Знайсці
05.03.2024 / 07:005РусŁacБел

Мальцаў, Жадобін, Раўкоў. Як склаўся лёс міністраў абароны Беларусі

Пасля адстаўкі міністры абароны станавіліся дыпламатамі, працавалі ва ўніверсітэце і нават пераходзілі ў апазіцыю.

Пётр Чавус

11 снежня 1991 года Вярхоўны Савет абраў Чавуса міністрам па справах абароны Беларусі, а пазней старшыня ўраду Вячаслаў Кебіч прызначыў яго выканаўцам абавязкаў міністра абароны.

Пасаду ён займаў са студзеня па красавік 1992 года.

Пётр Чавус (справа) і дзейны міністр абароны Віктар Хрэнін. Фота: gp.by

Стварэнне абароннага ведамства было прыспешана пасля таго, як Анатоль Кастэнка, камандуючы Беларускай вайсковай акругай, падпарадкаванай Маскве, выдаў загад аб накіраванні з Віцебска 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі ў Прыднястроўе, дзе пачалася першая па распадзе Савецкага Саюза вайна.

Чавус загад назваў неправамоцным і заклікаў Вярхоўны Савет яго не выконваць. У выніку дывізія засталася ў Беларусі.

Чавус быў прыхільнікам ідэі пакінуць ядзерную зброю ў Беларусі да 2000 года.

Такую магчымасць дапускала дамова з ЗША. Вайсковец меркаваў, што такая зброя гарантавала спакой і павялічвала аўтарытэт краіны.

Але на сустрэчы ў Мінску з дзяржсакратаром ЗША Джэймсам Бэйкерам Чавус заявіў, што Беларусь будзе бяз'ядзернай нейтральнай дзяржавай.

Рашэнне вывесці ядзерную зброю з Беларусі было прынята ў 1992 годзе.

Чавус заклікаў беларускіх вайскоўцаў з былых савецкіх рэспублік вяртацца на радзіму.

У 1992-м вывез з Сярэдняй Азіі 180 беларусаў, якія адмовіліся там служыць. На сустрэчы ў Маскве з беларускімі генераламі і афіцэрамі, якія там вучыліся ці служылі, на іх пытанне, як далей служыць і дзе, адказаў:

«Я беларус і вы беларусы, будзем служыць сваёй радзіме».

З мая 1992 года Чавус быў намеснікам міністра абароны — начальнікам Мінскага гарнізона. З 1994 па 1995 год працаваў дарадцам ва ўрадзе. Затым пайшоў на пенсію генерал-палкоўнікам.

Цяпер Пятру Чавусу 85 гадоў.

Павел Казлоўскі

Кіраваў Міністэрствам абароны з 1992 па 1994 гады.

Пры Казлоўскім беларускае войска стваралася на падмурку, які застаўся ў спадчыну ад савецкага часу. Адбылося скарачэнне вайсковых структур (з 250 тысяч да 100 тысяч) і раззбраенне арміі.

Павел Казлоўскі. Фота: belapan.com

Пры ім Беларусь стала бяз'ядзернай дзяржавай.

Казлоўскі адстойваў прынцып, што ў арміі павінны служыць прафесіяналы незалежна ад нацыянальнасці. Казаў, што за гэта «БНФ лічыў яго пятай калонай Расіі».

Казлоўскі звальняў са службы афіцэраў, які далучыліся да Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Яно 8 верасня 1992 года арганізавала прыняцце прысягі на плошчы Незалежнасці. Сярод удзельнікаў былі ветэраны вайны Васіль Быкаў, Артур Вольскі, Анатоль Грыцкевіч.

У абаронным ведамстве прысягу вайскоўцаў назвалі «дэстабілізуючым фактарам».

Казлоўскі заяўляў, што ў арміі «асобнымі радыкальна настроенымі палітыкамі апазіцыі, БЗВ» нагнятаецца нацыяналізм. Вярхоўны Савет у той час адкладаў выданне загаду аб прыняцці вайскоўцамі прысягі. Акцыя БЗВ мелася прыспешыць прыняцце такога прававога акту.

Павел Казлоўскі пайшоў у адстаўку разам з урадам пасля перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.

Праз два месяцы яго панізілі ў званні да генерал-лейтэнанта за нібыта злоўжыванне службовым становішчам.

Казлоўскі ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Падтрымліваў кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Ганчарыка, які быў вылучэнцам кааліцыі апазіцыйных партый. У 2010-ым быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Тады выбары скончыліся гвалтоўным разгонам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці.

Казлоўскі на заяву Лукашэнкі, што гатовы ў 2010 годзе быў выкарыстаць армію супраць пратэстоўцаў, адрэагаваў, што войска мае выконваць задачы супраць знешніх пагрозаў.

Паводле яго слоў, за час кіравання Лукашэнкі сілавыя структуры ачысцілі ад людзей са сваім меркаваннем і здольных яго бараніць, а на іх месцы прыйшлі беспрынцыповыя службоўцы, «гатовыя і ў маці родную стрэльнуць».

У 2014 годзе Казлоўскі падтрымаў уварванне Расіі ва Украіну.

Лічыў, што расійскае войска бароніць «грамадзян ад страшнага гвалту фашыстаў».

У 2020 годзе асудзіў правядзенне параду на Дзень Перамогі падчас пандэміі каранавірусу.

Цяпер Паўлу Казлоўскаму 82 гады.

Анатоль Кастэнка

Міністрам абароны быў з 28 ліпеня 1994 па 6 чэрвеня 1995 года.

Генерал Кастэнка па-салдацку выконваў загады, за якія яму потым даводзілася апраўдвацца.

Анатоль Кастэнка. Фота: скрын відэа voentv.mil.by

У 1991 годзе, падчас жнівеньскага путчу, ён даводзіў падначаленым, што надзвычайнае становішча ў Савецкім Саюзе ўведзена дзеля пераадолення глыбокага і ўсебаковага крызісу, міжнацыянальнай і грамадзянскай канфрантацыі.

Калі ж путч праваліўся, Кастэнка пераконваў Вярхоўны Савет, што не падтрымліваў путчыстаў, а рабіў усё, каб «войска не стала сляпой зброяй у руках авантурыстаў» і нават прапанаваў стварыць нацыянальную гвардыю.

У 1995-м Лукашэнка загадаў Кастэнку, каб яго падначаленыя «размініравалі» Вярхоўны Савет, дзе апазіцыя пратэставала супраць правядзення моўнага рэферэндуму. 

Міністр пазней апраўдваўся, што яго ведамства не мае дачынення да сілавога выдалення апазіцыйных дэпутатаў з залы пасяджэнняў.

Тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык перакананы, што Кастэнка выгароджваў Лукашэнку, які загадваў учыніць гвалт супраць дэпутатаў.

Неўзабаве пасля рэферэндуму (14 мая 1995 год) Кастэнка быў адпраўлены ў адстаўку.

Па адстаўцы Кастэнка быў ваенным аташэ пасольства краінах Бенілюкс (Бельгія, Нідэрланды, Люксембург), а затым прадстаўніком Беларусі ў НАТА.

Цяпер генерал-палкоўніку Кастэнку 84 гады.

Леанід Мальцаў

Двойчы прызначаўся міністрам абароны.

Першы раз пратрымаўся нядоўга з 10 кастрычніка 1995-га па 1 лістапада 1996-га. Другі раз быў значна даўжэйшым: з 2001 па 2009 гады.

Леанід Мальцаў. Фота: gomel.mchs.gov.by

Зняты з пасады Мальцаў быў са скандалам. Лукашэнка звінаваціў яго «ва ўчынку, які дыскрэдытуе воінскае званне афіцэра». На юбілеі Мінскага медыцынскага інстытута генерал нібы выступіў, як падалося Лукашэнку, на падпітку. На наступны дзень генерал быў адпраўлены ў адстаўку.

Мальцаў не трапіў у апалу. У 1997-м яго прызначылі першым намеснікам начальніка Штаба па каардынацыі вайсковага супрацоўніцтва СНД. Пабыў ён і намеснікам дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі. Затым зноў стаў міністрам абароны.

Мальцаў заяўляў, што Беларусь у сферы абароны — духоўны пераемнік СССР. Настойваў, што вайскоўцы не павінны лезці ў палітыку.

Запэўніваў, што праблем з беларускай мовай у войску не было і не будзе.

Прысягу вайскоўцы могуць прымаць на любой з дзяржаўных моваў, а калі захочуць, то і загады будуць атрымліваць па-беларуску. Рэальнасць жа абвяргала словы генерала.

Акурат у час узначалення Мальцавым міністэрства ў войска пачалі прызываць актывістаў апазіцыйных моладзевых арганізацыяў.

Сярод першых быў маладафронтавец Зміцер Жалезнічэнка і Франак Вячорка з «Моладзі БНФ».

Мальцава звольнілі з міністэрскай пасады па выслузе гадоў. У далейшым экс-міністр абароны быў сакратаром Рады бяспекі і старшынёй Памежнага камітэта. У 2012-м выконваў абавязкі кіраўніка КДБ.

У 2017 года Мальцаў стаў прарэктарам па інавацыйнай і навуковай працы ўніверсітэта МІТСО. З 2019 года — дыректар інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Цяпер генерал-палкоўніку Мальцаву 74 гады.

Аляксандр Чумакоў

Быў міністрам абароны з 1996 па 2001.

Чумакоў з 1991 па 1995 быў кіраўніком групы савецкіх спецыялістаў у Паўночнай Карэі, а затым быў у складзе воінскага кантынгенту «міратворчых сіл Расійскай Федэрацыі» ў Прыднястроўі. Міратворчая місія расіян прывяла да з’яўлення сепаратысцкай квазідзяржавы на тэрыторыі Малдовы.

Аляксандр Чумакоў. Фота: sb.by

У 1995-ым Чумакоў ужо быў начальнікам штаба беларускага войска, а праз год заняў міністэрскую пасаду.

Чумакоў быў звольнены ў запас «у сувязі з дасягненнем гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе». У адстаўку яго адправілі за тры месяцы да абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў 2001 года.

На іх апазіцыя вылучыла адзінага кандыдата — прафсаюзнага функцыянера Уладзіміра Ганчарыка.

У 2004 годзе Чумакоў спрабаваў прабіцца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але марна.

Двое сябраў яго ініцыятыўнай групы, кадравыя афіцэры, паскардзіліся ў акруговую камісію, што пад прымусам збіралі подпісы за экс-міністра абароны. Рэгістрацыя яго ініцыятыўнай групы была скасаваная, аднак ЦВК яе аднавіў. Генерал дэпутатам не стаў. Яго не зарэгістравалі нават кандыдатам, бо былі выяўленыя несапраўдныя подпісы.

Цяпер генерал-палкоўнік Чумакоў на пенсіі. Яму 82 гады.

Юрый Жадобін

Узначальваў абароннае ведамства з 2009 па 2014 гады.

У 2003 годзе Жадобін быў кіраўніком службы аховы Лукашэнкі. Год узначальваў КДБ. Быў кіраўніком Рады бяспекі. Пасля крытыкі Лукашэнкі — што службоўца, маўляў, не справіўся з працай у Радзе бяспекі, — быў прызначаны міністрам абароны.

Юрый Жадобін. Фота: mil.by

Жадобін заяўляў у 2010 годзе, што ўмацаванне супрацоўніцтва з Расіяй і ўзаемная інтэграцыя ў ваеннай сферы — галоўныя прыярытэты ў сістэме забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

Але змякчаў рыторыку тым, што дзяржавы сусветнай супольнасці, міжнародныя арганізацыі разглядаюцца патэнцыйнымі партнёрамі для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

У 2013 годзе Жадобін, а таксама начальнік Генштаба Пётр Ціханоўскі былі папярэджаныя аб няпоўнай службовай адпаведнасці за тое, што праваронілі «плюшавы дэсант».

У 2014 годзе, калі Расія акупавала Крым і пачала вайну на Данбасе, Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў закон «Аб ваенным становішчы».

Жадобін прызнаў, што падзеі ва Украіне прыспешылі прыняцце закона, які скіраваны на абарону суверэнітэту дзяржавы, тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу.

Меней чым праз пяць месяцаў выхадзец з Украіны Жадобін быў адпраўлены ў адстаўку. Фармальнай прычынай называлася звальненне па ўзросце.

Генерал-лейтэнант Жадобін цяпер на пенсіі. Жыве ў Мінску. Яму 69 гадоў.

Андрэй Раўкоў

Быў міністрам абароны з 2014 па 2020 гады.

Раўкоў — этнічны беларус. Скончыў з залатым медалём Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Быў камандзірам 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады — гэта элітная частка дэсантнікаў.

Андрэй Раўкоў. Фота: belkadet.by

Пры Раўкове ў войску актыўна мадэрнізавалася тэхніка.

Пра яго кампліментарна выказваўся амерыканскі генерал Бэн Ходжэз, які быў у складзе групы экспертаў у справе бяспекі. Вайсковец адзначаў прафесіяналізм і талент беларускага міністра.

«Я меў гонар сустрэцца з міністрам абароны: ён вельмі добра служыць Беларусі», — казаў амерыканец.

У 2018 годзе Раўкоў заяўляў, што цягам наступных двух гадоў трэба стварыць армію, гатовую супрацьстаяць «гібрыдным» пагрозам. 

Раўкоў сустрэўся з маці салдата Аляксандра Коржыча, які загінуў у войску. Траіх саслужыўцаў прызналі вінаватымі ў давядзенні яго да самагубства. Міністэрства паставіла помнік на магіле вайскоўца.

У 2019 годзе Міністэрству абароны давялося апраўдвацца за смерць жанчыны і раненне яшчэ некалькіх чалавек падчас салюту.

Раўкоў абяцаў тым, хто прайшоў тэрміновую вайсковую службу або службу ў рэзерве, льготы і прэферэнцыі. Сярод іх прыярытэт пры паступленні ў ВНУ пры роўнасці балаў, пры атрыманні жылля ў інтэрнаце, пры размеркаванні.

Выступаў за змену сістэмы прызыву на тэрміновую службу, матывуючы гэта недахопам прызыўнікоў.

Пагражаў часовымі абмежаваннямі на выезд з краіны тым, хто не зʼявіцца па позве ў ваенкамат або не паведаміць аб змене месца жыхарства ці свайго знаходжання.

20 студзеня 2020 года Раўкова прызначылі сакратаром Рады бяспекі. На новай пасадзе ён запомніўся затрыманымі перад выбарамі «вагнераўцамі».

19 лістапада 2020 года Раўкова Лукашэнка прызначыў паслом Беларусі ў Азербайджане.

Віктар Хрэнін

Дзейны міністр абароны. Прызначаны ў 2020 годзе.

Віктар Хрэнін. Фота: Міністэрства абароны

Ставіў знак роўнасці між бел-чырвона-белым сцягам і паняццем «фашызм».

Звяртаўся да падначаленых з патрабаваннем выконваць загады галоўнакамандуючага, нават калі той будзе патрабаваць страляць у людзей.

За два дні да ўварвання Расіі ва Украіну (24 лютага 2022 года) Хрэнін даваў сакратару ўкраінскай Рады нацбяспекі Аляксею Данілаву слова афіцэра і генерала, што нападу з Беларусі не будзе, а пасля заклікаў Украіну да капітуляцыі.

Хрэнін тлумачыў падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі «прэвентыўнай рэакцыяй на ваенную пагрозу супраць Беларусі».

Роля Хрэніна — цынічна заяўляць аб тым, што Захад пагражае бяспецы Беларусі. Палохаць, што з Украіны гатовыя ўварвацца баевікі.

Былы спецназавец Аляксандр Сахашчык лічыць, што «больш вартага жалю міністра абароны ў Беларусі яшчэ не было» і называў яго бесхрыбетным.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Як склаліся лёсы былых кіраўнікоў КДБ

Як Лукашэнка «тых, хто правініўся», перасаджвае з пасады на пасаду

Гіганцкі апарат: ад КДБ да Службы аховы прэзідэнта 

Як склаўся лёс кіраўнікоў службы бяспекі Лукашэнкі 

Хто ў акружэнні Лукашэнкі выступаў за ўступленне ў вайну, а хто быў супраць

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
12
0
Кастэнка прарваўся на шпагаце/адказаць/
05.03.2024
Тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык перакананы, што Кастэнка выгароджваў Лукашэнку, які загадваў учыніць гвалт супраць дэпутатаў. Неўзабаве пасля рэферэндуму (14 мая 1995 год) Кастэнка быў адпраўлены ў адстаўку.// Гнуўся, гнуўся, прагібаўся, але не дапамагло захаваць пасаду - звольнілі.
0
"Дзякуй" Мальцаву за інтэграцыю з РФ/адказаць/
05.03.2024
Мальцаў не трапіў у апалу. У 1997-м яго прызначылі першым намеснікам начальніка Штаба па каардынацыі вайсковага супрацоўніцтва СНД. Мальцаў заяўляў, што Беларусь у сферы абароны — духоўны пераемнік СССР.// Такія інтэгратары з Расеяй, як Мальцаў, у выніку і давялі Беларусь да сённяшняга стану: да вайны з нашай тэрыторыі.
0
Інтэгратар Жадобін /адказаць/
05.03.2024
Юрий Жадобин родился 14 ноября 1954 года в украинском Днепропетровске. В 1976 году закончил Казанское высшее танковое командное училище, в 1985 году — командный факультет Военной академии бронетанковых войск (Москва). // Што там кажуць пра гэтага інтэгратара яго суседзі з Дняпра, якія зараз пад абстрэламі?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930