Знайсці
20.04.2024 / 19:2631РусŁacБел

«Для яго Лукашэнка — беларускі нацыяналіст». Чым вядомы расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў

Улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» тэлеграм-канал палітычнага каментатара па беларускай тэматыцы Андрэя Суздальцава. Грамадзянін Расіі — асабісты вораг Лукашэнкі, але дастаць яго кіраўнік Беларусі пакуль не можа. Суздальцаў — «стваральнік» палітолага Балкунца. Што яшчэ водзіцца за ім?

Андрэй Суздальцаў. Скрын відэа

«Супраць Лукашэнкі, але за Расію»

63-гадовы Андрэй Суздальцаў — выпускнік гістарычнага факультэта Далёкаўсходняга дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён скончыў аспірантуру Вышэйшай школы прафсаюзнага руху. Да 1993 года працаваў ва ўладзівастоцкім філіяле гэтай установы.

У 32 гады Суздальцаў з ускрайку Расіі перабраўся ў Беларусь, дзе ў той час адбываліся лёсавызначальныя падзеі. Прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч ірваўся ў прэзідэнты. У 1994-м большасць у Вярхоўным Савеце адправіла ў адстаўку старшыню, Станіслава Шушкевіча. Праз некалькі месяцаў адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог Лукашэнка.

Суздальцаў стаў заўважнай персонай беларускага грамадска-палітычнага дыскурсу ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х. Ён называў сябе «экспертам Рады бяспекі РФ».

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст устрымліваецца казаць, што Суздальцаў беспасярэдне звязаны з расійскімі спецслужбамі, хоць такія меркаванні ў беларускім палітычным асяроддзі існуюць.

Паводле яго, Суздальцаў — прадстаўнік «другога ці трэцяга эшалону экспертнай супольнасці, да слоў якога прыслухоўваюцца тыя, хто прымае рашэнні», але сваёй ролі ў расійскім істэблішменце ён перабольшвае.

«Яго пазіцыя была і застаецца даволі паслядоўнай, — адзначае Дракахруст. — Яе можна ахарактарызаваць так: супраць Лукашэнкі, але за Расію».

Як эксперта па расійска-беларускіх адносінах Суздальцава запрашалі на канферэнцыі, медыя прасілі яго каментаваць узаемадачыненні дзвюх краін.

Ён стварыў аналітычны цэнтр, які займаўся маніторынгам сітуацыі ў Беларусі. Быў сябрам расійска-беларускай праваабарончай камісіі і рыхтаваў аналітычныя матэрыялы аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Паводле Дракахруста, Суздальцаў сапраўды сочыць за сітуацыяй у Беларусі і са сваіх назіранняў робіць высновы, у адрозненне ад многіх сваіх расійскіх калегаў, для якіх Беларусь — гэта толькі Лукашэнка.

Удзельнічаў Суздальцаў і ў палітычных праектах, напрыклад, у перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Казуліна.

«Ён спрабаваў ладзіць праекты з беларускімі апазіцыянерамі, якія яму ці яшчэ некаму падаваліся цікавымі і гатовымі да дыялогу з расійскім кіраўніцтвам. Але гэтыя праекты былі на далёкай дыстанцыі ад Крамля», — мяркуе Юрый Дракахруст.

Паводле яго, Крэмль працаваў са стартапамі. Калі Суздальцаў задумваў праводзіць нешта, то расійскія ўлады назіралі, што з гэтага выйдзе.

«Беларусь — не саюзнік, а беларусаў трэба паказальна дэпартаваць»

Суздальцаў не хаваў, што выступае за шчыльную інтэграцыю Беларусі з Расіяй.

Паводле яго, апазіцыя ніколі не культывавала ў сваім асяроддзі прарасійскага фланга, маўкліва пагаджаючыся з манапалізацыяй расійска-беларускіх адносін Лукашэнкам.

«Уся мая дзейнасць як палітолага і заключаецца ва ўвязванні, сшыванні двух геапалітычных вектараў, якія пануюць, апрача трэнду Лукашэнкі, на беларускім палітычным полі — заходняга і ўсходняга, — казаў ён у 2005 годзе. — Пры дасягненні нейкага кансэнсусу паміж Вашынгтонам, Бруселем і Масквой дэмакратызацыі Беларусі быў бы дадзены такі магутны штуршок, з якім рэжым быў бы вымушаны лічыцца».

Ва ўспрыняцці Суздальцава Лукашэнка быў і застаецца хітруном, які гуляецца ў інтэграцыю, але рэальнага збліжэння Беларусі і Расіі стараецца пазбегнуць.

«Ён дурыць галаву і толькі «бабкі расійскія стрыжэ», — вобразна тлумачыць пазіцыю расійскага палітолага Юрый Дракахруст.

Па яго словах, гэтым падманам Расіі Суздальцаў быў вельмі абураны. Увесь час лаяў расійскія ўлады.

«Ён настойваў, што яны меліся прымусіць Лукашэнку выконваць расійскія інтарэсы ці не даваць яму грошы. Будаваць адносіны без ніякіх паблажак і паслабленняў. Іншая персона замест Лукашэнкі магла б паводзіць сябе інакш. І такая пазіцыя ў пэўных калідорах Крамля сустракала разуменне», — адзначае Дракахруст.

У 2006 годзе Суздальцаў прапаноўваў ставіцца да Беларусі з пазіцый радыкальнага рэалізму.

«Беларусь нам не саюзнік, а проста наняты за 7 мільярдаў даляраў у год… ільгот… геапалітычны ландскнэхт», — казаў ён, заклікаючы правесці паказальныя дэпартацыі з Расіі беларусаў.

Паводле яго слоў, Лукашэнка таго часу быў падобны да Міхаіла Саакашвілі, яны абодва ўмацоўвалі самастойнасць сваіх дзяржаваў, праводзячы фанабэрыстую, правакацыйную ў дачыненні да Расіі палітыку.

«Суздальцаву ў Беларусі было няўтульна»

Суздальцаў палохаў Расію небяспекай прыходу да ўлады ў Беларусі нацыяналістаў. Так ён называў прабеларускіх палітыкаў.

«Ён чалавек рускі, рускага свету, і для яго беларускія нацыяналісты — гэта апаненты. Для яго і Лукашэнка — таксама нацыяналіст. Не нашмат лепшы для Расіі за Пазняка. Можа, у нечым лепшы, але ўсё адно беларускі нацыяналіст», — адзначае Дракахруст.

Суразмоўца згадвае гутарку з Суздальцавым, у якой той прызнаўся, што яму з беларускімі нацыяналістамі камунікаваць нават прасцей, бо яны такія ж, як ён, толькі з іншым знакам.

А вось з рускамоўным беларускім мэйнстрымам яму было складана і няўтульна.

«Норавы беларускага рускамоўя паказвалі мне, што я ім чужы, нягледзячы на тое, што гавару на адной мове. Прама ў вочы ніхто нічога не казаў, але давалі зразумець, што я не так усміхаюся, жартую, не так рэагую на многія рэчы. Не так, як прынята ў Беларусі. Гэта мяне раздражняла значна больш, чым Вячаслаў Сіўчык ці Зянон Пазняк», — пераказвае словы расійскага палітолага суразмоўца.

У 2006 годзе ўлады анулявалі Суздальцаву дазвол на жыхарства і загадалі пакінуць краіну. У рашэнні аб дэпартацыі было адзначана, што грамадзянін Расіі ўяўляе небяспеку нацыянальнай бяспецы Беларусі.

«З прычыны ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь», — казаў пра прычыны дэпартацыі сам Суздальцаў.

Дзеянні беларускіх уладаў ён назваў помстай за артыкулы, прысвечаныя выбарчай кампаніі ў Беларусі. У тых выбарах акурат і ўдзельнічаў Аляксандр Казулін.

Стаў «салдатам СВА»

У 2007 годзе Суздальцаў трапіў у шпіталь з падазрэннем на атручванне. Сам жа ён абвяргаў, што яго хацелі забіць.

Адметна, што адной з прыкмет сувязі Суздальцава з расійскімі спецслужбамі назвалі тагачаснае лячэнне палітолага ў вайсковым шпіталі ў Маскве. «Афіцэр спецслужбы, хутчэй за ўсё, ГРУ Генштаба Міністэрства абароны Расіі», — рабіў тады выснову галоўны рэдактар «Савецкай Беларусіі» Павел Якубовіч.

Андрэй Суздальцаў па дэпартацыі з Беларусі ўладкаваўся ў Вышэйшай школе эканомікі.

У 2012 годзе ён прапаноўваў, каб адукацыйная праграма імя Каліноўскага, па якой вучыліся адлічаныя з беларускіх ВНУ студэнты, запрацавала ў Маскве, але яго ініцыятывы не падтрымалі.

Тады ж ён страшыў тым, што па сыходзе з улады Лукашэнкі Беларусь атрымае іншы аўтарытарны рэжым. Самога Лукашэнку ён называў тварам беларускага народа.

У 2016 годзе Суздальцаў абураўся, што Беларусь спрашчае візавы рэжым з Еўрасаюзам.

У 2020 годзе Суздальцаў казаў, што пратэсты — пачатак канца рэжыму Лукашэнкі. Запэўніваў, што расійскія войскі «не ступяць на беларускую зямлю», а інфармацыю пра гатоўнасць Пуціна дапамагчы Лукашэнку называў выдумкамі КДБ.

У 2021 год былы афіцэр беларускіх спецслужбаў Ігар Макарзаявіў, што КДБ Беларусі нібыта планаваў забойства Андрэя Суздальцава.

З поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Украіну Суздальцаў стаў «салдатам СВА».

Юрый Дракахруст адзначае, што Суздальцаў «абсалютна дакладна і паслядоўна падтрымлівае палітыку Крамля па Украіне, але пры гэтым антылукашэнкаўскі пасыл у яго застаецца».

І прычым тут Балкунец

Андрэя Суздальцава лукашэнкаўцы ненавідзяць. Яго атакуюць прапагандысты. Азаронак, напрыклад, выказванні Суздальцава называе «юрлівымі фантазіямі».

Паводле адданага лукашэнкаўца, Суздальцаў спарадзіў палітолага Дзмітрыя Балкунца.

«Дзімка шмат гадоў стараўся ўбіць клін у адносіны паміж Беларуссю і Расіяй. Наводзіў шуму ў праплочаных тэлеэфірах. Толькі вось рускі народ не верыў подлай хлусні», — у сваёй манеры даносіў з экрану тэлебачання Азаронак.

Калі адкінуць эмоцыі, то ўраджэнец Слоніма і выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Балкунец сапраўды з'явіўся ў публічнай прасторы ў 2010-я менавіта як аспірант Суздальцава ў Вышэйшай школе эканомікі. Ён і ўспрымаўся перадусім як вучань Суздальцава, які пераняў ідэйныя падыходы і ўстаноўкі настаўніка.

Пасля сканчэння аспірантуры Балкунец застаўся працаваць у Вышэйшай школе эканомікі. Ён стаў экспертам па Беларусі з прарасійскімі пазіцыямі.

У 2020-м на БТ паказвалі допыты-інтэрв'ю Юрыя Васкрасенскага, падчас якіх той расказваў, што сустракаўся ў Маскве адразу і з Суздальцавым, і з Балкунцом, якія цікавіліся беларускімі пратэстамі. Палітолагі фарсілі сувязямі з расійскімі ўладамі.

Урэшце на Дзмітрыя Балкунца ў Беларусі распачалі крымінальную справу за «абразу Лукашэнкі». Балкунец, у адрозненне ад Суздальцава, адразу з'ехаў з Расіі, бо не лічыў яе бяспечнай для сябе, і асеў у Еўрасаюзе.

У эміграцыйных асяродках беларускай апазіцыі Балкунец мае сумнеўную рэпутацыю. За яго дзеяннямі відаць бясконцыя спробы патапіць каманду Святланы Ціханоўскай.

Дзмітрый Балкунец

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

«Байпол» выклаў сваю версію расколу арганізацыі: спецслужбы, «штаб супраціву», Балкунец і Цапкала

У Нацыянальны савет Цапкала і Карач увайшлі 17 чалавек. Хто гэтыя людзі?

Вольга Карач склікала прэс-канферэнцыю — параўнала сябе з Меркель, Бяляцкім і заявіла, што беларускі рэжым хацеў яе забіць

Суздальцаў пра адмову Лукашэнкі ехаць 9 Мая ў Маскву: «Гэта ўдар ніжэй пояса для Пуціна»

«Беларус беларусу беларус». Марзалюк у Азаронка цытаваў Вітольда Ашурка

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
26
Панылы сорам
14
Ха-ха
29
Ого
12
Сумна
13
Абуральна
34
0
Люба/адказаць/
21.04.2024
Mafkees , таксама не да законаў? А чым ты лепшы за лукашыстаў - фашыстаў тады?
0
Кадравік/адказаць/
21.04.2024
Цікава якая мянушка у́ крывава-праклятай канторы нквдкгбфсбэээээ у гэтага агента/сэксота...
0
Огогого/адказаць/
21.04.2024
Попытка экстрадировать из России в Беларусь Андрея Обозова - одного из троих фигурантов уголовного дела по факту клеветы на президента Республики Беларусь - не удалась. За него вступилась российская прокуратура.25 марта 2007 года Андрея Обозова задержали в Твери. Его «сняли» с поезда "Москва-Таллинн". Ночь с 25 на 26 марта Обозов провел в милиции.Обозову разрешили связаться с Андреем Суздальцевым - членом российско- белорусской правозащитной комиссии при Совете по содействию развитию гражданского общества и правам человека при президенте России:«Я ему сбросил sms – где я и что со мной случилось. Пока в местной прокуратуре решали, что со мной делать, в Москве начал по этому вопросу работать Суздальцев».По словам Обозова, Суздальцев обратился в Совет Безопасности России, где ему сообщили, что Андрей Обозов в федеральном розыске не значится. Между тем, говорит Обозов, в прокуратуре Пролетарского района Твери выяснили,«что по УПК РФ меня можно не отдавать. По российскому закону Александр Григорьевич сам должен приехать в Тверь и написать заявление о том, что я его оскорбил».
https://dcsfxzu8xls6u.cloudfront.net/341189#startcomments
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера