Знайсці
12.12.2023 / 18:39РусŁacБел

У Салігорску рыхтуюць забойствы дзяцей? Не. Вось што адбылося і чаму панікаваць не варта

Гэта разборкі школьнікаў, а не пагроза сапраўднага тэракту. Распавядаем, як ваююць сучасныя «інтэрнэт-героі» і як падобныя разборкі сумна скончыліся для заснавальніка Anonymous Russia.

«Салігорская гульня»

Скрыншот з ужо выдаленага канала «Салігорская гульня»

Сёння па розных салігорскіх суполках пракацілася хваля паведамленняў уз'юшаных жыхароў. Маўляў, нехта хоча зладзіць масавую разню ў мясцовых школах. Спасылкі вялі на канал «Салігорская гульня», на якім выкладалі пагрозы на адрас салігорскіх дзяцей.

Публікацыі з тэлеграм-каналаў «Беларусь за МКАДам» і «Мой Салігорск»

Насамрэч такое адбываецца ўсё часцей. Група «Салігорская гульня» — тыповы прыклад т. зв. сватынгу, то-бок спробы ўвядзення ў зман праваахоўнікаў, каб яны затрымалі іншага чалавека ці нарабілі яму непрыемнасцяў.

Сутнасць метаду такая. Ствараецца група, у якой размяшчаюцца публікацыі з пагрозамі на адрас дзяцей нейкага горада. Паведамленні групы і спасылкі на яе раскідваюцца па розных тэматычных гарадскіх групах і медыя з пасылам: «я маці дзіцяці са школы №, дапамажыце адшукаць, хто гэта робіць».

Паведамленне з канала «Салігорская гульня»

Пасля таго, як на групу звернуць увагу буйныя рэсурсы, у канале змяшчаецца паведамленне пра тое, што, маўляў, ёсць чалавек, які навучыць вас забіваць дзяцей. У якасці кантакта размяшчаецца ахвяра сватынгу — то бок, той чалавек, на якога паводле ідэі замоўшчыкаў мусяць звярнуць увагу сілавікі.

Паведамленне з канала «Салігорская гульня»

«Ілля» сапраўды існуе — гэта мінскі школьнік і яго сапраўды клічуць Ілля па мянушцы Mefi. Мяркуючы па ўсім, ён насаліў даволі шмат каму ў інтэрнэце, бо яго акаўнт правяралі ў ботах сотні разоў. Свае звесткі хлопец не хавае.

У інтэрнэце ён хваліўся тым, што «супраць яго ваяваў KillNet». Таксама, калі меркаваць па апісанні акаўнтаў, раней ён займаўся «доксінгам» — то-бок, пошукам інфармацыі пра людзей і іхняй дэанімізацыяй. А да нядаўняга часу прадаваў паслугі ў групе, якая называлася Adrenaline Hunters, але сутнасць паслугаў невядомая.

Паведамленне з групы Adrenaline Hunters

Такім чынам, рэальнай небяспекі для беларусаў у групе «Салігорская гульня» няма.

Іншыя выпадкі сватынгу

Дакладна тое самае адбылося нядаўна ў шматлікіх рэгіёнах Расіі. Выкарыстоўваліся нават тыя самыя фота і відэа. У назвах заўжды ёсць слова «гульня».

Канал «Балахоўская гульня», выдалены пару дзён таму

Раней групы такой жа накіраванасці рабіліся на тэму «катую жывёлаў і выкладаю відэа на свой канал» або, напрыклад, з абразамі ў адрас чачэнцаў або рускіх. Галоўнае, што ў канцы выкладаецца нумар або іншыя звесткі меркаванай ахвяры.

Такі спосаб сватынгу больш бяспечны, чым тэлефоннае мініраванне, таму ім карыстаюцца даволі часта. Большасць як ахвяраў, гэтай і замоўшчыкаў такіх дзеянняў — школьнікі або вельмі маладыя людзі. Часта таксама такое робяць за грошы.

Але не ўсім шанцуе пасля застацца на волі.

Mr. Ratty з Anonymous Russia

Падобнае, па нашых звестках, здарылася і з адміністратарам канала Anonymous Russia, 19-гадовым гамельчуком Арсенем Елісеевым па мянушцы Mr. Ratty. Anonymous Russia уваходзіць у хакерскую сетку KillNet. У асноўным яны арганізоўвалі DDoS-атакі на розныя рэсурсы. З яшчэ адным «хакерам» Елісееў не падзяліў інтэрнэт-дзяўчыну і зрабіў ілжывае мініраванне ад імя суперніка. Але Mr. Ratty хутка вылічылі і затрымалі.

Арсеній Елісееў. Фота: пошукавы атрад «Сімуран»

1 верасня 2023 года над ім пачаўся суд. Яго вінавацілі па двух артыкулах — «заведама хлуслівае паведамленне пра небяспеку» і «незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных». Прысуд невядомы, але яму пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Раскрытая асоба заснавальніка Anonymous Russia. Ім аказаўся васямнаццацігадовы хлопец

Сілавікі затрымалі адміністратара канала Anonymous Russia, які ўваходзіць у сетку Killnet. Расійскія хакеры пагражаюць беларускім спецслужбам

Важна ведаць. Якім чынам рэпрэсіўныя органы дастаюць ужо выдаленую інфармацыю з Telegram і што можна з гэтым зрабіць?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
11
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
15
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера