Знайсці
02.02.2024 / 15:1325РусŁacБел

Чаму Зяленскі хоча зняць Залужнага? Чатыры прычыны

У апошнія дні актыўна абмяркоўваецца магчымая адстаўка галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Валерыя Залужнага. Тлумачым, чаму Зяленскі можа быць незадаволены генералам, папулярным у народа.

Валерый Залужны. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky

Розныя вайсковыя прыярытэты

Як піша ў сваёй кнізе «Шоўмен» журналіст Time Сайман Шустэр, супярэчнасці паміж прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Украіны Валерыем Залужным узніклі яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Залужны выступаў за ўсеагульную мабілізацыю і ўмацаванне межаў з Расіяй, а прэзідэнт баяўся, што такія меры справакуюць у грамадстве паніку.

З пачаткам вайны, як піша Шустэр, па меры таго як рускія адступалі, прэзідэнт Украіны станавіўся ўсё больш упэўненым у сабе. У яго з'явіліся ўласныя бачанні таго, як трэба весці вайну, і яны не заўсёды супадалі з генеральскімі. Неўзабаве раскол узмацніўся. 

Вайсковы аналітык цэнтра Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Густаў Грэсэль пісаў, што Зяленскі, насуперак волі Залужнага, настойваў на ўтрыманні Бахмута летам 2023 года, хаця з ваеннага пункту гледжання ў гэтым ужо не было сэнсу.

Акрамя таго, BILD стала вядома, што Залужны яшчэ некалькі тыдняў таму хацеў вывесці войскі з Аўдзееўкі, аднак Зяленскі адмовіў яму ў гэтым і 29 снежня асабіста паехаў у горад на лінію фронту, каб падтрымаць байцоў УСУ.

Увосень 2023-га ўкраінскія і заходнія СМІ пачалі паведамляць аб канфлікце паміж Зяленскім і Залужным пасля інтэрвʼю апошняга The Economist, дзе галоўнакамандуючы сярод іншага заявіў, што баі на Украіне зайшлі ў тупік. Прэзідэнт публічна з ім не пагадзіўся.

Парушэнне строгай іерархіі ў войску

Для хуткасці Уладзімір Зяленскі мог камунікаваць з кіраўніком Сухапутных войскаў Аляксандрам Сырскім і кіраўніком паветраных сіл Мікалаем Алешчуком у абыход Залужнага. Гэтага патрабуюць абставіны. Але з другога боку, гэта дэстабілізуе працу галоўнакамандуючага УСУ, які даведваецца нешта ад сваіх фармальных падначаленых хіба што на нарадах стаўкі, а то і зусім не даведваецца, пісала «Украінская праўда».

Для строга іерархічнай вайсковай структуры гэта неўласціва.

Чыстка сярод абласных ваенкамаў, замяшаных у карупцыі, якую ініцыяваў украінскі прэзідэнт, таксама мае адваротны бок. Як пісала «Украінская праўда», Залужны пасля гэтых звальненняў агучыў даныя па мабілізацыі: было рэзкае падзенне па ўсіх абласцях. Рашэнне, якое палітычна выглядала правільным (грамадства хацела справядлівасці), мела ваенныя наступствы.

Падобны эфект, лічыць «УП», маюць і кадравыя перастаноўкі, як звальненне камандуючага ССА Віктара Харэнкі, камандуючай медсілаў Таццяны Асташчанка. Усе гэтыя вайскоўцы з арбіты галоўнакамандуючага Залужнага, і іх вызваленне ўносіць нестабільнасць у камандную вертыкаль.

Падазрэнні ў палітычных амбіцыях Залужнага

Не спрыялі добрым узаемаадносінам і падазрэнні з боку офісу прэзідэнта Украіны ў магчымых палітычных амбіцыях Залужнага. Як піша Шустэр, прычынай паслужыла рашэнне генерала стварыць дабрачынны фонд, які, на думку грамадзянскіх уладаў, мог перарасці ў палітычную партыю, ад якой Залужны мог бы вылучыцца ў прэзідэнты. Залужны ў выніку фонду ствараць не стаў.

Сацыялагічныя апытанні паказвалі, што цяпер у Залужнага больш высокі рэйтынг падтрымкі, чым у Зяленскага. Як піша Bloomberg, напружанасць паміж галаўкамам і прэзідэнтам пагаршаецца тым фактам, што Залужны карыстаецца «шалёнай папулярнасцю» як сярод украінскага народу, так і сярод вайскоўцаў.

Зброя і камунікацыя з заходнімі партнёрамі

Паводле звестак «УП», па разліках Генеральнага штаба для выканання задачы Зяленскага па вызваленні ўсёй тэрыторыі Украіны патрабуецца сіл і сродкаў на 350—400 мільярдаў даляраў.

Некаторымі ідэямі планавання Генштаб падзяліўся з кіраўніком Пентагона Лойдам Осцінам падчас яго апошняга візіту ў Кіеў у лістападзе.

«Осціну агучылі патрэбнасць у 17 мільёнах снарадаў. Ён, мякка кажучы, здзівіўся, таму што ва ўсім свеце не сабраць столькі снарадаў», — распавядаў «УП» не пад запіс адзін з чыноўнікаў Сіл абароны.

Прадстаўнікоў Пентагона здзівіла шчырасць украінскіх калег адносна ўнутранай сітуацыі ў краіне.

«У прыватных размовах Осцін распавядаў, што Залужны пастаянна скардзіцца яго генералам на ОП, як яму перашкаджаюць. Ну ясна, што і прэзідэнт пра такія размовы даведаўся. І яны не спрыяюць даверу», — каментаваў на ўмовах ананімнасці чыноўнік Сіл абароны.

З-за адмовы ў пастаўцы ўзбраенняў Украіне, як піша Шустэр, Залужны на час перарываў кантакт са старшынёй Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл ЗША (у 2019-2023 гадах) Маркам Мілі.

Якія б ні былі прычыны незадаволенасці прэзідэнтам Украіны галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, рашэнне аб адстаўцы не патрабуе дадатковых абгрунтаванняў і тлумачэнняў. Адпаведна заканадаўству Зяленскі гэта можа зрабіць у любы зручны для яго час. За апошнія месяцы, як адзначаюць аналітыкі, прэзідэнт Украіны не раз быў блізкі да прыняцця такога рашэння. Але пакуль Залужны застаецца на сваёй пасадзе. А ўчора выйшаў яго новы праграмны артыкул.

Чытайце яшчэ:

ЗША папярэджвалі, што Расія высадзіць войскі ў Гастомлі, каб захапіць Кіеў. Але Зяленскі не паверыў

Заходнія медыя лічаць, што звальненне Залужнага — пытанне часу, і ацэньваюць рызыкі

Зяленскі мае намер абвясціць аб звальненні Залужнага цягам некалькіх дзён — CNN

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
16
Панылы сорам
11
Ха-ха
7
Ого
6
Сумна
13
Абуральна
37
0
Ганна Кацярына Каранёвая /адказаць/
03.02.2024
І як зяленскі выйграе з гэтага? Атрымае папулярнейшага чалавека ў апазіцыі? Пасля звальнення адразу пачнуцца размовы, што патрэбны выбары, і залужны іх выйграе :/
1
Финансиська /адказаць/
03.02.2024
Шта,дырку от бублика а не росийские активы. почитай о теме прежде чем нести подобную чушь. ни США ни Европе не выгодно конфисковывать активы РФ ибо это приведет в к падению курса таких валют как доллар и евро. все что могут передать проценты по активам и то маловероятно.  
05.02.2024
Финансиська , Уже передавали и передают.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031