Знайсці
28.01.2024 / 21:151РусŁacБел

Каго з беларускіх пісьменнікаў найбольш выдавалі за савецкім часам? Не ўсіх вы ведаеце

Паглядзелі, чые творы выдаваліся найчасцей ды найбольшымі тыражамі, і разабраліся, ці маглі гэтыя аб'ёмы супрацьстаяць расійскай культурнай экспансіі.

Беларуская мастацкая літаратура атрымала шырокае развіццё ў савецкі час. У выдавецтвах рэспублікі выходзілі творы вядомых пісьменнікаў і паэтаў, пачаткоўцаў, а таксама аўтараў з саюзных рэспублік. Усяго з 1918 па 1990 год у БССР было выдадзена 11530 выданняў мастацкай літаратуры агульным тыражом 504 мільёнаў асобнікаў, што склала 11,1% ад агульнай колькасці выданняў кніжнай прадукцыі рэспублікі і 36,6% сукупнага тыражу.

Творы 16 беларускіх аўтараў выдаваліся звыш 50 разоў, а 34-х — выйшлі тыражом больш за 1 мільён асобнікаў. У дзясятку па тыражы ўвайшлі наступныя аўтары.

Алесь Якімовіч — абсалютны лідар па тыражах у савецкай Беларусі

Першае месца належыць зусім не Коласу ці Купалу, бясспрэчны лідар — дзіцячы празаік і паэт Алесь Якімовіч (1904—1979). Агульны тыраж ягоных твораў, выдадзеных у БССР, складае ажно 11,44 мільёна асобнікаў. Гэта больш, чым насельніцтва ў найлепшыя часы. Па колькасці саміх выданняў Якімовіч таксама ў топе — 192, больш толькі ў Якуба Коласа.

Поспех як дзіцячага аўтара напаткаў яго яшчэ ў 1920—1930-я гады. Якімовіч пазбег рэпрэсій, якія закранулі многіх ягоных сябраў па «Маладняку», і працягнуў актыўна пісаць пасля вайны.

Ён займаўся апрацоўкай беларускіх народных казак, што, відаць, і тлумачыць такія велізарныя тыражы — яму як аўтару залічваліся выданні народнай творчасці.

Алесь Якімовіч таксама прыклаў руку да стварэння культу Кастуся Каліноўскага, прысвяціўшы яму аповесць. За гэтую і іншыя аповесці на гістарычную тэматыку пісьменнік у 1974 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію.

Якуб Колас і ягоная паэма «Сымон-музыка»

З вялікім адрывам ад Якімовіча другое месца займае беларускі класік Якуб Колас (1882—1956). Яго агульны тыраж удвая меншы, але ўсё роўна ўражвае — 5,68 мільёна асобнікаў. Найбольш вядомымі творамі Коласа былі паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка», раман «На ростанях», аповесць «Дрыгва». 

Артур Вольскі і вокладка ягонай кнігі для дзяцей

Трэцяе месца займае пісьменнік Артур Вольскі (1924—2002), бацька музыкі Лявона Вольскага. Тыраж ягоных выданняў склаў 4,88 мільёна асобнікаў. Вольскі таксама шмат пісаў для дзяцей, гэта і паэзія, і казкі, і п’есы. 

Факсімільнае савецкае выданне 1983 года кнігі «На этапах» Максіма Танка

На чацвёртым месцы класік Максім Танк (1912—1995). Яго паэзія выдадзена ў шматлікіх зборніках, агульны тыраж якіх складаў 4,37 мільёна асобнікаў. Сам Танк быў галоўным рэдактарам літаратурнага часопіса «Полымя», мізэрныя тыражы якога ён бачыў «у катастрафічным скарачэнні беларускіх школ і ў ненармальным становішчы з беларускай мовай у рэспубліцы».

Васіль Зуёнак і ягоная «Нача», якая гучала з космасу

Пятае месца ў паэта і празаіка Васіля Зуёнка (нарадзіўся ў 1935). Агульны тыраж ягоных твораў склаў 4,16 мільёна асобнікаў. Ягоная паэзія гучала нават у космасе: зборнік «Нача» перадалі ў 1978 годзе касманаўту Уладзіміру Кавалёнку, земляку паэта, які зачытаў вершы са станцыі «Саюз-6» у час аднаго з сеансаў сувязі з Зямлёй. 

Іван Шамякін і ягонае «Трывожнае шчасце»

Народны пісьменнік Іван Шамякін (1921—2004) зусім трохі адстае ад Зуёнка са сваімі 3,91 мільёна асобнікаў. Напэўна, найбольш вядомым творам аўтара з’яўляецца раман «Сэрца на далоні», за які ён атрымаў літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.

Аляксандр Росін і самая тыражаваная ў беларускай гісторыі кніга «Цыркавы паказ»

Пра журналіста і пісьменніка Аляксандра Росіна (нарадзіўся ў 1952) вы, мабыць, ніколі і не чулі. А між тым па агульным тыражы сваіх твораў, 3,52 мільёна асобнікаў, ён займае сёмае месца ў савецкай Беларусі. Пры гэтым абсалютная большасць з гэтага ліку, 97%, выпадае на ягоную адну кнігу «Цыркавы паказ», якая з’яўляецца самай тыражаванай за ўсю гісторыю беларускага кнігадрукавання. З 1995 года жыве ў Амерыцы.

Змітро Бяспалы і ягоныя «Лясныя хітруны»

Сёння амаль не гучыць і імя пісьменніка Змітра Бяспалага (1934-1997), чые кнігі для дзяцей і зборнікі гумарыстычных апавяданняў агулам былі выдадзены тыражом у 3,27 мільёна асобнікаў.

Васіль Быкаў і Міхась Лынькоў

Замыкаюць дзясятку найбольш друкаваных беларускіх аўтараў Васіль Быкаў (1924—2003) і Міхась Лынькоў (1899—1975). Творчасць Васіля Быкава пачынаецца пасля вайны ваеннай прозай. Ягоныя творы «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Знак бяды», «Сотнікаў», «Абеліск», «Жоўты пясочак» таксама зведалі не адно кіна– і тэатральнае ўвасабленне. Агулам яго творы былі выдадзены ў Беларусі 2,72 мільёна разоў.

Творы Лынькова, сярод якіх найбольш выбіваецца аповесць «Міколка-паравоз», выдадзеная яшчэ ў 1930-я гады — 2,7 мільёна разоў. Пры гэтым па колькасці саміх выданняў, а гэта 93 найменні, ён займае чацвёртае месца сярод беларускіх літаратараў.

У дзясятку, як бачна, не патрапілі такія выбітныя аўтары, як Янка Купала (2,37 мільёна асобнікаў), Кузьма Чорны (1,53 мільёна), Змітрок Бядуля (2,47 мільёна), Рыгор Барадулін (2,25 мільёна), Янка Маўр (2,1 мільёна), Уладзімір Караткевіч (1,8 мільёна) і многія іншыя, якія ўваходзяць у школьную праграму. Янка Купала, праўда, уваходзіць у тройку па колькасці выданняў, іх у яго за савецкі час было аж 192. А на тыражы, магчыма, паўплывала яго заўчасная смерць.

Іхнія тыражы на сёння ўсё роўна выглядаюць уражвальна, але калі параўнаць з творамі расійскіх літаратараў, якіх выдавалі ў БССР, то ўсё выглядае не так добра. Колькасць расейцаў, якіх выдалі ў нашай краіне за савецкім часам мільённымі тыражамі, у разы большая — 34 беларускіх творцаў супраць ажно 51 іншага.

Кнігі расейцаў Антаніна Ладзінскага і Льва Талстога ў БССР выдавалі большымі тыражамі за Янку Купалу і Якуба Коласа

Найбольшымі тыражамі выйшлі творы Антаніна Ладзінскага (6,55 мільёна асобнікаў), Льва Талстога (5,42 мільёна), Міхаіла Булгакава (4,97 мільёна), Аляксандра Пушкіна (4,78 мільёна), Максіма Горкага (4,24 мільёна), Аляксея Талстога (3,74 мільёна).

А гэта толькі кнігі, якія выдалі ў БССР, яшчэ ў большым аб’ёмах тыя ж аўтары друкаваліся ў савецкай Расіі, адкуль пасля траплялі ў іншыя рэспублікі. Вядома, што канкураваць у такой сітуацыі беларускай культуры было немагчыма. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Каго з беларускіх літаратараў Бондарава адменіць у 2024 годзе

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
16
Сумна
11
Абуральна
16
0
Anatol Starkou/адказаць/
29.01.2024
Дзякуй за цікавы літаратурны матэрыял.
Апошнім часам - з паўгода - перачытаў і паслухаў аўдыё запісы Нобелеўскіх лаўрэатаў пачатка і сярэдзіны XX века. Гэта амерыканцы. Ня ведаю чаму, але мне іх творы падабаюцца. Англічанін Джордж Оруэлл з 1984 па-ранейшаму на першым месцы.
З прыведенага НН спісу спампаваў Івана Шамякіна Сэрца на далоні. Некалі яшчэ ў БССР чытаў. Прачытаю яшчэ раз. Знайшоў і твор Алеся Адамовіча Немой. Пачытаю сёння.

Ёсць у мяне п'еса свая. Дзесяць гадоў ёй будзе ў гэтым снежні. З ВЯДЗЁРКАМ НА ДАЛОНІ назваў быў тады. НН цалкам яе друкавала на гэтым форуме.
31 студзеня пачнуцца заняткі на курсе ДРАМАТУРГИЯ, куды я запісаўся, і думаю падпрацаваць гэтую п'есу ў фінале курса. Можа што ладнае атрымаецца, хаця яна і так мне падабаецца. Пра нас тагачасных яна. Пра 1994-2014 г.г.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930