Знайсці
10.02.2024 / 22:3810РусŁacБел

Былы чыноўнік расказаў, як працаваў у выканкаме, не паехаў на мітынг за Лукашэнку і за што хацеў бы выбачыцца

Арцём Брухан тры гады працаваў у Брэсцкім аблвыканкаме, а калі забілі Рамана Бандарэнку, з'ехаў з Беларусі. Ён далучыўся да каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. У гутарцы з «Нашай Нівай» ён шчыра расказвае, што добрага ўдалося зрабіць на пасадзе, а за што цяпер сорамна, якія настроі былі ў кабінетах у 2020-м і як адмовіўся ехаць на мітынг за Лукашэнку.

Арцём Брухан. Фота: Народнае антыкрызіснае ўпраўленне

«Інструктавалі, што Захад не такі дрэнны і трэба браць рэсурсы адусюль»

Арцёму Брухану 33. У Брэсцкі аблвыканкам ён прыйшоў у 2017 годзе. У галоўным упраўленні ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі ён курыраваў пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама адказваў за музеі.

Тады маладое чынавенства разлічвала, што паціху Беларусь рэфармісцкім шляхам ператворыцца ў нармальную еўрапейскую краіну. Чыноўнікаў інструктавалі, што «Захад не такі дрэнны» — трэба браць рэсурсы адусюль і выбудоўваць радзіму.

«Гаварылі, што мы павінны балансаваць, захоўваць — спакой, мір, карацей «абы не было вайны». Шмат гаварылася пра незалежнасць. Лукашэнка і цяпер кажа пра яе, але тое не супадае з тым, што існуе насамрэч», — расказвае Арцём.

Арцём Брухан на адной з чыноўніцкіх нарадаў. Фота: архіў Арцёма Брухана

У той час на Брэстчыне да 10% фінансавання праектаў галіны, у якой быў заняты Брухан, ішло з еўрапейскіх фондаў. Яны развівалі беларускую культуру, яе праеўрапейскую скіраванасць. Былі мяккай сілаю, якая падштурхоўвала ўладу дзейнічаць у тым жа напрамку.

Упраўленне культуры тады адасобілі ад ідэалогіі. У новай структуры Брухан быў намеснікам кіраўніка аддзела. І хоць кантролю паменела, свабода ўсё адно была абмежавана.

«Галоўнае для нас было выкананне таго, што ішло зверху, — тлумачыць былы чыноўнік. — Калі распараджэнне паступала з Адміністрацыі Лукашэнкі ці ад яго самога, мы мусілі кідаць іншыя справы і займацца тым, што прыйшло адтуль».

Што ўдалося зрабіць?

Арцём — выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. Яго размеркавалі ў Музей абароны Брэсцкай крэпасці. Працаваць у ім яму падабалася. За пяць гадоў дарос да старшага навуковага супрацоўніка.

Калі прапанавалі месца ў аблвыканкаме, пагадзіўся. 

Сектар гісторыка-культурнай спадчыны быў напружаным, аднак не асабліва перспектыўным. Брухан згадвае, што поспех ці правал хутка забываўся.

Прыярытэтнымі былі праекты, на адкрыццё якіх прыязджала начальства са сталіцы.

Калі раптам на праект звяртаў увагу Лукашэнка, то сродкі выдзялялі без затрымкі.

Адрамантаваны палацава-паркавы ансамбль у Косава. Фота: скрын відэа з сацыяльных сетак

Напрыклад, рашэнне аб рэстаўрацыі Косаўскага палаца пад гасцiнiчна-турыстычны комплекс было прынята Брэсцкiм аблвыканкамам яшчэ ў снежні 2004 года. Праект трапіў у інвестыцыйную праграму 2008 года, але да яго ніяк не маглі падступіцца. Грошы з'явіліся толькі пасля заявы Лукашэнкі ў 2018-м.

Тады ж удалося выбіць фінансаванне на кансервацыю Ружанскага палаца. Пазней там адбудавалі браму і флігель.

Ружанскі палац

Адкрылі адрамантаваны Косаўскі палацава-паркавы ансамбль у 2022 годзе.

Ключавым аб’ектам была і сядзіба Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне. За адбудову ўзяліся таксама ў часы лібералізацыі, працягвае былы чыноўнік.

Яго аддзел змог скаардынаваць аднаўленне сядзібы старажытнага шляхецкага роду Рэйтанаў у Грушаўцы Ляхавіцкага раёна. На яго пайшлі грошы з еўрапейскіх фондаў па лініі трансгранічнага супрацоўніцтва.

Сядзібны дом Рэйтанаў у Грушаўцы адрэстаўраваны за сродкі еўрапейскіх фондаў. Фота: smartpress.by

У Драгічынскім раёне ў вёсцы Заказель узяліся за рэканструкцыю капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў.

«Выбіваць грошы даводзілася з боем, — заўважае Арцём — Гэты аб’ект сапраўды класны, але ён знішчаўся. Ні капейкі ў яго не ўклалі, каб уратаваць. Давялося звяртацца ў пракуратуру, і тады знайшліся грошы».

Паставілі помнік Касцюшку ў Мерачоўшчыне, дзе нарадзіўся наш знаны суайчыннік.

Помнік Касцюшку. Фота: svaboda.org

У 2019-м з размахам адзначылі 1000-годдзе Брэста. Пад юбілей адрамантавалі музей «Бярэсце».

Лёс помнікаў даўніны часам залежаў ад актыўнасці грамадзян: калі яны шмат пісалі, тады на аб’ект звярталі ўвагу.

За што цяпер сорамна

Ёсць былому чыноўніку і за што выбачыцца.

У часе падрыхтоўкі Брэста да юбілею знеслі гістарычны дом на вуліцы Будзёнага.

Дом 1930-х гадоў, які знеслі пад паркоўку. Ён лічыўся помнікам канструктывізму «streamline modern». Фота: binkl.me

Выкарыстоўваючы розныя інструменты, яго выключылі са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а чыноўнікі аблвыканкама абгрунтавалі, чаму тое трэба зрабіць.

Тады было даручэнне Лукашэнкі правесці рэканструкцыю Тэатра лялек, а на месцы старога дома вырашылі зрабіць стаянку.

Брэсцкі Тэатр лялек з паркоўкай. Фота: realbrest.by

«Трэба было выканаць тое даручэнне. Я як спецыяліст разумеў, што няма падставаў дом выключаць [са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў]. Мне сорамна. Гэта было няправільна, і мы як чыноўнікі прыклалі да гэтага руку», — прызнаецца Арцём.

На яго погляд, вельмі часта за рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры выдавалася тое, што было проста навабудам пад даўніну. Беларуская рэстаўрацыйная школа моцна пацярпела, лічыць былы чыноўнік. 

«У штаце будаўнічай арганізацыі ёсць работнік з пасведчаннем ад Міністэрства культуры, што ён мае права займаецца праектнай і даследчай дзейнасцю, але, як правіла, яму дыктавалі тое, як адбудоўваць старую камяніцу, будаўнікі без досведу такой працы».

Царкву 18 стагоддзя абшылі вагонкай і паставілі пластыкавыя вокны. Століншчына. Фота: упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама

Каб выбіць фінансаванне, спачатку трэба было запэўніць старшыню аблвыканкама, што помнік варты рэстаўрацыі ці яму пагражае разбурэнне. Калі ён ухваляў, то звярталіся ў Міністэрства культуры. Там таксама пераконвалі начальства.

«І нейкую суму выдзялялі. Звычайна 50 працэнтаў ішло з мясцовага бюджэту і 50 працэнтаў з рэспубліканскага», — тлумачыць Брухан.

З фонду падтрымкі культуры і мастацтва выдзяляўся грант. На яго трэба было напісаць заяўку. Камісія ў Міністэрстве выбірала найбольш перспектыўныя праекты.

«Звычайна такія пытанні вырашаліся кулуарна. Дамаўляліся, а потым зацвярджала камісія», — даводзіць былы чыноўнік.

Працэдура падтрымкі праектаў у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва была больш празрыстай. У абмеркаванні бралі ўдзел чыноўнікі, эксперты і прадстаўнікі грамадскасці. Цяпер трансгранічнае супрацоўніцтва згорнутае.

Яшчэ адна крыніца фінансавання — прыватны бізнэс, але ён выдзяляў сродкі толькі пасля таго, як на прадпрымальніка націскалі, кажа Брухан.

«Намеснік старшыні аблвыканкама лічыў нашу працу лухтой»

Арцём называе сябе клеркам сярэдняга звяна. Яму не даводзілася вітацца за руку з міністрам культуры, але з яго намеснікамі, якія курыравалі сферу гісторыка-культурнай спадчыны, камунікаваў часта.

Найбольш кваліфікаваным ён лічыць Аляксандра Яцко.

«Ён адзін з самых крутых спецыялістаў па гісторыка-культурнай спадчыне на ўзроўні намесніка міністра, якіх я сустракаў. Службоўца разумеў працу, якой займаўся. Яна вымагае паглыблення ў нюансы. Яцко іх ведаў», — адзначае Брухан.

Ён заўважае, што не можа назваць высокапасадовых чыноўнікаў ад культуры самадурамі ў сферы гісторыка-культурнай спадчыны. Дэталёва разбірацца ў пытаннях галіны яны давяралі спецыялістам.

Дзівіла стаўленне вышэйшага начальства. 

«Калі я толькі ўладкаваўся, то намеснікам старшыні аблвыканкама быў Алег Вялічка (былы медык — НН), які наогул не разбіраўся ў культуры. Працу нашага аддзела ён лічыў лухтой і дурнотаю. Затым на яго месца прыйшоў больш інтэлігентны начальнік», — адзначае Арцём.

Унутры калектыву адносіны складваліся па-рознаму.

«Я б не казаў, што ўсе чыноўнікі думаюць толькі як адзін аднаго падседзець. Вядома, каб была дэмакратычная сістэма, нейкія спецыялісты не працавалі б наогул, бо тады падыход быў бы іншы. Праца ацэньвалася б па эфектыўнасці выканання», — адзначае ён.

Арцём прызнаецца, што ў дыктатарскай сістэме дзяржаўных службоўцаў успрымаюць як людзей, адданых Лукашэнку. Таму іх праца мае негатыўную канатацыю.

«Чыноўнікаў успрымаюць вусатымі дзядзькамі з дыпламатамі ў касцюмным гарнітуры, якія вярзуць лухту», — дадае ён.

Яму ж праца чыноўніка была цікавай. У той час у выканкаме было шмат маладых кваліфікаваных спецыялістаў.

Сябры Брухана часта падтруньвалі з яго, крытыкавалі ўладу. Калі ж хлопец сустракаўся з простымі людзьмі з глыбінкі, то стаўленне да яго было насцярожана паважлівае.

Арцём Брухан на сустрэчы з народам. Фота: belta.by

«Наогул гэта цікавы феномен, — заўважае Арцём. — Я малады хлопец, але ўсё роўна мяне ўспрымалі прадстаўніком улады. Казалі, што «ўласць з Брэста прыехала».

«Апошняй кропляй было забойства Бандарэнкі — на наступны дзень напісаў заяву»

Паводле Арцёма, яго калегі пачалі задумвацца, што ў краіне адбываецца нешта не тое, падчас пандэміі. Тады было бачна, што вышэйшая ўлада не здольная адэкватна рэагаваць на выклікі: людзі паміралі, а нічога не рабілася, каб змяніць сітуацыю. Гучалі толькі запэўніванні, што эпідэміі няма.

«Прыйшло разуменне, што Лукашэнка чалавек з мінулага. З’явіўся запыт на перамены. Яны звязваліся з кандыдатамі, якія вылучыліся пазней, падчас выбарчай кампаніі. На працоўных месцах такія чаканні не агучваліся, але адчувалася, што чыноўнікі хацелі зменаў», — згадвае суразмоўца.

Калі пачаўся гвалт, супрацоўнікі аблвыканкама былі ў разгубленасці, бо ніхто не ведаў, як сябе паводзіць. У кожнага былі знаёмыя, сваякі, родныя, якія пацярпелі ад бясчынства амапаўцаў.

«Сістэма была троху паралізаваная. Службоўцы па нейкай інерцыі штосьці рабілі, але без ведання, што будзе далей», — гаворыць Арцём.

Пратэст у Брэсце

Калі б улада змянілася, то яго калегі хутка б перастроіліся. Яны б не стаялі за Лукашэнку, мяркуе Брухан. Усё было тады дужа хістка.

Сам Арцём не адразу звольніўся. Ён пераконваў сябе, што калі сыдзе, то не будзе каму дбаць пра захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Але разумеў, што не можа прыняць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, гвалт.

«Я адкрыта выказваўся супраць Лукашэнкі. Не згодны быў з тым, што ён утрымлівае ўладу. Калі пачаліся пратэсты, казаў, што людзі маюць рацыю», — гаворыць суразмоўца.

Калі ж рэжым выстаяў, то на Брухана сталі ціснуць. Патрабавалі, каб ехаў на мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Ён адмаўляўся. 

Апошняй кропляй стала забойства Рамана Бандарэнкі. На наступны дзень Брухан напісаў заяву на звальненні. Пра гэта паведаміў у сацыяльных сетках.

Перадаўшы справы наступніку, зʼехаў у Польшчу. Пазней далучыўся да каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

«Прарасійскія актывісты не даюць продыху»

Арцём разважае: цяпер чыноўнікаў пазбавілі хоць якой самастойнасці, а прарасійскія актывісты не даюць ім продыху. Ён сумняваецца, што цяпер выдаткоўваюцца грошы на захаванне спадчыны, звязанай з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай. Хутчэй, большасць сродкаў будзе ісці на адбудову аб’ектаў Айчыннай вайны і часоў Расійскай імперыі.

«Гэта па сутнасці ідэалогія, а культуры не шмат. Відавочна, гэта палітычны заказ праз уплыў Масквы», — лічыць суразмоўца.

Ён згадвае, як, калі вучыўся ў Акадэміі кіравання, выкладчыкі курсу «Ідэалогія беларускай дзяржавы» казалі, што яе ў нас няма.

«Ім дужа цяжка было прызнаць, што ідэалогія — гэта Лукашэнка. Што ён кажа, тое і ідэалогія», — адзначае Арцём.

Ён разлічваў, што эміграцыя не зацягнецца надоўга. Спадзяваўся ў 2021 годзе вярнуцца.

«Беларусь усё больш трапляе пад уплыў Расіі. Грамадства заціснутае жудаснымі рэпрэсіямі. Таму заяўляць, што яшчэ трохі і ўсё будзе добра — не зусім шчыра. Эміграцыя можа зацягнуцца на некалькі год», — разважае былы чыноўнік.

Ён верыць, што для Беларусі адкрыецца акно магчымасцяў. Гэта адбудзецца ў выніку сацыяльнага напружання ўнутры краіны, выкліканага эканамічнымі праблемамі.

Сам Брухан пры такім сцэнарыі хацеў бы вярнуцца на дзяржаўную службу, займацца пытаннямі захавання гісторыка-культурнай спадчыны і змяняць чыноўніцтва.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Сто год раскошы, паўстагоддзя запусцення. Як склаўся лёс палаца Пуслоўскіх — аднаго з самых прыгожых у Беларусі ФОТЫ

Ружаны — палац-фенікс з беларускім характарам. Упарта ўздымаўся пасля жахлівых разбурэнняў ФОТЫ

Легенды Падароска: што адбываецца ў маёнтку, які выкупіў бізнэсовец пад Музей беларускай шляхты ШМАТ ФОТА

Як адкрывалі першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцюшку ФОТЫ

«Перадумалі, калі падлічылі». Што кажуць мясцовыя ўлады пра абвал бернардзінскага кляштара на Ушаччыне

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
48
Панылы сорам
6
Ха-ха
10
Ого
7
Сумна
15
Абуральна
19
3
гоблен/адказаць/
11.02.2024
Ружовыя акуляры, простите! Но гоблен не видет противоречия! Ведь кто-то должен жешь вами руководить? А у чувака опыт в распиле бабла из ЕС имеецо! Кто на что училсо: кто на унитазный йоршег, кто на роспил. :) так было, так есть и так будет! "Всякую революцию задумывают романтики, осуществляют фанатики, а пользуются ее плодами отпетые негодяи". Старо, как мир! Смиритесь :)
2
Віталь /адказаць/
11.02.2024
Адмовіўся ехаць на мітынг! Героя яму! І пажыццёвую пенсію ад Офіса. А хто ўзгадвае тыя сотні тысяч звычайных актывістаў апазіцыі, што цягнулі на сабе ўсю працу Адраджэння?
1
Бывший чиновник из Бреста/адказаць/
11.02.2024
Белпол Байполавіч, не пошёл бы ты вон, завистник? Крутит тебя от злости? Ну так закрутит. Сиди, как говорится, и не жужжи.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера