу і адразу направілі на твар камеру, пачалі дапытваць. У ГУБАЗІКу да мяне вадзілі рознае начальства — пахваліцца, каго затрымалі. Вядома, было шмат недарэчных каментарыяў наконт маёй знешнасці, палітычных поглядаў.

Відэа з Дзіянай сілавікі змаглі запісаць толькі з пятай спробы: бо спачатку яна спрабавала растлумачыць свае ўчынкі, але адчапіліся ад дзяўчыны толькі пасля таго, як яна слова ў слова агучыла тэкст ГУБАЗІКа пра ўплыў «дэструктыўных тэлеграм-каналаў».

19 чалавек у двухмеснай камеры

Першы суд прысудзіў Дзіяне восем сутак. Адбывала яна іх у ЦІП на Акрэсціна ў першай «палітычнай» камеры.

— Калі адчынілі дзверы, я ачмурэла. У маленечкім памяшканні (гэтая камера павінна быць двухмеснай) было васямнаццаць чалавек — я зайшла дзевятнаццатай. Практычна ўсе былі палітычнымі, акрамя трох: адна дзяўчынка проста пасварылася з кімсьці з супрацоўнікаў, і яе адправілі да нас «на перавыхаванне», а яшчэ дзве мае суседкі былі бяздомнымі — знакамітая Ала Ільінічна, якая там, мабыць, пастаянна жыве, і жанчына з алкагольным дэлірыем. Вось апошняя паводзіла сябе неадэкватна — яна кідалася на ўсіх.

Спаць у камеры было ў прынцыпе немагчыма. Размясціцца ўсё маглі, толькі калі на двух'ярусных нарах лягуць чатыры чалавекі. Дзіяна называе тых, хто ішоў туды, героямі, яна сама паспрабавала адну ноч паспаць на жалезных прутах без матраца і зразумела, што не вытрымае. А тыя, хто клаўся на падлогу, маглі ляжаць толькі бокам — інакш месца не хапала. Акрамя гэтага, зняволеных абавязкова будзілі два разы ноччу. А двойчы на дзень ім грукалі ў камеру і нагадвалі, колькі трэба будзе заплаціць за жыццё на Акрэсціна.

Восем сутак скончыліся. Дзіяна марыла толькі пра тое, каб яе адпусцілі хаця б на дзень дадому — каб мець магчымасць прыняць душ, бо на Акрэсціна гэтага не дазвалялі. Але калі ёй забаранілі заправіць шнуркі ў красоўкі, дзяўчына зразумела, што гэта не канец гісторыі.

Дзіяну вывялі на вуліцу, пасадзілі ў машыну і растлумачылі, што з гэтага моманту яна затрымана ўжо па крымінальным артыкуле. Яе перавезлі ў ІЧУ, дзе дзяўчына правяла яшчэ дзесяць сутак.

— Затое мне нарэшце вярнулі маю бялізну. Мыць яе прыходзілася ў смеццевым вядры, нам на камеру давалі маленькі кавалачак гаспадарчага мыла.

«Павезлі ў шпіталь, пагражалі выразаць пірсінг»

Дзіяне было складана з-за незвычайнай знешнасці. Кожны з супрацоўнікаў ЦІП і ІЧУ лічыў сваім абавязкам пажартаваць з яе пірсінгу і «рожак».

— Я кожны дзень чула «Зараз прынясу абцугі, усё павырываю», «А калі табе ў**аць па галаве, яны ўнутр уляцяць?». Аднойчы не вытрымала і спытала: «У вас што, адзін мозг на ўсіх?»

Дзяўчыне пагражалі, што адправяць выразаць пірсінг. І аднойчы сапраўды павезлі ў шпіталь.

— У мяне атрымалася адстаяць амаль увесь свой пірсінг — казала, што нічога не знімаецца. Толькі з пупка пагадзілася дастаць. Пірсінг у сасках, шчоках, носе і «рожкі» я адваявала. Вядома, за ўсё гэта мне ўсюды дасталася. Сістэма не любіць такіх, як я. І вось прывезлі мяне ў шпіталь. Я спужалася, думаю: «Няўжо сапраўды пачнуць выразаць?!» Але канваіры не зразумелі ўвогуле, чаго ад іх чакае начальства і навошта яны мяне прывезлі. Дакладных указанняў не было. Яны проста бегалі па лекарах і казалі, што патрэбная нейкая даведка. Я рагатала.

У выніку Дзіяна апынулася ў хірурга. Яна паспрабавала паскардзіцца на цыстыт, які атрымала з-за спання на халоднай падлозе, але хірург сказаў, што гэта не яго спецыялізацыя і нічым дапамагчы ён не можа. Даў даведку пра тое, што пацыентка на пірсінг не скардзіцца.

На наступны дзень Дзіяну этапавалі ў Жодзіна.

— Уразіў мяне прыём у доктара, які ўсё жадаў даведацца, ці ўвесь пірсінг ён убачыў. Ён прымусіў мяне распрануцца цалкам: «Давай, пакруціся». У гэты момант дзверы адчыніліся і ён стаў размаўляць з кімсьці, хто зазірнуў. Я стаю голая. Потым дзверы зачыніліся і доктар зноў: «Ой, я нічога не паспеў разгледзець, пакруціся яшчэ».

Асаблівая праблема для Дзіяны была ў тым, што яна веганка і не есць прадуктаў жывёльнага паходжання. На Акрэсціна дзяўчына ела кашу на вадзе і хлеб. У Жодзіна кашу гатавалі ўжо на малацэ, таму нават яе дзяўчына не магла есці. Да таго ж там няма такіх паняццяў, як гарнір і гарачае — усё змешваецца.

Выжывала на тым, што перадавалі ў пасылках. Былі дні, калі ўвесь рацыён Дзіяны складаўся толькі з хлеба. Усё гэта прывяло да таго, што ў дзяўчыны пачаліся праблемы са здароўем. Акрамя таго, ёй не дазвалялі прымаць неабходныя лекі.

— Яшчэ перад паездкай у Беларусь я пачала лячыць зубы. Мне паставілі адну часовую пломбу, а некалькі зубоў засталіся незалечанымі. Увесь час у турме я пакутавала з-за зубнога болю, але мяне да стаматолага не звадзілі. Нават тое, што я магла есці, дастаўляла мне боль.

Пасля паўтара месяца ў Жодзіна Дзіяну зноў этапавалі ў Мінск на Валадарку — чакаць суда.

— Этапаванне было як у кіно: канвой, сабакі, ты бяжыш а 4 раніцы з рэчамі на цягнік праз туман… Я старалася ставіцца да гэтага так, быццам сапраўды здымаюся ў фільме і ўсё адбываецца не па-сапраўднаму. Дарэчы, усе палітычныя ж лічацца асабліва небяспечнымі злачынцамі, таму яны і на этапе, і на судзе ў кайданках. У цягнік цыгарэты ўзяць можна, а запалкі не. І вось у суседнім вагоне паляць, а ты проста сядзіш з цыгарэтамі ў руках. На суд ваду ўзяць можна — а бутэльку, выбачай, не.

У жніўні Дзіяне прысудзілі тры гады хіміі і вызвалілі ў залі суда. На Валадарцы, куды дзяўчына вярнулася па рэчы, высветлілася, што ў яе скралі самае каштоўнае — лісты. І з-за гэтага яна да гэтага часу перажывае.

Яшчэ пачуўшы прысуд, Дзіяна цвёрда вырашыла, што з'едзе з краіны пры першай магчымасці. Яе эвакуявала каманда «Байсол». Цяпер для дзяўчыны адкрыты збор для таго, каб дапамагчы асвоіцца на новым месцы. Галоўная мэта Дзіяны — асвоіць новую спецыяльнасць.

— Я з дзяцінства марыла пра тое, каб стаць тату-майстаркай. Жыццё склалася так, што я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, але працавала ў продажах. Без ведання мясцовай мовы я не магу працягваць працу ў гэтай сферы. Таму вырашыла вярнуцца да дзіцячай мары.

Калі вы жадаеце падтрымаць Дзіяну, то зрабіць гэта можна тут.

Чытайце таксама:

Замежніка асудзілі да трох гадоў калоніі за сарваныя дзяржаўныя сцягі і падпаленую сметніцу

Берасцейца, які цалкам адбыў тэрмін па «карагоднай справе», затрымалі па новай крыміналцы

Берасцеец звярнуўся ў камісію па вяртанні і прыехаў у Беларусь. Прысуд — калонія

Ганна Стафановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
гоблен/адказаць/
09.12.2023
Примите уже, что давно пора е..на м..ь умом Россию понимать, а) модератора гоблен умолительно умоляет не заниматься ерундой и пропустить сообщение; б) Россия дофига сделала неправильно и плохо. Тут у нас с вами спор не получицо. Но использовать колониальное прошлое и исторические психо-сексуальные травмы в качество оправдания своей вопиющей недееспособности, безяйцевости и беззубости - абсолютно детсткая позиция. Есть в ней даже шота подроствово-пубертатное: внешне вроде взрослые дети, а внутри ни мозгов особенно, ни житейского опыта, одни гормоны и эмоции :)
0
гоблен/адказаць/
09.12.2023
гоблен, пример приведу пубертата. Иногда девочка взрослая вроде. Выросло чего-то даже. Но вот фигня, после гимнастических упражнений хочецо покурить. Но гоблен не курит. Он сиську качает и не враг своему гобленячьему здоровьюшку. Ну так хоть поговорить жешь тогда! Вот тут и начинаецо фигня! А о чём с ней говорить-то? О Свинке Пеппе? Пубертат-с! (хрюкнул от смеха)
0
Олег/адказаць/
10.12.2023
Удивительная ИсТория для лошар
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера